Вы тут

Пяць кінапрэм'ер студзеня


Пачатак года — гэта не толькі гастранамічная паўза пасля навагодніх і калядных застолляў. Традыцыйна гэта яшчэ і шэраг прэм'ер, інтарэс да якіх майстры сучаснай кінаіндустрыі падагрэлі загадзя, а вось наколькі ён спраўдзіўся? «Звязда» прыгледзелася да рэпертуару айчынных кінатэатраў у студзені 2019-га.


«Мэры Попінс вяртаецца»

Сямейны мюзікл з бюджэтам у 130 мільёнаў долараў ідзе ў беларускім пракаце з 3 студзеня і аншлагаў, шчыра кажучы, не збірае. Хоць, здавалася б, усе складнікі на месцы: настальгія (адсылка да галівудскай экранізацыі 1964 года — ролю камінара там і банкіра тут выконвае адзін і той жа акцёр Дзік Ван Дэйк), чараўніцтва (заплывы ў ванне-акіяне, падарожжа ўнутр фарфоравай вазы, палёты на парасоне і шарыках і г. д.), шмат добрай музыкі (хоць, вядома, англійскі гумар губляецца ў рускім дубляжы), абаяльнае трыа дзяцей-акцёраў і міс «Сама дасканаласць», якую ўвасобіла Эмілі Блант. Але разам з тым сюжэт, які не з'яўляецца часткай кнігі Памелы Трэверс, намаляваны празмерна ўмоўнымі штрыхамі, наіўнае дыснееўскае чараўніцтва пасуе для вельмі вузкіх узроставых рамак — наўрад ці фільм будзе цікавы вашым дзецям, калі яны ўжо не вераць у фей і Дзеда Мароза, а ад дарослых акцёраў застаецца пачуццё недаказанасці: увесь час чакаеш, што вось яны выдадуць што-небудзь такое, мудрае і важнае, але не, вусны падціскаюцца, сюжэт рушыць далей. І кінаторт атрымліваецца як быццам смачны, але ці то сіропу зашмат, ці то начыння малавата.


«1+1: галівудская гісторыя»

Пераказ арыгінальнай сацыяльнай камедыі пра тое, што паміж бедным і здаровым ды багатым і хворым магчыма цудоўнае сяброўства, якое перакуліць з ног на галаву жыццё абодвух, — далёка не першы па ліку. Відаць, таму ў рэйтынгу кінакрытыкаў фільм ацэньваецца як «сярэдзіна на палову», крыху больш як на 55 са 100 %. У беларускі ж пракат стужка трапіла 10 студзеня.

Што адметнага ў галівудскім варыянце? Удзел сцэнарыста Аліўе Накаша, які ўласна пісаў сцэнарый і здымаў самую касавую ў гісторыі французскую камедыю «1+1» 2011 года, а таксама яе лакальную копію — аргентынскі рэмейк 2016-га, і рэжысёрская работа Ніла Бергера, якога раней крытыкі шмат хвалілі і ўпікалі за «Ілюзіяніста» і «Дывергента». У астатнім усё тое ж самае: прыкаваны да інваліднага вазка інтэлігенты мільянер (Браян Крэнстан) шукае памочніка, якім па іроніі лёсу становіцца самы непрыстасаваны з усіх кандыдатаў, беспрацоўны і нядаўна вызвалены з турмы маргінал (адзін з самых вядомых сучасных комікаў Кевін Харт)... Словам, калі вы не глядзелі першай работы, фільм хутчэй спадабаецца, калі ж глядзелі — міжволі пачняце вышукваць у рэмейку недахопы і кіналяпы.


«Снежная каралева: Залюстроўе»

Выключна навагодняе мультыплікацыйнае 3D-фэнтэзі, здаецца, знятае спецыяльна для школьных канікул — хоць у пракаце будзе знаходзіцца да 23 студзеня.

Гэта, на хвілінку, ажно чацвёртая частка анімацыйнага цыкла пра Снежную Каралеву, знятага пры ўдзеле знакамітай студыі «Саюзмультфільм», але, як многія іншыя фільмы, яе можна глядзець з любога моманту — на разуменне і ўспрыманне чарговасць ніколькі не ўплывае. Хто ў кадры на гэты раз? Магутны кароль Харальд, які ледзьве не страціў сям'ю з-за Снежнай Каралевы і ў адказ знайшоў спосаб раз і назаўжды ачысціць свет ад чараўніцтва. Усіх, у кім ёсць хоць кропля магічных здольнасцяў, кароль ізалюе ў Залюстроўі. Але ёсць і тыя, хто не згодны, каб казка назаўжды знікла з жыцця, — і Герда, чыя сіла зусім не ў магіі, але ў веры ў сяброўства і дабрыню, спрабуе спыніць антычараўніцкі крыжовы паход. Галоўны плюс гэтай гісторыі — яна падыходзіць для гледачоў любога ўзросту і ненавязліва спалучае казачныя прыгоды і павучальныя ідэі: напрыклад, аб тым, што дзеля поспеху можна аб'яднацца з былым ворагам. Праўда, ад класічнага андэрсэнаўскага сюжэта тут засталося няшмат і акцэнты дабра і зла размыліся, дый запазычаныя персанажы, ад трансформераў да чырвонага цмока, пазбаўляюць сюжэт рэшткаў логікі, але затое дадаюць відовішчнасць.

«Паліцэйскі з Рублёўкі. Навагодняе бязладдзе»

Насамрэч гэта расійская камедыя — працяг аднайменнага папулярнага тэлесерыяла — выйшла ў пракат яшчэ 20 снежня, але ўсё ж вартая ўключэння ў спіс заўважных кінапрэм'ер. І не толькі таму, што ў ёй іграе ўжо раскручаная беларуска Аляксандра Борціч, але яшчэ і з той прычыны, што ў Мінску і ў Маскве чацвёрты тыдзень запар уваходзіць у тройку самых касавых фільмаў.

І што ў ім такога, спытаеце вы. Вось сюжэт: напярэдадні Новага года аддзяленне паліцыі «Барвіха Паўночная» аказваецца пад пагрозай закрыцця. «Паліцэйскі з Рублёўкі» Грыша Ізмайлаў, ратуючы родны аддзел, разам з аператыўнікамі ладзіць абрабаванне банка, якое калегі мусяць хутка раскрыць і захаваць працу, але штосьці ідзе не так. Дакладней, усё. У выніку — мноства прыгод, клаўнады, кемлівасці і глупства, драйву, што стварае даволі моцную, насамрэч смешную камедыю, якая затрымаецца ў айчынным пракаце да 16 студзеня.


«Шлях дадому»

90 хвілін сямейнай меладрамы, увесь сюжэт якой пераказаны ўласна ў рэкламным слогане «Яе вядзе не павадок, а любоў». Як няцяжка здагадацца, гаворка пра сабаку па мянушцы Бела, чые прыгоды расказалі гледачам дзеячы кіно, якія, даруйце за каламбур, сабаку з'елі на здымках фільмаў пра жывёл: рэжысёр Чарльз Марцін Сміт («Гісторыя дэльфіна») і дуэт сцэнарыстаў Кэтрын Мішон і В. Брус Кэмеран, якія ў 2017-м прадставілі кранальную сямейную камедыю «Сабачае жыццё». Вось і гэтым разам сабака, які пагнаўся за вавёркай і заблукаў у лесе, пераадольвае шлях даўжынёй больш як у 400 міль, каб напрыканцы ўз'яднацца з любімым гаспадаром. І хоць, безумоўна, гэта не «Хаціка», але людзям, для якіх хатнія ўлюбёнцы — не толькі сябры, але паўнапраўныя члены сям'і, прыгоды Белы, пэўна, спадабаюцца.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».