Вы тут

Уладзімір Вашчанка: Без кантролю абысціся нельга


19 студзеня спаўняецца 20 гадоў органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Напярэдадні Дня ратавальніка міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка акрэсліў асноўныя праблемы, якія былі ўзняты ведамствам летась.


Фота: БЕЛТА

— Пасля таго як у гандлёвым цэнтры «Зімняя вішня», размешчаным у Кемераве, адбылася страшная трагедыя, мы пачалі па даручэнні Прэзідэнта правяраць аб'екты, дзе масава знаходзяцца людзі, — адзначыў міністр. — Нагадаю, што ў 2017 годзе на праверкі падобнага кшталту быў уведзены мараторый, якога дабіваліся шматлікія прадстаўнікі малога бізнесу. І што мы ўбачылі? Далёка не ўсе кіраўнікі добрасумленна паставіліся да таго, каб выконваць заканадаўства, скіраванае на бяспеку персаналу і ўсяго таго, што зроблена рукамі чалавека. Часцей за ўсё нашы праверкі заканчваюцца рэкамендацыямі па ліквідацыі недахопаў. Калі ж нас не разумеюць, то даводзіцца ўжываць ужо больш жорсткія захады. Сярод іх — і пастановы аб часовым спыненні эксплуатацыі памяшканняў. Так, адказных кіраўнікоў — пераважная большасць. Але без кантролю абысціся нельга.

За 2018 год колькасць пажараў у арганізацыях і на прадпрыемствах, на жаль, павялічылася. Напрыклад, у Гомельскай вобласці іх стала больш на 25 %. А на Віцебшчыне і ўвогуле адбыўся рост у 2,2 раза. А вось у Мінску лічба, наадварот, знізілася.

— Хачу асобна спыніцца на эксплуатацыі інтэрнатаў, — акцэнтаваў увагу Уладзімір Вашчанка. — Самы рэзанансны выпадак пажару ў такіх дамах адбыўся ў пачатку мінулага кастрычніка, калі ў Магілёве загінулі гаспадыня пакоя і мужчына. Гэты выпадак мы разбіралі вельмі дэтальна. Шэрагу інтэрнатаў на Міншчыне і Магілёўшчыне былі вынесены пастановы аб забароне эксплуатацыі. Прычым мушу зазначыць: калі мы ўваходзім у становішча, то работа праводзіцца вялая, неактыўная. Варта толькі прыняць жорсткія захады — і тут жа з'яўляюцца сродкі на ўсе неабходныя работы. І як гэта назваць?

Мінулае лета выдалася даволі засушлівым і спякотным. Гэта даволі істотна ўскладніла пажарную абстаноўку ў лясах.

— У гэтым кірунку мы цесна кантактуем з Міністэрствам лясной гаспадаркі, — адзначыў Уладзімір Вашчанка. — Гэта дазваляе змяняць да лепшага састарэлыя алгарытмы дзеянняў. Вось глядзіце. Раней было як: авіяцыя знаходзілася ў складзе Мінлясгаса. Калі яны выяўлялі пажар, то спачатку перадавалі інфармацыю ў свае падраздзяленні, а нас на дапамогу клікалі, калі ўжо не спраўляліся. Гэта адымала час. Зараз жа авіяцыя МНС самастойна займаецца маніторынгам. І калі мы знаходзім ачаг узгарання, то зараз жа высылаем на яго ліквідацыю свае падраздзяленні, а паралельна перадаём усе звесткі ў Мінлясгас. Свае вынікі мае і сістэма ранняга рэагавання — прадстаўнікі лясной гаспадаркі актыўна ставяць камеры відэаназірання, фотапасткі, аднаўляюць назіральныя вышкі і аператыўна расчышчаюць лясы.

Свой вопыт беларускія ратавальнікі гатовы экспартаваць за мяжу.

— Турцыя і Грэцыя ўжо зацікаўлены ў тым, каб нашы лётчыкі дапамагалі змагацца з ляснымі пажарамі. Вядуцца актыўныя перагаворы. Але дапамагаць іншым краінам будзем, не зніжаючы пры гэтым стан боегатоўнасці ў сябе дома.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.