Вы тут

Для акунання на Вадохрышча падрыхтавана 90 месцаў


Чакаецца, што сёлета каля 160 тысяч беларусаў акунецца ў ваду на праваслаўнае свята Вадохрышча. У сталіцы і Мінскім раёне гэта можна зрабіць у васьмі спецыяльна абсталяваных месцах — на выратавальных станцыях на вадасховішчах Крыніца, Мінскае мора (станцыі Заслаўе-1 і Заслаўе-2), Вяча, Пціч, Дразды, Камсамольскае возера, Цнянскае. Як і летась, сёлета з 19 да 20 студзеня пройдзе чэмпіянат па спартыўным зімовым плаванні, паназіраць за ўдзельнікамі якога можна з 11 да 17 гадзін.


Купанне без стрэсу

Па ўсёй краіне падрыхтавана 90 бяспечных для акунання месцаў — на 54 выратавальных станцыях і 36 выратавальных пастах. Там будуць дзяжурыць ратавальнікі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах (па краіне 18 і 19 студзеня іх будзе задзейнічана больш за 400), медыкі і супрацоўнікі міліцыі. Там жа будуць абсталяваны і цёплыя памяшканні, дзе можна пераапрануцца і сагрэцца.

— Ужо ўвечары 18 студзеня звычайна прыходзяць першыя ахвотныя акунуцца. Выратавальнікі кантралююць уваход і выхад з вады, які адбываецца па чарзе. Калі чалавек пачне страчваць прытомнасць, мы акажам дапамогу. У сярэднім у ваду чалавек заходзіць на 15—20 секундаў, — расказаў старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Анвар Ігамбердыеў.

Правілы падрыхтоўкі

Дзякуючы мерам бяспекі, якія прымаюцца, у апошнія пяць гадоў не было выпадкаў гібелі ці сур'ёзных траўмаў. Тым не менш медыкі папярэджваюць, што нават у абсалютна здаровага чалавека з-за спазмы каранарных артэрый сэрца можа адбыцца яго спыненне. Таму для акунання ў ледзяную ваду арганізм важна падрыхтаваць.

— Папярэдняя падрыхтоўка — гэта загартоўванне, абліванне халоднай вадой. За некалькі тыдняў да акунання важна адмовіцца ад алкаголю. Ён дрэнна ўплывае на сасуды, якія найперш пакутуюць пры знаходжанні ў халоднай вадзе, — кажа галоўны пазаштатны камбусціёлаг Міністэрства аховы здароўя Аляксей Часнойць. — За некалькі гадзін да працэдуры варта добра паесці. Перад акунаннем важна размяцца, выканаць некалькі фізічных практыкаванняў. Апускацца ў ваду варта па шыю, бо пры акунанні з галавой можа адбыцца спазма сасудаў галаўнога мозга. Выходзіць з вады трэба акуратна, каб не паслізнуцца і не атрымаць траўму. Пасля хуценька выцерціся сухім ручніком, цёпла апрануцца і папіць гарачай гарбаты.

Ні ў якім разе перад акунаннем нельга ўжываць алкаголь. Ён стварае ілюзію ўяўнага цяпла, прычым на непрацяглы час, а затым адчуванне холаду толькі ўзмацняецца.

Акунанне ў палонку — працэдура для здаровых людзей. Яна не падыходзіць для тых, хто мае цяжкія хранічныя хваробы, асабліва ў стадыі абвастрэння. Не варта прымушаць рабіць яе родных і блізкіх, асабліва дзяцей і пажылых людзей: яны больш схільныя да пераахалоджвання. І памятайце, што акунацца лепш у падрыхтаваных для гэтага месцах, дзе ёсць ратавальнікі і медыкі. Ці хоць бы ў кампаніі, дзе ёсць магчымасць аказаць вам першую дапамогу.

Даведка

Гэтай зімой у Беларусі патанула 18 чалавек (падчас рыбалкі, хаджэння па лёдзе і інш.). Ратавальнікі папярэджваюць, што ў многіх месцах лёд нетрывалы. Калі на большасці вадасховішчаў Віцебскай вобласці ён складае 7 см і больш, што з'яўляецца бяспечным для выхаду, то ў астатніх рэгіёнах ён ненадзейны. У прыватнасці, у Брэсце на рацэ Мухавец, у Гомельскай вобласці на Дняпры і Прыпяці, на Камсамольскім возеры ў сталіцы лёд з прамыінамі, што вельмі небяспечна.

Алена КРАВЕЦ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА      

Загаловак у газеце: Палонка — не забава

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.