Вы тут

Як зламыснікі абкрадаюць пенсіянераў


Як паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, шэраг падобных злачынстваў адбыўся ў студзені ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.


Так, увечары 14 студзеня ў Глускі РАУС звярнулася жанчына с заявай аб знікненні 17 600 долараў, якія яна збірала на жыллё дзецям. Высветлілася, што ў вёску, дзе жыве пацярпелая, прыехалі тры жанчыны. Яны хадзілі па хатах, прыдумаўшы розныя зручныя прычыны, каб у іх трапіць. Наведалі чатыры дамы, у трох з якіх нічога не прапала. Але ў апошнім выпадку заяўніца прыгадала, што адна госця засталася на вуліцы, другая адцягвала яе ўвагу размовамі, а трэцяя хадзіла па хаце. Затым на просьбу прынесці вады гаспадыня адлучылася, а пасля яе вяртання жанчыны рэзка страцілі цікавасць да размовы і сышлі.

Паколькі прапажу пацярпелая выявіла толькі вечарам, арганізаваць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па гарачых слядах не ўдалося. Распачатая крымінальная справа па ч. 4 арт. 205 (крадзеж) КК РБ. Характэрныя рысы падазраваных, пра якія расказалі жыхары вёскі: адна з іх была славянскай знешнасці, у двух іншых смуглявая скура, чорныя вочы і валасы.

У Гомелі 10 студзеня дзве жанчыны пад выглядам медработнікаў праніклі ў кватэру да 80-гадовай пары. Расказалі пенсіянерам гісторыю аб бясплатных медыцынскіх працэдурах. Пакуль адна госця адцягвала мужчыну размовамі, другая рабіла масаж яго невідушчай жонцы ў іншым пакоі. З якога і прапалі 1450 долараў.

У канцы мінулага года ў сталіцы і Мінскім раёне было зарэгістравана пяць заяў аб пранікненні ў жыллё пажылых грамадзян нібыта работнікаў «Мінгаза». Пасля іх візітаў зберажэнні ў людзей знікалі.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі, што да злачынстваў датычныя грамадзяне Расійскай Федэрацыі 1992 і 1984 гадоў нараджэння, якія перыядычна наведваліся ў Беларусь з Разанскай вобласці. 8 снежня фігуранты былі злоўленыя з доказамі злачынства пасля крадзяжу ў Калодзішчах. Устаноўлена іх дачыненне да здзяйснення сямі аналагічных злачынстваў у сталіцы, Мінскім раёне і Віцебску, фігуранты арыштаваны і ўтрымліваюцца ў СІЗА.

Па ўсёй краіне ў невялікіх гарадах і вёсках перыядычна з'яўляюцца прадаўцы розных тавараў, якія прапануюць пажылым людзям набыць «толькі цяпер, толькі для вас з велізарнай зніжкай» коўдры, посуд, бытавую тэхніку, электраінструмент, касметыку, «цуда-мазі ад усіх хвароб». Яны прадаюць свой тавар, набыты за капейкі на аптовых рынках, пад выглядам дарагога. Пенсіянеры пападаюцца на кручок аферыстаў і аддаюць апошнія грошы за шырспажыў. Нярэдка продаж тавару з'яўляецца толькі падставай трапіць у дом і высветліць, дзе захоўваюцца грошы.

У жыллё да пенсіянераў пранікаюць пад выглядам сацработнікаў, медработнікаў, газаўшчыкоў, прадаўцоў, выпадковых людзей, якія просяць піць, есці і г. д. Складанасць раскрыцця такой катэгорыі злачынстваў у тым, што злачынцы выбіраюць у ахвяры пажылых, хворых, інвалідаў, адзінокіх, якія вельмі даверлівыя, спагадныя — але з прычыны ўзросту не могуць толкам запомніць і апісаць падазраваных.

Міністэрства ўнутраных спраў рэкамендуе грамадзянам выконваць некаторыя правілы бяспекі ў адносінах да незнаёмцаў.

  • Перш чым упусціць у жыллё чалавека, які прадстаўляецца работнікам дзяржарганізацыі, неабходна праверыць па тэлефоне інфармацыю аб накіраванні супрацоўніка.
  • Трэба звяртаць увагу на падазроныя аўтамабілі і людзей, якія пераходзяць ад дома да дома.
  • Калі вы заўважылі каля двара адзінокага суседа прыпаркаваны аўтамабіль, які вы ніколі раней не бачылі, варта спытаць, ці ўсё ў парадку, ці не патрабуецца дапамога.

Сяргей КУЛАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?