Вы тут

Пра станковы жывапіс у сучасным мастацтве Беларусі


Станковы жывапіс даволі доўгі час меў асаблівае значэнне і займаў значнае месца ў выяўленчым мастацтве. Сама канцэпцыя гэтага віду мастацтва прадугледжвае адмову ад прывязкі да асяродка і поўную аўтаномнасць. Тым не менш гэта канцэпцыя мела заўсёды па большай частцы ўтылітарную функцыю. Выява розных сюжэтаў на плоскасці служыла ўпрыгожваннем інтэр’ера, паказчыкам статусу, інфармацыйным рэсурсам, атракцыёнам і г. д.


Ліквідацыя старых традыцый у мастацтве стала адным з маркераў сучаснасці. Узнікненне новых філасофскіх канцэпцый і развіццё тэхналогій цягне за сабой развіццё новых відаў мастацтва. І варта адзначыць, што з ходам часу абставіны паварочваюцца не на карысць станковага жывапісу. Бо татальныя інсталяцыі, відэа-арт і перформансы часта больш эфектныя і выклікаюць большую цікавасць.

Беларускі станковы жывапіс заўсёды стараўся адпавядаць павевам часу. Але большасць сучасных жывапісцаў хаваюцца ва ўласную ракавіну, аддаючы перавагу правераным часам тэмам і жанрам. Найбольш смелыя аўтары працягваюць актыўна карыстацца сродкамі мастацкай выразнасці, характэрнымі для эпохі мадэрнізму. Нейкая, магчыма, падсвядомая закамплексаванасць перад іншымі відамі мастацтва прымушае сучасных жывапісцаў перабольшваць некаторыя з мадэрнісцкіх жывапісных прыёмаў (перанасычаць твор фактурамі, выкарыстоўваць неапраўданую колькасць знакаў і сімвалаў, максімальна скажаць форму і г. д.) або кампенсаваць недахоп ідэйнага зместу вялікім фарматам.

Няхай у некаторых колах і карыстаецца попытам мастацтва падобнага кшталту, але ў цэлым такое пустэльніцтва аўтараў не заўсёды ідзе на карысць сучаснаму станковаму жывапісу. Зварот мастакоў да традыцыйных або так званых адвечных сюжэтаў у апошні час ператварыўся проста ў ветлівы жэст. У такой сітуацыі практычна няма месца шчырым перажыванням і жаданню данесці пэўную ідэю — застаецца толькі гульня з формай. Гэты своеасаблівы сучасны «маньерызм» спараджае нездаровую колькасць псеўдаўзвышаных сюжэтаў і шараговага інтэр’ернага жывапісу.

Сакральнае стаўленне мастакоў да гэтага віду мастацтва, здаецца, не дазваляе яму развівацца. Знарочыстая кансервацыя і, як вынік, перажоўванне адных і тых жа тэм і мастацкіх прыёмаў зніжае статус станковага жывапісу ў полі актуальнага мастацтва Беларусі. Ці сучасныя жывапісцы не жадаюць прызнаваць, што сучаснае мастацтва прадугледжвае розныя творчыя падыходы?

Гэта не заклік да адмовы ад станковага жывапісу. Яго не варта жыўцом хаваць або ні з таго, ні з сяго актыўна адраджаць. Можна проста паспрабаваць выйсці з замкнёнага кола, актуалізаваўшы тэмы і мастацкія прыёмы. Бо інклюзіўнасць гэтага віду мастацтва ў катэгорыю актуальнага можа быць дасягнута толькі пры ўмове прыняцця сучаснымі аўтарамі сучасных мастацкіх і філасофскіх прынцыпаў.

Алена РУСАКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?