Вы тут

80 гадоў жыццёва-творчага суладдзя Васіля Шаранговіча


Некалькі гадоў таму на выстаўцы, дзе экспанаваліся ілюстрацыі да «Новай зямлі» Якуба Коласа, была наладжана сустрэча юных мастакоў з аўтарам Васілём Пятровічам Шаранговічам у Музеі сучаснага беларускага мастацтва. Яго ствараў і першым дырэктарам быў Васіль Шаранговіч. На сустрэчы ў Музеі каля такіх жывых, рэальных беларускіх вобразаў неяк асабліва востра адчулася, што Васіль Шаранговіч, бадай, — адзін з апошніх, хто не проста бачыў, а ўмее карыстацца ўсімі сялянскімі прыладамі працы, якія згадвае ў «Новай зямлі» Якуб Колас. І тыя, хто толькі пачынаў свой шлях у мастацтве, адчуваючы гэта, уважліва слухалі, задавалі пытанні, нават нешта замалёўвалі. А Васіль Пятровіч гаварыў і гаварыў, натхнёна, эмацыянальна, вобразна… Гэта была яшчэ адна «Новая зямля». «Новая зямля» Васіля Шаранговіча.


Кажуць, дзяцей знаходзяць у капусце. Васіль Шаранговіч нарадзіўся у вёсцы Качаны ля Мядзеля, у найпрыгажэйшых паэтычных мясцінах, у сям’і каваля і аратая. Для мяне асабіста шэра-блакітныя вочы мастака — згадка пра тутэйшыя азёры. Не, не пра лагодную празрыстую ваду, а пра трывожныя, са сталёвым адлівам, хвалі, што імкліва набягаюць адна на адну… «Дзеці вайны» — з такім азначэннем увайшло ў гісторыю пакаленне Васіля Шаранговіча.

«Многія эпізоды так рана ўрэзаліся ў памяць, што пасля вайны ўсё гэта мне тады-сяды здавалася сюррэалістычным сном або дзіцячымі фантазіямі...» — прызнаецца мастак у аўтабіяграфічнай аповесці «Ген жыцця».

Так, сапраўды, у творах Васіля Шаранговіча пра вайну нясцерпна, балюча гучыць сюррэалістычная нота…

А чалавек прагне гармоніі, высакароднасці, чысціні. І гэтая музыка перамагае. І ў краявідах, і ў партрэтах, і ў ілюстрацыях да «Новай зямлі» Якуба Коласа, і ў ілюстрацыях да «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Мне здаецца, невыпадковым было вельмі шчырае сяброўства Васіля Шаранговіча з нашым выдатным археолагам Міхасём Чарняўскім. Там, у глыбінях гісторыі, яны шукалі і, здаецца, знайшлі той ген жыцця, што дапамог нашаму народу пераадолець сюррэалістычныя эпізоды гісторыі, не страціць пачуццё гармоніі.

І гэтаму Васіль Пятровіч вучыў сваіх вучняў: і калі выкладаў на кафедры графікі, і калі быў яе загадчыкам, і калі стаў прафесарам, рэктарам цяпер Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сярод тых, хто з гонарам называў і называе яго сваім галоўным у жыцці Настаўнікам, — Мікола Селяшчук, Уладзімір Савіч, Рыгор Сітніца, Міхась Будавей, Вячаслаў Паўлавец і яшчэ дзясяткі выдатных, вядомых далёка за межамі Беларусі, мастакоў. А яшчэ, мяркую, ягоны брат Кастусь, графік, жонка Галіна, літаратар, сын Уладзіслаў, які дасягнуў вышыняў у сучасных камп’ютарных тэхналогіях, дачка Наталля — выдатная журналістка, мастацтвазнаўца, унучка Юля, дызайнер…

«Думы аб зямлі». З трыпціха «Дзе крыўда адвечная спела». Каляровая аўталітаграфія. 1982 г.

Васіль Пятровіч заўсёды ішоў са сваім народам, узначальваў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у пераломныя 1990-я гады, калі ізноў было столькі чыста сюррэалістычных малюнкаў. Але ў Васіля Шаранговіча ёсць сяліба на Бацькаўшчыне, ці, як цяпер гавораць, на ягонай малой радзіме, дзе ён з асалодаю працуе на зямлі. Можа, таму, столькі вандруючы па свеце, столькі перажыўшы, ён ніколі не страчвае пачуцця гармоніі і веры? Веры ў родную зямлю, веры ў чалавека.

Галіна БАГДАНАВА

Загаловак у газеце: З народу, з народам, народны

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.