Вы тут

Мовай плаката


Як завабіць людзей у кінатэатры, ведалі мастакі


З чаго пачынаецца кіно для гледача? З плакатаў ці афіш, якія інтрыгуюць і зазываюць у кіназалу? Прынамсі, так было. Так уваходзілі ў свядомасць беларусаў першыя стужкі, знятыя ў рэспубліцы, і з’яўлялася разуменне пра тое, што ёсць наша кіно.

Сёлета споўніцца 95 гадоў, як Беларусь з кіно… Як усё пачыналася і разгортвалася, дапамагае ўявіць выстаўка «Беларускі кінематограф 1920—1930-х гадоў у кінаплакаце», што працуе ў Музеі гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Выстаўка можа здзівіць як фактамі, так і мастацкімі выявамі, якія адлюстроўвалі сутнасць фільмаў. Напрыклад, ці ведаем мы, колькі стужак было створана за час існавання Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» (і яе папярэдніц «Белдзяржкіно», «Советская Беларусь»)? Больш за 550, калі меркаваць па назвах. А ў перыяд з 1926 па 1941 гады іх было 60. Менавіта гэты перыяд гісторыі айчыннага кіно пазначаны такой важнай часткай кінапрацэсу, як кінаплакат. 35 поўнафарматных кінаплакатаў да беларускіх фільмаў 1926—1940 гадоў адлюстроўваюць працэсы кінатворчасці і нават паказваюць той час, калі нямое кіно пераходзіла да выкарыстання гуку, што адбілася і на рэкламе.

Кіно як масавае і папулярнае мастацтва адразу прыцягнула ўвагу выдатных творцаў, што сталі рабіць кінаплакаты, якія, выконваючы заказы студый, давалі волю сваёй фантазіі. Гісторыя беларускага кіно ў плакаце стваралася супольна: акцыянернае таварыства «Саўкіно» мела свае рэкламныя бюро ў Маскве і Ленінградзе, з якімі супрацоўнічалі вядучыя майстры-плакатысты: Уладзімір Стэнберг, Максім Літвак, Міхаіл Длугач, Ізраіль Боград, Мікалай Хомаў, Дзмітрый Буланаў, Барыс Зяленскі, Міхаіл Векслер. Творы гэтых аўтараў сёння прадстаўлены на выстаўцы.

Але не толькі імёнамі аўтараў яна прыцягвае. Яшчэ і імёнамі на плакатах. Імёнамі, якія напісаныя па-беларуску (як і самі кінаплакаты створаны на беларускай мове). Напрыклад, імя, якое дало назву фільму: «Кастусь Каліноўскі». На выстаўцы адразу 3 кінаплакаты да стужкі «Кастусь Каліноўскі», якая мела быць першым фільмам (як цяпер сказалі б «маштабным нацыянальным кінапраектам»), які б засведчыў з’яўленне беларускага кіно. Але гісторыя распарадзілася інакш, і цяпер плакаты да фільма «Лясная быль» увасабляюць пачатак гісторыі стварэння айчыннай кінагаліны, але і сведчаць пра тое, як мастак праз сваю вобразную мову мог падкрэсліць стаўленне да фільма. Адметна, што плакаты на беларускай мове мелі вялікія наклады, пры тым, што друкаваліся ў Маскве (прынамсі, да фільмаў «Кастусь Каліноўскі», «Песня вясны», «Джэнтльмен і певень») — гэта сведчыць пра разгалінаваную пракатную сетку ў рэспубліцы на той час і запатрабаванасць прадукцыі, якая прыцягвала людзей зразумелай ім мовай. Сярод новых набыткаў музея — плакат да фільма Марка Данскога і Міхаіла Авербаха «У вялікім горадзе» і поўнафарматны варыянт плаката да карціны Уладзіміра Корш-Сабліна «Першы ўзвод».

Выстаўку называюць вынікам 15-гадовай пошукавай работы супрацоўнікаў Музея гісторыі беларускага кіно ў архівах Расіі, якая дазваляе ліквідаваць белыя плямы мінулага беларускага кінематографа. Калекцыя кінаплакатаў прадстаўлена ў такім аб’ёме ўпершыню за 75 гадоў. І ўсё яшчэ ёсць падставы для далейшай працы: былі часы, калі кінаплакат быў галоўным і дзейсным сродкам рэкламы большасці фільмаў, таму часам выпускалася па 2 ці 3, а часам і больш разнастайных кінаплакатаў і фотаафіш. І яны ўсе мелі плён: людзі глядзелі беларускае кіно.

Цяпер успомніць той час дапамагае мастацтва кінаплаката, якое жыве дзякуючы мультымедыйнаму дадатку да калекцыі плакатаў на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай), дзе раскрываюцца асаблівасці вобразнастылявога рашэння айчынных кінаплакатаў, нават ёсць магчымасць пазнаёміцца з біяграфіямі аўтараў.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.