Вы тут

Лідарам вяскоўцы абралі праўнука царкоўнага старасты, былога брыгадзіра


Іван Суботка — стараста ў Хабовічах зусім не выпадковы. І абралі яго не так, як часам бывае: сабраліся жыхары вёскі на сход, падумалі, памеркавалі, ды ўказалі на некага, маўляў, хай будзе ўмоўны Іван альбо Сцяпан. Івана Нічыпаравіча таксама абралі на агульным сходзе вялікай вёскі. Але яму і альтэрнатывы не было.


Стар­шы­ня сель­ска­га Са­ве­та Ве­ра Пі­ку­ла і Іван Су­бот­ка.

А мы, што, горшыя?

Іван Суботка адсюль родам, 28 гадоў адпрацаваў менавіта ў гэтай вёсцы Кобрынскага раёна брыгадзірам, афіцыйна пасада называлася — начальнік вытворчага ўчастка. Так што ўсе вясковыя агульныя справы, нават праблемы асобных людзей, раней таксама ўваходзілі ў сферу яго інтарэсаў. Дык вось, калі Іван Нічыпаравіч шэсць гадоў таму выйшаў на пенсію, усё амаль само сабой атрымалася, бо ніхто і не ўяўляў іншага старасту вёскі. Цяпер ён разам з аднавяскоўцамі вырашае праблемы камфортнага пражывання, парадку ў вёсцы, выпасу прыватнага статка ды шмат што іншае.

Можна сказаць, што першай іх агульнай вялікай справай стала добраўпарадкаванне могілак. Гады чатыры таму на вясковы сход прыехаў тагачасны старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, яму і сталі задаваць пытанні пра нездавальняючы стан месца вечнага спачыну. А кіраўнік раёна прывёў у прыклад іншыя населеныя пункты, дзе жыхары самі сабралі грошы і навялі парадак. Так вырашылі зрабіць і ў Хабовічах. Стварылі аргкамітэт, які заняўся зборам грошай. Стараста паклапаціўся пра аб'яву ў газеце: такім чынам апавясцілі выхадцаў з вёскі, чые родныя знайшлі спакой на тутэйшых могілках. Варта сказаць, што многія з гараджан адгукнуліся. Словам, сабралі 33 мільёны рублёў (справа была перад дэнамінацыяй). З іх большая частка пайшла на аплату паслуг ЖКГ па зносе дрэў і на ўзвядзенне агароджы. Самай вялікай праблемай усіх сельскіх могілак становіцца менавіта спілоўванне дрэў. Бо яны вырастаюць, становяцца аварыйнымі, пагражаюць помнікам ды надмагіллям. Львіную долю сродкаў патрацілі на іх прыборку. Яшчэ купілі ядахімікатаў і правялі хімпраполку тэрыторыі, бо паміж магіламі вырастае вялікая колькасць непатрэбнай расліннасці. Сабраных грошай хапіла і на новую агароджу. Адным словам, месца спачыну землякоў выглядае цяпер цалкам прыстойна. І людзі ўпэўніліся, што грамадой можна зрабіць добрую справу. На гэтыя могілкі не толькі грошы збіралі, а і выходзілі разам папрацаваць, калі трэба было. І цяпер кожную вясну стараста арганізоўвае суботнікі, каб да Вялікадня навесці парадак.

Не толькі кот на падворку

Грошы на якую-небудзь агульную справу перыядычна даводзіцца збіраць. Скажам, для выпасу свойскай буйной рагатай жывёлы загон адводзіць мясцовая гаспадарка. А вось для выпойвання кароў давялося пачысціць невялікі вадаём. Гэта зрабілі ў складчыну. Сабралі грошы, нанялі тэхніку, пачысцілі сажалку, і гаспадары сталі спакойна выпускаць карову на выган. Паколькі летась былы калгас далучылі да іншага, стараста ўжо загадзя турбуецца, каб урэгуляваць усе пытанні з пашай. Кароў у вёсцы з насельніцтвам каля 550 чалавек засталося няшмат. Іван Нічыпаравіч і жонка яго Валянціна Сяргееўна вельмі шкадуюць, што цяперашняе маладое пакаленне вяскоўцаў не імкнецца заводзіць сваю гаспадарку.

— Вось пераязджае сям'я да нас альбо мясцовыя атрымліваюць дом, а на падворку хіба толькі кот гуляе. Не раз цікавілася, чаму не набываеце кароўку, не купляеце свінак для гадоўлі, — разважае жонка старасты. — А тыя ў адказ: у нас зарплата ёсць. Але ж зарплаты ў сельскай гаспадарцы ў асноўным невялікія. Мы вось з мужам працавалі, але ўсё жыццё карову трымалі, іншую жыўнасць. У вясковага чалавеку спакон веку быў даход ад уласнай гаспадаркі.

— Апошнім часам праглядваецца яшчэ адна тэндэнцыя, — працягвае ўжо Іван Нічыпаравіч. — Маладыя сем'і нараджаюць трое ці больш дзяцей і атрымліваюць кватэры ў райцэнтры. У вёсцы найчасцей няма магчымасці забяспечыць іх жыллём, вось яны і разлічваюць на квадратныя метры ў гарадскіх умовах. А вёска пакутуе ад недахопу рабочых рук, закрываюцца школы і прадпрыемствы сацкультбыту. І гэта няправільна, паводле ацэнкі вясковага старасты.

Самакіраванне і выхаванне

У Хабовічах ёсць усё для камфортнага пражывання: школа, дзіцячы садок, аддзяленне банка, гандаль і бытавое абслугоўванне. А ў школе зараз навучаюцца 69 дзяцей — з тымі, якіх аўтобус падвозіць з суседніх населеных пунктаў. Гэта будучае Хабовічаў, паказчык іх дэмаграфічнай бяспекі. Пакуль жа хрэсьбіны тут бываюць, на жаль, радзей, чым адпяванні.

Царква ў гэтай вёсцы знакамітая хоць бы тым, што яна ніколі не закрывалася. «Нават пры немцах падчас акупацыі, — расказвае Іван Суботка, — мясцовы святар, якога да гэтай пары ўспамінаюць як надзвычай адукаванага, культурнага чалавека, адстаяў святыню. Мабыць, бездакорнае валоданне нямецкай мовай дапамагло, бо і царкву не закрылі, і вёску не чапалі».

Дарэчы, прадзед Івана Суботкі быў царкоўным старастам. Так што традыцыі ўдзелу ў вясковым самакіраванні ў гэтай сям'і даўнія і трывалыя. Вось і сёлета напярэдадні Каляд бацюшка прыехаў да старасты вёскі з просьбай прывезці ёлку ў храм. Іван Нічыпаравіч звярнуўся ў лясніцтва, дзе і падабралі лясную прыгажуню для святкавання Раства па ўсіх правілах.

Увогуле, пытанні, якія паўстаюць перад старастам, самыя розныя. На адной з сустрэч з прадстаўнікамі райвыканкама Іван Суботка згадаў аб неабходнасці ямачнага рамонту дарогі па цэнтральнай вуліцы. Яму растлумачылі: не хапае сродкаў у гэтым годзе. Але стараста настойвае, бо калі не паправіць дарогу, праз год-другі не будзе чаго папраўляць, асфальт разбурыцца. Значыць, пытанне трэба выносіць на разгляд сесіі альбо прэзідыума сельскага Савета.

Больш дробныя праблемы вырашаць стараюцца на месцы. Напрыклад, нядаўна бяда спасцігла аднавяскоўца, згарэў у чалавека дом. Грамада сабрала 900 рублёў у якасці дапамогі. Але ёсць адна закавыка: лад жыцця таго самага пагарэльца выклікае занепакоенасць у аднавяскоўцаў. А ён нават незадаволенасць выказаў, што не аддаюць усю суму грошай на рукі. Стараста ж папулярна растлумачыў: «Калі я табе падарыў свае куртку, чаравікі, яшчэ нешта па дробязі, то гэта рэчы, якімі я распараджаюся асабіста, а грамадскія грошы я магу аддаць толькі ў прысутнасці тваіх сваякоў пад распіску». Калі такая выхаваўчая мера і не паўплывае на светапогляд ды паводзіны грамадзяніна, то дакладна дазволіць «застрахаваць» людскую спагаду.

Старшыня Дзівінскага сельскага Савета дэпутатаў Вера ПІКУЛА:

— У асобе Івана Нічыпаравіча мы маем прыклад такога старасты, якім яго бачылі распрацоўшчыкі палажэння аб інстытуце старастаў. Па-першае, Іван Суботка — чалавек вопытны ў вырашэнні пытанняў нізавога ўзроўню, ён доўгі час працаваў кіраўніком падраздзялення ў калгасе. Па-другое, ён мае аўтарытэт у вёсцы, можа служыць прыкладам гаспадарання, паводзін, стаўлення да месца, дзе на-
радзіўся. Яны з жонкай выгадавалі траіх добрых дзяцей, маюць унукаў. Усё жыццё Суботкі былі працавітымі людзьмі, нават цяпер, на пенсіі, трымаюць гаспадарку, падтрымліваюць узорны парадак на сваёй сядзібе. Ну і Валянціна Сяргееўна, былы галоўны бухгалтар сельгаспрадпрыемства, ва ўсім дапамагае мужу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: ...І ёлка на Каляды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Чым Капыльскі раён жыве сёння і якія планы на перспектыву?

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.