Вы тут

Як можа аб'ядноўваць агульная справа?


Школьнікі з новага мікрараёна Гомеля на рэальным катку, а не ў віртуальнай прасторы змагаюцца за перамогу і гонар сваёй хакейнай каманды.


— Цяпер проста нельга не стаць на канькі, — кажа матуля двух хлопчыкаў Кацярына Піскунова, якая толькі асвойвае катанне на новай лядовай пляцоўцы ў сваім двары. Тым больш малодшы — трохгадовы Елісей — ужо робіць першыя ўпартыя крокі на спецыяльных двухпалозных каньках.

Старэйшы — шасцігадовы Радзівон — ужо займаецца хакеем прафесійна, у Лядовым палацы на другім канцы горада. Але ж цяпер у хлопчыка ёсць магчымасць адточваць майстэрства непасрэдна пад вокнамі свайго дома. Новы каток знаходзіцца па вуліцы Пенязькова, у агульным двары дамоў № 19, 23, 25 і 27.

Юныя хакеісты аматарскую пляцоўку ацанілі адразу: у сапраўдных крагах з клюшкамі яны зараз зацята рэжуць лёд. Робяць тайм-аўт толькі на абед і вячэру. Вечарам да спартыўных баёў далучаюцца таты — наладжваюць сямейныя хакейныя матчы накшталт «пад'езд на пад'езд».

За месяц пляцоўка-коўзанка стала вельмі папулярнай — пакатацца на ёй збіраецца натоўп з усяго новага мікрараёна Шведская горка. Гэта, між іншым, тры дзясяткі шматпавярховікаў.

У віртуальнай прасторы каток таксама аб'яднаў прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Цяпер 250 чалавек у групе «Шведская горка. Наша будучыня» аднаго з распаўсюджаных месенджараў не толькі хваляцца сваімі фізкультурнымі дасягненнямі, а і абмяркоўваюць, якім чынам праект, што ўзнік з прыватнай ініцыятывы, можа развівацца далей.

Перш чым дзеці сталі апранацца ў сапраўдную хакейную амуніцыю, дарослыя падрыхтавалі для гэтага глебу. Прычым у літаральным сэнсе. Грунт выраўнялі, зрабілі «апалубку», выслалі падкладку. Яшчэ ў канцы лістапада адзін з жыхароў дома — Андрэй Анашкін паспрабаваў заліць каток на месцы, дзе летам была баскетбольная пляцоўка: проста са шланга з акна сваёй кватэры. З іншага боку да справы далучыўся Антон Піскуноў.

— Узгадніў ініцыятыву ў РЭУ-2. Там нам пайшлі насустрач, усё растлумачылі і накіравалі ў «Водаканал», каб скласці адпаведны дагавор на выкарыстанне вады і забяспечыць доступ да пажарнага гідранта, — тлумачыць ён. — Каля 200 рублёў пайшло на абсталяванне пляцоўкі: гэта дошкі для борцікаў, падкладка-цырата, самарэзы... За ваду за першы месяц заплацілі 27 рублёў. Але яе мы пастаянна падліваем, таму расходы яшчэ будуць.

Дваровая лядовая арэна сёння мае плошчу 375 квадратных метраў. На ёй — пяцісантыметровы пласт лёду. Яго залівалі паступова — на працягу пяці дзён. Папярэдне ўтрамбавалі снег, па перыметры замацавалі адбартоўку. Цяпер раяць іншым: ідэальная тэмпература для залівання — мінус дзесяць градусаў.

Кожны вечар каток чысцяць. Заклік у месенджары — і адразу ж некалькі мужчын са старэйшымі сынамі выходзяць добраўпарадкоўваць пляцоўку. У выпадку, калі лёд пачынае падтаваць, ваду падліваюць. Цяпер гавораць: спачатку такім чынам проста пазнаёміліся з новымі суседзямі, а потым і сяброў сярод іх знайшлі. Агульная справа аб'ядноўвае. Дарэчы, падчас адкрыцця катка многія бацькі пераапрануліся ў казачных герояў і дапамаглі арганізаваць свята з конкурсамі і эстафетамі. Цяпер ва ўсіх адно жаданне — каб пачынанне развівалася.

— Мы зараз супольна абмяркоўваем, як далей прыводзіць свой двор у парадак, — гаворыць Кацярына Піскунова. — Хочам, каб нам у гэтай справе дапамагалі жыллёва-камунальныя службы. Трэба азеляняць наш мікрараён. Зусім побач знаходзіцца рака Сож, а да яе няма добраўпарадкаванага спуску. Таксама марым арганізаваць пляцоўку для дзяцей — ідэй шмат.

Між тым лядовыя пляцоўкі — лепш ці горш абсталяваныя — некалі заліваліся ў кожным школьным двары. Пра гэта з настальгіяй успамінаюць дзядулі тых школьнікаў, якія сёння так радуюцца дваровай арэне ў гомельскім мікрараёне Шведская горка. Так, на коўзанках і каленкі разбіваліся, і твары. Але ж на іх гартаваліся і характары юных спартсменаў, якія потым абаранялі гонар вялікай краіны.

Сёння ж часам лягчэй адмовіцца ад ідэі, чым знайсці магчымасць увасобіць яе ў жыццё. «А што, так можна было? І ніхто не забараніў? А тэхніка бяспекі выконваецца?», — пыталіся ў мяне многія са шчырым здзіўленнем. Напэўна, тыя ж людзі потым будуць здзіўляцца, што іх нашчадкі не ведаюць, як жыць у сапраўдным, а не віртуальным жыцці, як браць на сябе адказнасць, як прымаць рашэнні і як рабіць нешта карыснае для сваякоў, суседзяў, сяброў... Для краіны ўрэшце.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Цяпер не да гаджэтаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

Грамадства

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. 

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.