Вы тут

Як у Гродзенскай вобласці заахвочваюць старастаў


Чым адзначыць найлепшых народных «праваднікоў», кожны мясцовы Савет вырашае па-свойму. Але праца самых актыўных не застаецца па-за ўвагай. Інстытут старастаў курыруе і абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Праўда, самі старасты прызнаюцца, што асаблівых узнагарод не чакаюць. Проста яны могуць дапамагчы сваім аднавяскоўцам і робяць гэта.


Пад­час уз­на­га­родж­ван­ня най­леп­шых ста­рас­таў.

Спакусніца засталася ні з чым

У Індурскім сельсавеце Гродзенскага раёна, напрыклад, вырашылі заахвоціць пяць старастаў, у іх ліку і Уладзіславу Вярышку. Аказалася, што жанчына дапамагла свайму аднавяскоўцу вярнуцца да нармальнага жыцця. Яна расказала такую гісторыю.

У вёсцы Жытарадзь да аднаго пенсіянера-інваліда, чалавека даволі сталага ўзросту, прыбілася падазроная жанчына. Заўважылі, што яна значна маладзейшая і ўжо пасялілася ў доме адзінокага пенсіянера. Але даглядаць яго, па ўсёй бачнасці, не збіралася. Наадварот. Жанчыну сталі заўважаць нецвярозай, а разам з ёй і гэтага мужчыну. Паступова сітуацыя пачала пагаршацца... Вядома, аднавяскоўцы такім станам абураліся і паміж сабой асуджалі жанчыну-спакусніцу, якая выцягвала ў старога пенсію. Але толькі рукамі разводзілі: маўляў, што тут зробіш? А інвалід між тым ледзь не галадаў...

Стараста вёскі не магла пагадзіцца з такім становішчам. Заходзіла, старалася ўгаварыць мужчыну кінуць піць і прагнаць нязваную госцю. Звярнулася і ў сельвыканкам. Расказала, што інваліда спойваюць, забіраюць грошы, яму неадкладна патрэбна дапамога, бо чалавек можа не толькі рэшткі здароўя страціць, але і жыццё. У сельвыканкаме на сігнал, безумоўна адрэагавалі, і ў вёску накіравалася спецыяльная камісія. А ў хуткім часе мужчыну аформілі ў дом-інтэрнат.

— І гэта не адзіны выпадак, калі стараста адрэагавала на вострую сацыяльную праблему, — паведаміла кіраўнік спраў Індурскага сельвыканкама Алена Радзівон. — Асаблівую ўвагу Уладзіслава Уладзіміраўна звяртае на сталых людзей. Заўсёды пацікавіцца, ці наведваюць іх дзеці, не лічыць лішнім нагадаць тым, хто рэдка прыязджае, не забываць пра сваіх бацькоў.

Сігнал ад старасты паступае і ў тых выпадках, калі яна сутыкаецца з п'янствам бацькоў, а дзеці застаюцца без догляду. Абавязкова прыедзе камісія, якая зробіць адпаведныя высновы.

Добрая справа як падзяка

Старасты Надзея Котава і Уладзімір Пазябкін жывуць і працуюць у аграгарадку Луцкаўляны Гродзенскага раёна. У кожнага — свае вуліцы. Абодва прыступілі да абавязкаў нядаўна, дзесьці з паўгода таму. На пытанне, ці важна для іх матэрыяльнае заахвочванне, адказалі амаль аднолькава: хоць і важна, але гэта яшчэ трэба заслужыць, праявіць сябе, стаць неабходным для сваіх аднавяскоўцаў. Маральнае задавальненне таксама рэч немалаважная. Чалавек зрабіў добрую, патрэбную справу — і ў яго на душы спакайней.

Для Надзеі Котавай магчымасць сустракацца з людзьмі — ужо ўзнагарода. Яна вельмі ветлівы, адкрыты і актыўны чалавек. Такі ж настрой стараецца перадаць іншым, згуртаваць вяскоўцаў у рух за здаровы лад жыцця. Некалькі гадоў таму захапілася скандынаўскай хадой і заахвоціла многіх жанчын з вуліцы. Цяпер яны штодзень ходзяць сваімі сцежкамі па наваколлі ці «наразаюць» кругі на школьным стадыёне.

Яна гатова доўга расказваць пра сваіх падшэфных і ведае ўсіх — ад малога да старога. Зрэшты, як ведаюць і яе. Бо жанчына 30 гадоў працавала ў галіне культуры, была ў ліку арганізатараў многіх мясцовых свят і мерапрыемстваў. Гэтыя здольнасці і зараз «працуюць».

— Паспрабуй прайсці міма людзей і не пагаварыць! — кажа стараста. — На маім двары ёсць вялікая альтанка, і мы часта сустракаемся тут. Напрыклад, на Масленіцу частуемся блінамі.

Калега Надзеі — Уладзімір Пазябкін — толькі пачынае грамадскую «кар'еру». Яму 25 гадоў, і ён самы малады стараста ў раёне. Гэта звязана яшчэ і з маладым кантынгентам яго падшэфных. Новы мікрараён, пабудаваны мясцовым СВК імя Дзеншчыкова, заселены маладымі спецыялістамі. Таму і стараста адпаведнага ўзросту. Ён лічыць, што моладзі таксама трэба давяраць. Няхай у яе менш вопыту, затое яна лепш арыентуецца ў пошуку інфармацыі і разбіраецца ў ёй, можа падказаць патрэбныя інстанцыі і нумары тэлефонаў.

Малады стараста трымае сувязь і з мясцовай гаспадаркай, якая бярэ на сябе значную частку бытавых праблем: расчышчае вуліцы, рамантуе дарогі, забяспечвае вываз смецця і іншае. Ці звязвае Уладзімір сваё жыццё з грамадскай дзейнасцю і надалей? Магчыма. Бо вопыт работы з насельніцтвам на пачатковым узроўні — гэта добры падмурак для наступных крокаў. Старасты, як правіла, людзі аўтарытэтныя, хоць і працуюць на грамадскіх пачатках.

Каму сервіз, каму касілку...

Гродзенская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў ужо ў пачатку сваёй дзейнасці вызначылася з конкурсам для старастаў — членаў асацыяцыі.

— Мы правялі адзін конкурс і ў лютым мінулага года падвялі вынікі. Тры старасты былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі. Гэта Станіслаў Астапковіч з вёскі Барташы Шчучынскага раёна, Віктар Бутурля з вёскі Дзітрыкі, што на Лідчыне, і Аляксандр Юргелянец з вёскі Рытань Астравецкага раёна. Яшчэ тры старасты атрымалі граматы асацыяцыі. Сёлета таксама будзем падводзіць вынікі. І калі ў першым конкурсе прымалі ўдзел 38 старастаў, то цяпер іх колькасць павялічылася да 50, больш будзе і прызёраў, — зазначыў старшыня асацыяцыі Анатоль Нікіцін.

Пераможцы конкурсу вызначаюцца па 12 пунктах, сярод якіх — добраўпарадкаванне вуліцы ці вёскі, работа з людзьмі, цікавыя мерапрыемствы, вырашэнне пытанняў па зваротах, вядзенне дакументацыі і іншыя. Па кожным пункце выстаўляюцца балы. Конкурс праводзіцца ў два этапы. Напачатку ў сваіх раёнах савет асацыяцыі выбірае найлепшых — фіналістаў. Калі летась іх было 6, сёлета будзе 12. (Фонд для заахвочванняў складаецца з унёскаў членаў асацыяцыі — па адной базавай велічыні ў год.)

— Мы стараемся ўзнагародзіць у першую чаргу тых, хто не атрымлівае грошы за сваю працу, — гэта старасты і члены камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, — падкрэсліў Анатоль Нікіцін. — Камусьці падорым сервіз, іншаму — неабходнае абсталяванне для ўтрымання тэрыторый: газонакасілкі, напрыклад, ці іншы садовы інвентар.

Па словах старшыні асацыяцыі, людзі, якія сочаць за парадкам на вёсках, заслугоўваюць падзякі і пашаны.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: І маральна, і матэрыяльна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.