Вы тут

Пра асаблівасці работы органаў мясцовага самакіравання


Чавусы — сімпатычны райцэнтр, дзе прыемна не толькі прайсціся па цэнтральных вуліцах, але і зазірнуць у двары. Летам тут заўсёды шмат кветак, а зараз, у сезон снегападаў, зроблены акуратныя сцяжынкі. І гэта не толькі заслуга камунальнікаў, — жыхары таксама ў баку не застаюцца. Старшыня райсавета Анатоль Мацюлін расказаў, што адбываецца, калі ў справу ўключаюцца мясцовыя актывісты.


Аб'ектыўны падыход

— На сяле нам дапамагаюць старасты, а ў горадзе — старшыя па доме і старшыні вулічных камітэтаў, калі гэта прыватны сектар, — удакладняе ён. — Мы пастараліся па максімуме ўцягнуць людзей у мясцовае самакіраванне. Раз у квартал збіраем іх на агульныя сходы і запрашаем прадстаўнікоў розных службаў, каб абгаварыць агульныя праблемы. У снежні, напрыклад, падвялі вынікі работы па рамонце жылых дамоў і вуліц, параіліся, як правесці паспяхова зімоўку. Цікавіліся, ці ёсць праблемы ў шматкватэрных дамах, якія пытанні да «Жылкамгаса». Заадно закранулі тэму ачысткі дваравых тэрыторый ад снегу. Пры такіх шчодрых снегападах, як сёлетнія, без удзелу насельніцтва цяжка абысціся. Разгледзелі і іншыя, не менш важныя пытанні. Напрыклад, разабралі нядаўні выпадак пажару ў шматкватэрным доме. Супрацоўнік аддзела па надзвычайных сітуацыях праінструктаваў, як дзейнічаць у падобных сітуацыях. Найлепшы спосаб застрахаваць сябе ад няшчасця — устанавіць пажарны апавяшчальнік. Пра гэта ўжо шмат чаго сказана, але вопыт паказвае — людзям перыядычна трэба нагадваць. Старшыя па пад'ездах паабяцалі пагаварыць на гэты конт са сваімі суседзямі.

З каго браць прыклад?

Старшая па доме № 41 па вуліцы Азарава ў Чавусах Людміла Салаўёва — яскравы прыклад плённага супрацоўніцтва прадстаўніка мясцовага самакіравання з уладай.

— Тры гады таму яна прапанавала жыхарам дома зрабіць за асабістыя сродкі цякучы рамонт пад'ездаў, і тыя не адмовіліся. І на двары ў іх заўсёды парадак, летам кветкі растуць, — расказвае старшыня райсавета. — Але дом ужо не новы, і Людміла ад імя жыхароў пастаянна ўздымала пытанне аб пастаноўцы яго на капрамонт. І летась пачаліся работы. Старшая па доме гэты працэс кантралюе, увесь час на сувязі з брыгадай і прарабам. Дабіваецца, каб работы вяліся своечасова і якасна. І нас інфармуе.

Не менш актыўную работу з жыхарамі вядзе Ганна Яфрэменка, старшая па доме № 1А па вуліцы Лермантава. Пад яе кіраўніцтвам збіраліся грошы на набыццё бардзюра для дваровай тэрыторыі. Добраўпарадкаванне праводзілася за дзяржаўныя сродкі, але іх не хапала на ўсё тое, што жадалі бачыць у сябе людзі. І яны скаапераваліся. Потым арганізавалі свята двара. І тут ім крыху дапамаглі дэпутаты разам з прафсаюзамі і іншымі грамадскімі аб'яднаннямі.

У мікрараёне льнозавода з падачы дэпутата райсавета Алены Максімовіч насельніцтва збірае грошы на дзіцячую пляцоўку. Людзі разумеюць, што гэта патрэбна ў першую чаргу ім. Калісьці жыхары аднаго двара гэтага раёна скардзіліся на стыхійны рух транспарту: аўтамабілісты кідалі свае машыны, дзе хацелі, не звярталі ніякай увагі на правілы. Але выйсце было знойдзена. Жыхары пасадзілі дрэвы на тых месцах, дзе паркаваліся несвядомыя грамадзяне, а ўлады забяспечылі іх саджанцамі і грунтам.

— Прыемна, калі ад нас не толькі патрабуюць, маўляў, вы павінны зрабіць і ўсё тут, а прапануюць вырашыць праблему сумесна, — кажа Анатоль Мацюлін. — У тым жа мікрараёне льнозавода мала месцаў для аўтастаянак, але там цяжка нешта зрабіць без дадатковых рэсурсаў. Прыемна было пачуць, што жыхары гатовы прыняць удзел у сафінансаванні.

Рэзервы для заахвочвання

— Мы не патрабуем ад сваіх памочнікаў чагосьці звышнатуральнага. Іх тэлефоны ёсць ва ўсіх службах, якія па родзе дзейнасці павінны кантактаваць з насельніцтвам — гэта камунальнікі, медыцынскія ўстановы, гандаль і гэтак далей. Нашы старасты і старшыні ўдзельнічаюць у падпісанні актаў прыёмкі работ пасля бягучых і капітальных рамонтаў. Яны, як прадстаў-
нікі дома, зацікаўлены каб усё было зроблена якасна. І калі знаходзяцца нейкія недахопы, будаўнікам прыходзіцца ліквідаваць іх за свой кошт. Праз старшых па доме мы даводзім да ведама жыхароў, што дом — гэта іх асабістая маёмасць, і наколькі ў ім будзе ўтульна, залежыць у першую чаргу ад усіх, хто там жыве.

— Але на голым энтузіязме працаваць складана, чым можна зацікавіць актывістаў? — спрабую высветліць у старшыні райсавета.

— Калі гэта вёска, заахвочваем за кошт рэзервовых фондаў сельсавета, а ў горадзе праз «Жылкамгас». Ёсць палажэнне, дзе агаворваецца фінансавая падтрымка для такіх людзей у памеры да трох базавых велічынь, — адзначае дэпутат. — Неяк мы высвятлялі, чаму людзі займаюцца грамадскай справай. Адны казалі, што ім гэта цікава, другія сцвярджалі, што ім гэта патрэбна, нехта прызнаваўся, што яму нескладана, яшчэ адзін сказаў, «таму што другі гэта не зробіць». Розныя былі аргументы. І мы ствараем спрыяльныя ўмовы для таго, каб чалавек жадаў гэтым займацца. Збіраемся разам — дэпутаты, сацыяльная служба, гандаль, ратавальнікі, міліцыя, супрацоўнікі райвыканкама, камунальнікі і нашы актывісты. Кожны з іх мае магчымасць задаць пытанне, выказацца, калі чыясьці работа не задавальняе. Мы разам думаем пра тое, як лепш зрабіць нейкую справу. У пратаколе ўсё прапісваем і рассылаем для выканання. А райвыканкам бярэ гэта на кантроль. Фармалізму тут быць не павінна.

З людзьмі  трэба працаваць.

Грант ад дэпутатаў

Анатоль Мацюлін па сумяшчальніцтве яшчэ і кіраўнік Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. У планах гэтай арганізацыі — дапамагчы ініцыятыўным грамадзянам праявіць сябе.

— Частку грошай, якія сабрала асацыяцыя, мы маглі б патраціць на падтрымку канкрэтных праектаў, — аргументуе ён. — Гэта падняло б аўтарытэт дэпутатаў і органаў мясцовага самакіравання, а заадно павысіла б іх адказнасць перад насельніцтвам. Два-тры праекты ў год — гэта цалкам рэальна. А дзякуючы таму, што мы зможам адначасова прыцягнуць і грашовыя сродкі, і людскія рэсурсы, праект абыдзецца нават танней. Заадно знізім колькасць зваротаў утрыманскага характару. Не стане ж чалавек на самога сябе скардзіцца! Людзі бываюць розныя, але робім стаўку на лідараў. Не на тых, якія могуць гаварыць, а на тых, якія здольны арганізаваць справу і знайсці рэсурсы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Не вы, а мы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».