Вы тут

Да Паэта — з чырвонымі ружамі


24 снежня ў Мінску ўшанавалі памяць вялікага сына беларускай зямлі Адама Міцкевіча


Фота CHYRVONY.BY

“Калядкі ля помніка Адаму Міцкевічу” — назвалі сустрэчу ў скверы, які носіць імя паэта, дзяржаўныя і культурныя дзеячы, польскія дыпламаты, прадстаўнікі польскай дыяспары ў Беларусі, каталіцкія вернікі. Традыцыя маліцца за земляка, спяваць песні й чытаць яго вершы ўзнікла ў 2003 годзе, калі ў Мінску па ініцыятыве польскай дыяспары быў усталяваны бронзавы помнік беларускаму й польскаму паэту — гэта на Гарадскім Вале, непадалёк ад скрыжавання вуліц Няміга й Раманаўская Слабада.

Святой імшой у касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) распачалося ўшанаванне выбітнога беларуса. Пасля літургіі працэсія на чале з пробашчам ксяндзом Уладзіславам Завальнюком з ружамі ў руках і каляднымі спевамі рушыла да помніка Паэту. На імпрэзе каталікі дзяліліся з усімі аплаткамі, пасвенчаным хлебам. Святар перакананы: калі чалавека сустракаюць з хлебам, ён можа спадзявацца, што там — яго браты й сёстры. Гучалі святочныя спевы, якія неслі радасць і супакой у сэрцы, вернікі віншавалі прысутных з надыходзячым святам нараджэння Езуса.

Будучы паэт, як вядома, нарадзіўся ў вілігійны вечар 24 снежня, напярэдадні свята Божага нараджэння, у 1798 годзе ў фальварку Завоссе Наваградскага павета (цяпер Баранавіцкі раён). Быў ахрышчаны 2 лютага 1799 года ў наваградскім фарным касцёле Перамянення Пана, дзе ёсць цудатворны абраз Маці Божай Наваградскай, і з’яўляўся каталіком. Таму беларускія каталікі не без гонару ў гэты дзень пыталіся: “Ці ж не цуд учыніў Бог, калі падарыў свету вялікі талент Адама Міцкевіча?”

А напярэдадні святкавання 220-гадовага юбілею паэта яго цяперашнія землякі з Навагрудка па запрашэнні парафіі святых Сымона і Алены 16 снежня гасцявалі ў Мінску, паўдзельнічалі ў вечарыне “Адамаў шлях пад вечным небам”. Гэта былі гурткоўцы, што вывучаюць польскую мову й культуру пры касцёле святога Міхала Арханёла — гуртку два гады, створаны ён па ініцыятыве пробашча ксяндза Юрыя Жэгарына. Выступоўцы зрабілі спектакль па матывах твораў Адама Міцкевіча “Дзень добры”, баладаў “Свіцязь” і “Вяртанне таты”. На польскай мове быў пастаўлены спектакль-мініяцюра “Рowrot taty”. Напрыканцы гурткоўцы чыталі па ролях баладу Міцкевіча “Люблю я” на беларускай, рускай ды польскай мовах. Сюжэт разварочваецца ў родных для паэта мясцінах: Наваградчына, ля вёскі Рутка.
Вядомы пісьменнік, дзяржаўны дзеяч Анатоль Бутэвіч упэўнены: такія Калядныя спатканні вельмі патрэбныя. Ён звярнуў увагу прыхільнікаў творчасці паэта на высілкі пробашча Чырвонага касцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка, дзякуючы якому ўсталявалася традыцыя штогод сустракацца ля помніка Адаму Міцкевічу. Анатоль Іванавіч расказаў, як, працуючы над сваёй кніжкай пра гісторыю Мірскага замка, зразумеў: менавіта ж ён апісаны ў знакамітым творы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. А пісалася паэма ў Парыжы. Паэт думаў пра родныя мясціны й далёка ад Радзімы.

Жыць далёка ад роднага краю, быць выгнаннікам прыйшлося Адаму, вядома ж, не па сваёй волі. Інтэрнэт падказвае: у кастрычніку 1824-га па раздзьмутай “Справе філаматаў” (гурток патрыятычнай моладзі) ён быў высланы з тэрыторыі Літвы, у склад якой тады ўваходзіў і Наваградак. У выгнанні паэт жыў у Санкт-Пецярбурзе, Адэсе, Еўпаторыі, Сцяблёва, Харкаве, Маскве. У маі 1829-га ён выехаў з Санкт-Пецярбурга за мяжу, і жыў тады ў Германіі, Швейцарыі, Італіі ды Францыі. Дрэздэн, Парыж, Лазана — гарады, дзе ў эміграцыі Адам Міцкевіч займаўся публіцыстыкай, чытаў лекцыі: да 1840 года выкладаў антычную літаратуру ў Лазане, затым стаў прафесарам кафедры славянскіх літаратур у Калеж дэ Франс. Памёр ён у Стамбуле, куды паехаў у 1855 годзе. У 1890-м прах Міцкевіча быў перавезены з Парыжа ў Кракаў і перазахаваны ў саркафагу ў Вавельскім кафедральным саборы.

У Польшчы Адам Міцкевіч лічыцца адным з трох вялікіх паэтаў эпохі рамантызму: побач з Юліушам Славацкім і Зыгмунтам Красінскім. Сёння відавочна, што й на беларускую літаратуру XІX стагоддзя ён таксама аказаў вялікі ўплыў.

Выступоўцы ля помніка Адаму Міцкевічу гаварылі, што ў нашы дні варта думаць не пра тое, да якой нацыянальнасці аднесці песняра беларускай зямлі, а пра тое, што ён зрабіў на карысць роднага краю.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».