Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Падарунак з сюрпрызам

...Барыс быў не проста рыбаком, а рыбаком апантаным. За тыя грошы, што ён траціў на розныя рыбацкія «цацкі», па разліках зайздроснага суседа, можна было есці фарэль, прычым кожны дзень. Барыс жа карміў сваіх тым, што зловіць, і сям'я, што цікава, з задавальненнем ела, бо ёй, відаць, важна было, што чалавек мае занятак для душы, а гэта, як вядома, важней за грошы. Таму Люба — жонка Барыса — яго ніколі не «пілавала»: зносіла неяк частыя адлучкі, з ахвотай чысціла рыбу.

Ці трэба казаць, што муж быў ёй вельмі ўдзячны і таму ў вольны час — ад работы і рыбалкі — усяляк стараўся дапамагчы.

Карацей, жылі яны добра, а сталі — яшчэ лепш, калі...

У пятніцу перад Калядамі, у дзень нараджэння жонкі, гаспадар з самай раніцы адправіўся на возера: свежая рыбка на святочным стале — што можа быць лепей?! Як і падарунак...

На гэты раз Барыс купіў сваёй Любе пярсцёнак. Ён ведаў, які, бо разам з жонкай, хоць зрэдку, але зазіраў у ювелірны аддзел універмага, бачыў, да чаго яна прыглядаецца, што мерае, што лёгка аддае назад прадавачцы, а што — з пякучай тугой.

«Падсекшы» яе, апошнюю, муж пазычыў грошай, выкупіў упадабаную жонкай рэч і з нецярпеннем стаў чакаць таго дня, калі зможа ўручыць. І тады Люба спачатку знямее ад здзіўлення, потым надзене пярсцёначак на свой прыгожы пальчык, потым, ну, вядома ж, павісне ў яго на шыі.

...Клёву доўгі час не было. Хлопцы каля лунак ужо абмеркавалі палітычную абстаноўку ў далёкім і блізкім замежжы, агучылі ўсе новыя і нават «барадатыя» анекдоты, выпілі ўсю каву і гарбату, што бралі ў тэрмасах, адчулі, што стала халадаць.

Як водзіцца, у некага «з сабой было». Трохі пагрэліся. Па дабаўку паслалі ганца, а Барыс — крыху захмялелы ў прадчуваннях — вырашыў пахваліцца пакупкай: выцягнуў з глыбокай кішэні пярсцёнак, паклаў яго на далонь і, здаецца, тут жа пачуў: «Бора, клюе!»

Забыўшыся на ўсё, як той мядзведзь у сваім рыбацкім касцюме, ён кінуўся да лункі, схапіў вудзільна і... У гэта ж імгненне адчуў, як заціснуты ў кулак пярсцёнак выслізнуў адтуль і боўтнуў у злашчасную лунку.

Маржаваннем ніхто з яго сяброў не займаўся. Ды і шукаць на дне возера, пад цёмнай вадой чатыры грамы золата, — відаць, куды горш, чым у стозе іголку.

Спахмурнеў рыбак. І не столькі з-за грошай — з-за таго, што ў Любы (а значыць, і ў яго) не будзе радасці.

...Добра, што хоць клёў з'явіўся: хвілін праз колькі з той лункі, куды «нырнуў» падарунак, Барыс дастаў здаравеннага, кілаграмаў на пяць, шчупака, іншай рыбы — таксама.

Факт, што дамоў з'явіўся з поўным заплечнікам.

У якасці падарунка паднёс Любе таго шчупака ды сціплыя духі (купіў па дарозе... На рэшткі заначкі)...

Жонка, дзякаваць богу, з ахвотай прыняла (дарагі не абед) і, пацалаваўшы мужа, стала чысціць рыбу, як раптам...

На стале, пад нажом нешта бліснула... Што?.. Ды быць не можа!? «Барыс, — гукнула мужа, — мусіць, я сплю?»

У руках яна трымала пярсцёнак.

— Не, не спіш, — знайшоўся тым часам муж. — Гэта мой табе падарунак — з сюрпрызам...

Для каго ён быў большы — для Любы, якая падумала, што муж злавіў шчупака і ў пашчу яму запіхнуў пярсцёнак, ці для Барыса, які не мог апамятацца ад радасці, — гісторыя замоўчвае. Мне ж засталося толькі дадаць, што цуды здараюцца! А навагоднія ды калядныя — найчасцей.

Алена Несцяронак, г. Докшыцы


Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж. Па-першае, шчырыя прабачэнні ўсім, хто летась не чытаў, не выпісваў нашу газету або не захаваў пятнічныя старонкі і зараз не можа зайсці на сайт, каб даведацца, аб чым канкрэтна пойдзе размова.

Па-другое, гэтым жа людзям трэба нагадаць, што гісторыі чытачоў — вясёлыя і праўдзівыя — не проста друкуюцца, а бяруць удзел у конкурсе на самую лепшую, і што вызначае іх найперш вялікае чытацкае журы, сябрам якога становіцца кожны, хто ў канцы ці пачатку года дасылае нам сваю выніковую дзясятку (не рублёў, як вы разумееце, а гісторый, якія спадабаліся найбольш). Такім чынам...

«Я, можна сказаць, жыву ад пятніцы да пятніцы, каб даведацца, што на гэты раз напішуць нашы чытачы. Усе іхнія гісторыі заслугоўваюць увагі. Шмат сярод іх вельмі смешных, шмат павучальных, і шкада, што выбраць трэба толькі дзясятак, — прызнаецца, дасылаючы спіс, спадарыня Вера Клімовіч са Стаўбцоўшчыны.

«Разам з суседкай і мужам мы перачыталі ўсю рубрыку «Народ на провадзе» і вырашылі, што найлепшымі варта прызнаць «Не такі страшны чорт...» Таццяны Халопіцы («Звязда», 16.02.), «Чаго не зробіш, кахаючы» Любові Чыгрынавай (10.03.), «Дзярэць? Хай дзярэць!» Ігара Пракаповіча (20.04), «Рухавік падвёў» Івана Сіманёнка (4.05.), «Дзед Янук і Мурчуня» А. Полаз з Вілейшчыны (18.05), «Трыста грамаў чарнасліву» Валянціны Паліканінай (15.06), «Міравы суддзя» Любові Міхайлавай (10.08), «Такі быў час і такія людзі» Соф'і Кусянковай (14.09), «Хімік» Ніны Кандрашонак (23.11), — пералічвае спадарыня Лілія Скіндзер з Івацэвічаў. — Сярод іх не найгоршай была і мая гісторыя «Хто яму капае, той сам туды і трапляе», надрукаваная 12 студзеня. А ўвогуле цяжка выбраць лепшыя».

«У многіх аўтараў прысутнічае добры народны гумар», — прызнае і спадарыня Таццяна Савенка са Жлобіна. У яе дзясятку вартых адзнакі ўвайшлі: «Пад'ехаў, або Пра тое, як пан Збышак кінуў гарэлку піць» Таццяны Халопіцы (26.01.), «Дуля для дзеда Міхеда» Ніны Бурко (9.02), «Прысмакаў хацелася ўсім» Таццяны Раманавай (16.03.), «Пашлі дурнога» Н. Кандрашонак (12.10.), «Пасля буры, або Перапалох раённага маштабу» Наталлі К. (26.10) (Мы не працуем з ананімамі, проста асобныя з аўтараў паведамляюць сваё прозвішча і адрас толькі для рэдакцыі.)...

«А наогул, — падсумоўвае спадарыня Таццяна, — я аддаю перавагу «класікам» рубрыкі Соф'і Кусянковай — «Сон і сом», «Добрая была гульня», «Тэарэтык» марксізму» (29.06, 27.07 і 23.11) — ды Любові Чыгрынавай («Варыць... Трэба варыць...», «Шчасце, калі ў доме гаспадар». 25.05, 16.11). І думаю, што рэдакцыйнаму журы варта было б ацэньваць не толькі самі гісторыі, але і ўвогуле працу аўтараў»... Якая — на думку спадарыні Святланы Ляшонак — заслугоўвае, ні многа ні мала, выдання асобнага зборніка, кніжкі...

Тая ж думка прысутнічае і ў лісце старшыні вялікага чытацкага журы спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны. «Тое, што «Звязда» — найлепшая з газет, — піша яна, — я сцвярджала і буду сцвярджаць. І прычын таму шмат: гэта і вернасць мове, свайму народу, яго праблемам ды клопатам, і тое, чым не можа пахваліцца ніводнае іншае выданне: «провад» для прамой і простай сувязі — на мой погляд, геніяльная вынаходка, бо не ўсё ж працаваць ды выжываць. Людзям трэба і весяліцца. Таму і жыве гэта рубрыка з пачатку стагоддзя, таму і стала адной з самых любімых! Яе (дакладна ведаю) чытаюць і перадрукоўваюць нават у замежжы...»

«Што да выбару канкрэтных гісторый, — працягвае спадарыня Соф'я, — то асабіста мне імпануе, калі ў іх не толькі вартая смеху сітуацыя, але і само выкладанне...» Цытаваць лісты ды прыводзіць дзясяткі — з тым, каб нехта, магчыма, перачытаў упадабанае іншымі — можна і далей, але...

Урачысты момант! Так бы мовіць, «аб'яднанае» меркаванне вялікага чытацкага журы і невялічкага рэдакцыйнага: на трэцім месцы ўжо названыя, а таксама неназваная («Дзеля кучы жалеза» (16.02)) гісторыі Любові Чыгрынавай з Мінска і «Такое кіно» Аляксандра Матошкі з вёскі Янкавічы Расонскага раёна.

На другім — зноў жа названыя — Таццяны Халопіца з вёскі Затур'я Нясвіжскага раёна і неназваныя пакуль «Вяселле песняра» (29.06) і «Калі дзеці былі малыя (31.08) Івана Гаральчука з Мінска.

На першым: названыя (і неназваная — а ўсяго іх 11 «штук» — «Схованка для гаварунчыка» (13.07)) гісторыі Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна.

Пераможцы ў найбліжэйшы час атрымаюць па пошце або ў рэдакцыі (як ім зручней) ганаровыя дыпломы і (традыцыя!) цёплыя падарункі. Кожнаму з іншых аўтараў — шчыры дзякуй (ад чытачоў таксама!) за, так бы мовіць, інтэлектуальную падтрымку газеты, якую чыталі нашы дзяды і прадзеды, нашы бацькі і, хочацца верыць, будуць чытаць унукі!

Так што пішыце (гісторыі таксама), захоўвайце газеты з тым, што спадабалася. Год праляціць хутка, і мы, хочацца спадзявацца, будзем зноў маляваць вялікую зводную табліцу, расстаўляць балы...

Нейкага паўкроку-двух (часам — голасу, аднаго, магчыма, вашага?) не хапіла, у прыватнасці, каб у лідары выйшлі аповеды «Пасля буры, або Перапалох раённага маштабу» Наталлі К. з Мінска (26.10), «Пакаранне скупога» Л. В. з Гомеля і «Каб не тая барада» Валерыя Гаўрыша з Чавусаў (2.11), а таксама ўжо згаданыя «Хто яму капае, той сам туды і трапляе» Ліліі Скіндзер з Івацэвічаў (12.01), «Дзярэць? Хай дзярэць!» Ігара Пракаповіча з Паставаў (20.04), «Дзед Янук і Мурчуня» А. Полаз з Вілейшчыны (18.05), «Добры злодзей» Л. Кавальчук з Жодзіна (2.02), «Хто не ласы на каўбасы» Генадзя Мішчука з Маларытчыны і «Стары «вол» баразну не скрывіць» Л. Савосік з Асіповічаў (6.07)... Так што, калі будзе час, перачытайце...

І, вядома ж, пішыце (зваротны адрас і нумар тэлефона абавязковыя).

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.