Вы тут

Чаму крэдыты на будаўніцтва сталі менш даступныя?


Нягледзячы на стабільнасць стаўкі рэфінансавання, якая з чэрвеня мінулага года знаходзіцца на ўзроўні 10 %, у апошнім квартале 2018 года пачаўся рост ставак па крэдытах на будаўніцтва і куплю нерухомасці. Чаму гэта адбылося і як гэты факт можа паўплываць на развіццё цэнавых тэндэнцый на рынку жылля?


Шэсць банкаў паднялі стаўкі

Па інфармацыі сектара іпатэчнага крэдытавання агенцтва нерухомасці «Твая сталіца», сярод фінансавых інстытутаў, якія павялічылі стаўкі па крэдытах у канцы мінулага года былі:

  • БПС-Ашчадбанк — з 15 % да 16,1 % на куплю і будаўніцтва;
  • БелВЭБ — з 14 % да 15 % на куплю і будаўніцтва (а ў гэтым месяцы стаўка вырасла яшчэ — да 15,5 %);
  • Пріорбанк — з 14 % да 16,1 % (другі і наступныя гады) на куплю і будаўніцтва;
  • Беларускі народны банк — з 15,5 % да 15,99 % на куплю;
  • Франсабанк — з 14 % да 15,5 % на куплю;
  • Белінвестбанк — з 14,95 % да 16,1 % на куплю і будаўніцтва, а таксама адмяніў зніжэнне стаўкі на 1 % для катэгорыі тых, хто мае патрэбу.

Калі рост ставак па прапановах ад банкаў склаў ад 0,49 % да 2,1 %, то набыццё гатовых новабудоўляў у лізінг падаражэла на 0,5 — 4 %. Так, кампанія «Райффайзен-лізінг» павысіла стаўкі з 15,5 % да 16 % як на гатовыя новабудоўлі, так і на кватэры другаснага рынку, а арганізацыя «ААБ-Лізінг» падняла іх з 13 % да 17 % толькі на гатовае новае жыллё.

Але на росце ставак усё не скончылася. Самы буйны банк краіны прыпыніў выдачу крэдытаў на куплю гатовай нерухомасці (засталіся толькі на будаўніцтва). Пры гэтым дэдлайн крэдытнай паўзы Беларусбанка першапачаткова быў вызначаны на канец мінулага года, але з надыходам новага фінансавага перыяду ён працягнуўся ўжо да канца студзеня.

Сталі браць меншыя сумы

Сітуацыю каментуе кіраўнік сектара іпатэчнага крэдытавання агенцтва Людміла Сямёнава:

— Безумоўна, у параўнанні з пачаткам мінулага года цяпер атрымаць крэдыт стала складаней. У прыватнасці, пры павелічэнні працэнтнай стаўкі ўзрастаюць плацяжы па крэдыце і адпаведна банкі прад'яўляюць больш высокія патрабаванні да даходаў сваіх кліентаў.

Няўжо сітуацыя змянілася настолькі, што цяпер крэдыты сталі наогул недаступныя? Не, проста цяпер варта разлічваць на іншыя, меншыя сумы, чым гэта было яшчэ год таму. Па заяўках, якія паступілі ў канцы года, можна канстатаваць, што цікавасць да крэдытаў застаецца стабільнай.

Не выключана, што значны аб'ём заявак прадугледжвае асаблівыя (менш, чым на агульным рынку) стаўкі для кліентаў ад шэрагу банкаў, якія супрацоўнічаюць з арганізатарамі будаўніцтва. Тут банкі атрымліваюць частку свайго прыбытку ад кампаніі-забудоўшчыка. Цяпер крэдыт для набыцця кватэры ў новабудоўлі разлічваюць атрымаць больш за 40 % пакупнікоў, а для набыцця кватэры на другасным рынку — каля 30 %. Найбольш папулярныя для гэтага такія банкі, як Беларусбанк, БелВЭБ, Пріорбанк і Белінвестбанк.

Людміла Сямёнава лічыць, што ў перспектыве найбліжэйшых месяцаў падаражанне крэдытаў не павінна аказаць значнага ўплыву на кошт жылля: чакаць яго зніжэння не варта. Але таксама трэба разумець, што рост цэн на нерухомасць, які адзначаўся ў апошні год, грунтаваўся менавіта на «патаннелых» крэдытах. І таму, калі ў далейшым стаўкі будуць расці ці ўмовы выдачы крэдытаў стануць больш жорсткімі, то не выключана, што цэны на кватэры пачнуць зніжацца.

Збіць ажыятаж або атрымаць максімум выгады?

Чаму банкі адначасова павялічылі стаўкі па крэдытах на нерухомасць? Тут існуе некалькі меркаванняў. У лістападзе мінулага года ў сілу ўступіў абноўлены Банкаўскі кодэкс. Многія яго пункты датычацца крэдытаў і дэпазітаў. Напрыклад, банкі цяпер не маюць права ў аднабаковым парадку павялічыць стаўку па ўжо выдадзеным крэдыце. Выключэнне складаюць выпадкі, калі дагаворам устаноўлена пераменная працэнтная стаўка, прывязаная да паказчыка, змены якога адбываюцца незалежна ад банка.

Іншымі словамі, калі стаўка па вашым крэдыце залежыць ад стаўкі рэфінансавання і апошняя раптам павысілася, то і крэдыт таксама падаражэе. А калі ў дагаворы пазначана канкрэтная стаўка, то павысіць яе ў аднабаковым парадку банк не зможа.

Акрамя таго, некаторыя крэдыты ідуць «з нагрузкай» — дадатковымі платнымі паслугамі, скажам, страхоўкай. Цяпер кліенты змогуць самі выбраць абсалютна любога страхоўшчыка ці наогул ад гэтага адмовіцца.

Дадзеныя змены, на думку фінансавых аналітыкаў, істотна падкарэктавалі «апетыты» банкіраў. Таму яны і вырашылі папросту павысіць стаўкі. Бо іншых, больш хітрых і схаваных «накрутак» па крэдытах рабіць ужо нельга.

Праўда, ёсць і іншае меркаванне. Да сярэдзіны мінулага года менавіта фізічныя асобы набралі велізарную колькасць крэдытаў. Звычайныя спажывецкія крэдыты часам людзі афармляюць не думаючы, а значыць аддаваць іх будзе цяжка. «Доўгія» і неабдуманыя пазыкі пад нерухомасць могуць стаць, пры іх масавасці, непад'ёмнай праблемай не толькі для асобна ўзятай сям'і, а нават цэлага рэгіёна, ды і краіны ў цэлым. У Амерыцы ў свой час гэта выклікала іпатэчны крызіс. Падобную магчымую праблему для нашай краіны нібыта разгледзеў Нацбанк і ветліва папрасіў камерцыйныя банкі зрабіць так, каб небагатыя (тыя, у каго маленькія даходы) людзі не маглі браць вялікія грошы ў доўг. Магчыма, ісціна дзесьці пасярэдзіне.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Купіць нерухомасць у крэдыт будзе складаней

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».