Вы тут

Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель адзначае 80-годдзе


Сёння адзначае 80-годдзе народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель. На сцэне Тэатра беларускай драматургіі, дзе актрыса служыць больш як 25 гадоў, з гэтай нагоды адбудзецца бенефіс, пра які сама Таццяна Рыгораўна сказала сцісла: «Няхай гэта будзе весела!»


Акцёры з роднай трупы, якія падрыхтавалі ў якасці падарунка адмысловы «капуснік», сябры і калегі з іншых тэатраў, афіцыйныя асобы і вядомыя дзеячы культуры, а таксама адданыя гледачы — усе яны стануць гасцямі і ўдзельнікамі юбілейнай імпрэзы «Таццянін дзень».

У творчай біяграфіі Таццяны Мархель работа ў тэатрах некалькіх краін — Гродзенскім і Магілёўскім абласных, Беларускім тэатры імя Якуба Коласа, Дзяржаўным тэатры для дзяцей і юнацтва Казахстана (Алматы), Тэатры-студыі кінаакцёра і Тэатры беларускай драматургіі ў Мінску, а таксама здымкі ў кіно — «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Подых навальніцы», «Мяне завуць Арлекіна», «Плач перапёлкі», «Рыфмуецца з любоўю», «Сляды апосталаў»... У 1984 годзе атрымала званне заслужанай артысткі БССР, у 2004-м была адзначана медалём Францыска Скарыны, у 2011-м — стала народнай артысткай Беларусі.

Далучаючыся да шматлікіх віншаванняў, «Звязда» прапануе прыгадаць разам некалькі яркіх і запамінальных роляў выдатнай актрысы.

  • «Сымон-музыка». У гэтай пастаноўцы на сцэне Коласаўскага тэатра ў Віцебску Таццяна Мархель упершыню раскрылася перад гледачамі не толькі як драматычная актрыса, але і як спявачка, збіральніца і захавальніца аўтэнтычных народных песень, мноства якіх яна чула ад сваёй маці ў роднай вёсцы Шпакоўшчына, што ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці. Таксама народныя песні ў выкананні актрысы гучаць у спектаклі «Чарнобыльская малітва», — а часам Таццяна Рыгораўна выконвала іх у асобных музычных праграмах і шмат разоў прадстаўляла Беларусь на міжнародных фальклорных фестывалях у Вільнюсе, Маскве, Таліне, Адэсе, у гарадах Польшчы, ЗША і іншых краін.
  • «Трэцяга не дадзена». 1980 год, адна з першых роляў актрысы ў кіно. У двухсерыйнай драме рэжысёра Ігара Дабралюбава, заснаванай на рэальных фактах з біяграфіі героя Грамадзянскай і Другой сусветнай войнаў Васіля Каржа, Таццяна Мархель сыграла Алімпу — а народныя песні ў яе выкананні, якія выпадкова пачуў рэжысёр Віктар Тураў, увайшлі таксама ў фільм «Людзі на балоце».
  • «Жанчыны Бергмана». Іграючы сваю Інгрыд у пастаноўцы Валерыя Анісенкі, актрыса на працягу ўсяго спектакля... маўчала на сцэне. Але рабіла гэта так пераканаўча і таленавіта, што атрымала прыз за найлепшую жаночую ролю адразу на некалькіх тэатральных фестывалях запар — у Бабруйску, Бранску, Маскве і Ялце.
  • «Тры Жызэлі». У драматычным спектаклі паводле п'есы Андрэя Курэйчыка ў актрысы — роля Восеньскай Жызэлі, ураджэнкі Францыі Жызэль Купэс, якая пражыла ўжо досыць доўгі век далёка ад радзімы, у беларускай вёсачцы, перажыла здрадніцтва тырана-мужа і пры тым захавала веру ў лепшае, здольнасць радавацца таму, што адбываецца тут і цяпер.
  • «Беларусь. Дыдактыка». Спектакль, які з'явіўся ў рэпертуары РТБД у канцы 2017-га, — па сутнасці, гэта маналог пад музыку, у якім развагі пра жаночы лёс пераплеценыя з урыўкамі з класічнай беларускай літаратуры, фальклорнымі матывамі, пошукам свайго месца ў свеце. Што цікава, спачатку п'еса была напісаная паводле інтэрв'ю з самой Таццянай Мархель і ўтрымлівала многа біяграфічных момантаў, але актрыса так і не рашылася вынесці іх на публіку.

На сёння Таццяна Мархель занятая ў пяці пастаноўках Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, таксама працягвае здымацца ў кіно — напрыклад, кароткаметражная стужка «Возера радасці» (паводле рамана Віктара Марціновіча) з яе ўдзелам нядаўна трапіла ў праграму міжнароднага кінафестывалю ў Клермон-Феране, што пройдзе ў пачатку лютага.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота з архіва тэатра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».