Вы тут

Кім будзе прадстаўлена акрабатыка на Еўрапейскіх гульнях


Адным з самых прыгожых відаў спорту, які ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў, стане спартыўная акрабатыка. Турнір пройдзе на «Мінск-Арэне», гэтую пляцоўку акрабаты будуць дзяліць з мастацкімі гімнастамі. Па восем найлепшых пар і трыа з Еўропы разыграюць шэсць камплектаў узнагарод. Каб расказаць чытачам, як беларуская каманда рыхтуецца да аднаго з самых адказных турніраў года, карэспандэнты «Звязды» зазірнулі на трэніроўку зборнай.


* * *

Сёння нацыянальная каманда па спартыўнай акрабатыцы складаецца з 13 спартсменаў і 5 трэнераў. З іх на Еўрапейскія гульні ў Мінску рыхтуюцца тройка і дзве змешаныя пары. Дарэчы, наша трыа ў складзе Карыны Сандовіч, Веранікі Набокінай і Кацярыны Барысевіч ужо выступалі на Еўрапейскіх гульнях у Баку і занялі там трэцяе месца. Зараз тройка зведала змены, па сямейных абставінах каманду пакінула Кацярына Барысевіч, яе змяніла Юлія Івончык. «Дзяўчаты ўжо дастаткова вопытныя, іх трыа можна назваць тытулаваным, — расказвае старшы трэнер, начальнік каманды Ірына Лясько. — Яны паказваюць складаную праграму, адпрацаваную, узровень артыстызму таксама на вышыні».

Са змешанымі парамі справы ідуць пакуль не так ясна. На права прадстаўляць краіну на дамашніх Еўрапейскіх гульнях прэтэндуюць два дуэты — Канстанцін Яўстаф'еў і Ганна Касьян з Мінска, а таксама Вольга Мельнік (Брэст) і Артур Белякоў (Гомель). Для гэтых акрабатаў трэба будзе прайсці два этапы адбору — этапы Кубка свету ў сакавіку, па выніках якіх стане ясна, хто выступіць на Гульнях у чэрвені. «Гэта добрая канкурэнцыя ўнутры каманды, дзве пары ідуць нага ў нагу. Спартсмены таксама вопытныя — прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы», — адзначае Ірына Лесько.

Наогул, на Еўрапейскіх гульнях у Мінску будуць выступаць восем змешаных пар і восем трыа. Гэта найлепшыя прадстаўнікі краін, якія адабраліся па выніках чэмпіянату свету 2018 года.

Задачы на Еўрапейскія гульні ў зборнай Беларусі вельмі высокія — два медал. «Наш від спорту не алімпійскі, таму задачы на любыя спаборніцтвы для нас — гэта 1—3 месца, трымаць планку высока даводзіцца заўсёды», — падкрэслівае старшы трэнер каманды. Традыцыйна галоўнымі канкурэнтамі ў барацьбе за медалі для беларусаў і на Еўрапейскіх гульнях стануць расійскія спартсмены.

У рамках падрыхтоўкі да Гульняў зборная Беларусі выступіць на этапах Кубка свету ў сакавіку. У красавіку каманда будзе праходзіць падрыхтоўку да тэставых спаборніцтваў, якія з 1 да 5 мая прыме «Мінск-Арэна». Беларускі бок плануе разаслаць запрашэнні на турнір усім удзельнікам Еўрапейскіх гульняў. «Для нас тэставыя спаборніцтвы будуць вельмі важныя, яны пройдуць па фармаце будучых Гульняў, — расказвае Ірына Лясько. — Мы яшчэ ні разу не выступалі на «Мінск-Арэне», таму абавязкова трэба пратэсціраваць пляцоўку. І тэставыя спаборніцтвы, і спаборніцтвы Еўрапейскіх гульняў у нас будуць праходзіць паралельна з мастацкай гімнастыкай, яны, у адрозненне ад нас, ужо праводзілі на арэне чэмпіянат Еўропы, таму маюць куды больш вопыту і дапамагаюць нам у арганізацыі. Мы купляем новае абсталяванне, яго трэба ўсталяваць, пакласці дыван, уладкаваць разміначныя і трэніровачныя залы. Тэставыя турніры таксама важныя не толькі для саміх спартсменаў, але і для арганізацыйнага камітэта, каб і валанцёры, і ўвесь персанал, які будзе абслугоўваць спаборніцтвы, змог аператыўна працаваць на Еўрапейскіх гульнях».

* * *

Акрабатыка — від спорту суб'ектыўны, бо ацэньваюць атлетаў жывыя людзі. Ацэнка спартсмена складваецца з тэхнічнай складанасці і артыстызму. Кожная праграма павінна ўтрымліваць восем элементаў, гэта значыць, пірамід, у якіх спартсмены стараюцца набраць максімальную складанасць, а яна, дарэчы, у акрабатыцы не абмежавана. Выступленні спартсменаў складваюцца з трох практыкаванняў: дынамічнага (сальта і вінтавыя скачкі), балансавага (статычныя практыкаванні) і камбінаванага. «Нават адна дзясятая можа адыграць вялікую ролю, мы часта сутыкаемся з несправядлівасцю ў адносінах да ацэнак спартсменаў, таму важна, каб у судзейскім корпусе былі прадстаўнікі кожнай краіны. Па міжнародных правілах, калі краіна не падае на спаборніцтвы суддзю, то павінна заплаціць штраф», — тлумачыць Ірына Лясько.

Каб аказацца на п'едэстале самых прэстыжных спаборніцтваў, акрабатам неабходна валодаць не толькі добрай тэхнічнай базай, але і прафесійным артыстызмам. Трэнеры нашай зборнай адзначаюць, што калі да тэхнікі беларускіх спартсменаў нараканняў практычна няма, то вось над артыстызмам працы яшчэ шмат. Таму сёлета ў штабе зборнай з'явіўся трэнер-харэограф — Вольга Вашчанка. «Для акрабатыкі вельмі важна харэаграфія — адзін з аспектаў выступлення. Гэтак жа, як мы змагаемся за адзнаку па тэхніцы, змагаемся і за адзнаку па артыстызме, — расказвае харэограф Вольга Аляксандраўна. — Нам заўсёды ёсць да чаго імкнуцца, вядучыя краіны задаюць узровень харэаграфіі. У такіх краін, як Бельгія, Англія, Ізраіль, вельмі высокі ўзровень артыстызму, яны заўсёды з'яўляюцца наватарамі ў харэаграфіі, пастаянна прыдумваюць нешта новае і цікавае. Нам на дадзены момант трэба імкнуцца павысіць свой узровень, каб не адставаць ад вядучых краін, і нараўне з тэхнічнай ацэнкай атрымліваць адзнаку па харэаграфіі».

Час, за які атрымліваецца паставіць праграму, залежыць ад майстэрства спартсмена, узроўню яго падрыхтоўкі, ад таго, наколькі зладжана працуюць трэнер і спартсмен. «Цяпер вось прыехала пара з Гомеля, атрымалася, што мы за два дні склалі кампазіцыю, а бывае, доўга не ладзіцца», — адзначае харэограф.

На Еўрапейскіх гульнях нашы спартсмены выступяць з кампазіцыямі, якія ўжо паказвалі суддзям і гледачам, бо для паспяховага выступлення кампазіцыю трэба добра адпрацаваць. Хоць і ў чэрвені аматары спорту змогуць убачыць навінкі ў выступленнях нашых спартсменаў.

Назіраючы за праграмамі акрабатаў, немагчыма не адзначыць іх яркія касцюмы. Дарэчы, эскізы адзення для выступленняў спартсмены распрацоўваюць самі. Швачкі могуць толькі ўнесці дапаўненні. Звычайна нашым спартсменам патрабуецца адзін касцюм на сезон. Чакаць запаветны купальнік даводзіцца не менш за месяц.

Каментарыі:

Карына Сандовіч, бронзавы прызёр І Еўрапейскіх гульняў:

— Уражанні ад І Еўрапейскіх гульняў засталіся, вядома, самыя найлепшыя, такі досвед у жыцці застанецца назаўсёды. Гэтыя спаборніцтвы былі для нас самыя важныя, як Алімпійскія гульні для неалімпійскага віду спорту. Думаю, гэты досвед спатрэбіцца нам і цяпер, у чэрвені, мы ўжо прыкладна ведаем, чаго чакаць, як усё будзе праходзіць. Гэта дазваляе рыхтавацца да выступлення спакойна.

Цяпер мы працуем над сваёй праграмай, ускладняем элементы, чысцім кампазіцыі, стараемся зрабіць усё для таго, каб годна прадставіць сваю краіну на Гульнях 2019 года. З намі працуе наш трэнер Наталля Іванаўна Іваноўская, якая падрыхтавала нямала паспяховых спартсменаў, таму мы вельмі давяраем гэтаму спецыялісту. З харэографам Вольгай Аляксандраўнай працуем над тым, каб нашы кампазіцыі змаглі зачапіць гледачоў і суддзі ацанілі іх па заслугах. ІІ Еўрапейскія гульні стануць самымі важнымі спаборніцтвамі ў маёй спартыўнай кар'еры. Задача адна — залаты медаль, бо мы ведаем, што здольныя на гэта. Трэба ліквідаваць хваляванне і зрабіць сваю работу так, як мы ўмеем, а далей суддзі ўсё вырашаць.

Вераніка Набокіна, бронзавы прызёр І Еўрапейскіх гульняў:

— Еўрапейскія гульні — зусім іншы ўзровень спаборніцтваў. У Баку ў 2015 годзе гэты турнір быў для нас першы, дзе адначасова ўдзельнічала столькі відаў спорту. Уразіў узровень арганізацыі і сама алімпійская вёска. Гэта бясцэнны вопыт, які спатрэбіцца нам і на ІІ Еўрапейскіх гульнях. Зараз наша падрыхтоўка да Гульняў праходзіць старанна, у прынцыпе, як і да ўсіх спаборніцтваў высокага ўзроўню. Еўрапейскія гульні вельмі важная для нас падзея, задача — зрабіць сваю работу, як мага лепш, каб мы і наш трэнер быў задаволены.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Каралева рызыкі

Выбар рэдакцыі

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. 

Эканоміка

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

Якія неўзабаве ўвойдуць у прафесійны побыт.

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!