Вы тут

Чэмпіён свету па тайскім боксе — пра ганарары, адукацыю і жонку-баксёрку


Сяміразовы чэмпіён свету па тайскім боксе расказаў пра ганарары, сваю адукацыю і жонку-баксёрку.

Дзмітрый Валент у боксе ўжо больш за дзесяць гадоў, яго тытулы па выступленнях у прафесійным і аматарскім спорце вылічаюцца таксама дзясяткамі. Матывацыю быць найлепшым Дзмітрый атрымаў яшчэ ў дзяцінстве, пражыўшы ў адным з самых неспакойных раёнаў сталіцы. Пра тое, як загартоўваў характар на аўтазаводзе, пра жонку, якая таксама займаецца тайскім боксам, і нядаўні байцоўскі турнір «Ахмат», які прыняў Мінск, Дзмітрый расказаў у інтэрв'ю «Звяздзе».


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

«ММА вельмі папулярны ў свеце, у нас цікавасць таксама ёсць»

— Дзмітрый, давайце пачнём менавіта з турніру, які ў канцы 2018 года прайшоў у Мінску.

— Мы даўно не прымалі турніраў такога маштабу, як «Ахмат». Для мяне асабіста было хвалююча, яшчэ і таму, што я даўно не ўдзельнічаў у такіх мерапрыемствах на прафесійным рынгу дома. Хвалююча, калі за цябе прыходзяць «хварэць» блізкія, сябры і проста землякі. Заўсёды дома біцца цяжэй, чым за мяжой. Там прыехаў, цябе ніхто не ведае, выйшаў, зрабіў сваю працу, а тут адказнасць, хочацца выйграць абавязкова, каб публіцы спадабалася, каб трэнера не падвесці. Усё ў комплексе дае вялікі груз адказнасці, ты стараешся з ім справіцца, каб гэта не паўплывала на вынік.

У цэлым лічу, што турнір у Беларусі прайшоў на высокім узроўні і баі атрымаліся відовішчныя. ММА вельмі папулярны ў свеце, на баі збіраюцца статысячныя стадыёны. У нас, вядома, пакуль такога няма, але цікавасць таксама вялікая. Наколькі я ведаю, у «Мінск-Арэне» тым вечарам сабралася каля пяці тысяч чалавек. Нядрэнна. Улічваючы, што рэкламавалі «Ахмат» у Мінску не вельмі шмат.

— Ваш бой з украінцам Сяргеем Сніцюком атрымаўся, мабыць, самы відовішчны і цікавы для беларускіх балельшчыкаў.

— Даведаўся імя свайго саперніка за месяц да турніру, тады і пачаў падрыхтоўку. Раней з Сяргеем мы на рынгу не сустракаліся. У Мінску я выйграў паядынак накаўтам, для любога спартсмена гэта важна, ды і трэнер застаўся задаволены маімі дзеяннямі. Лічу, што паказаў відовішчны бой, потым яго нават сам пераглядаў, хоць звычайна свае баі не асабліва люблю глядзець.

— Па колькасці людзей на «Мінск-Арэне» і іх эмоцыях было зразумела, што беларусам падабаюцца такія турніры. Чаму ў нашай краіне яны настолькі рэдкія?

— Для такіх мерапрыемстваў патрэбны вельмі вялікія грошы, Міністэрства спорту іх фінансаваць не можа, бо гэта прафесійны спорт, значыць, патрэбны спонсары, а ў нас у краіне іх знайсці вельмі складана.

«Я гатовы да таго, што паражэнне можа здарыцца»

— Зараз вы выступаеце і ў прафесійных, і ў аматарскіх рынгах?

— Так, я з'яўляюся членам зборнай Беларусі па тайскім боксе, але ў той жа час выступаю і па профі. Аднак сярод прафесіяналаў у мяне даволі спецыфічная вага, прамежкавая, таму не заўсёды атрымліваецца знайсці сабе баі. За два апошнія гады правёў усяго тры прафесійныя паядынкі.

— Вядома,  што спартсмены ў вашым відзе зарабляюць добрыя грошы. Які максімальны ганарар можна атрымаць у прафесійным тайскім боксе?

— Гэта залежыць ад імя спартсмена, ад яго вядомасці і заслуг, наколькі бяспройгрышна ён ідзе па сваёй кар'еры. Так, наўскідку сказаць цяжка, але ганарары часам даходзяць да вельмі добрых грошай.

— Тысячы долараў?

— Ды і больш.

— Вы лічыце свае тытулы?

— Прафесійныя даўно не лічыў, па аматарах я сяміразовы чэмпіён свету па тайскім боксе, шэсць разоў выйграў чэмпіянат Еўропы. Браў Кубак свету па кікбоксінгу і выйграваў чэмпіянаты свету і Еўропы. Лічыцца, што для тайскага бокса я пачаў кар'еру даволі позна — у 16 гадоў, але ў мяне ўжо была база: да гэтага я займаўся тэквандо. Падобны від спорту, ногі задзейнічаны, адпаведна цела падрыхтавана. У 17 паехаў на чэмпіянат свету сярод моладзі і заняў там першае месца, літаральна за год заняткаў. Па прафесіяналах свой першы бой выйграў у 19 гадоў, тады біўся з узроставым спартсменам, якому на той момант было ўжо за 30, і атрымаў перамогу накаўтам у першым раўндзе.

— Прыгадваючы папярэднія баі, ці можаце вылучыць самы важны і складаны для вас тытул?

— Што датычыцца аматараў, то, напэўна, гэта самы першы тытул (чэмпіёна свету), хоць я выйграў яго па моладзі. Гэта было першы раз, першы выезд за мяжу, тым больш у Тайланд, на радзіму тайскага бокса. Прыехаў туды, убачыў, як трэніруюцца тайцы, хадзіў з вялікімі вачыма, назіраючы за імі. Пасля турніру мы засталіся на зборы ў маленькай тайскай вёсачцы, дзе мясцовыя рэдка бачылі белых людзей. Пасля гэтай паездкі істотна вырас мой узровень.

Апошнім часам аматарскія спаборніцтвы прыносяць ужо не такія эмоцыі, таму што столькі ўжо выйграна, столькі зроблена. Цяпер хочацца больш рэалізавацца ў прафесійным спорце. Мая мэта — праводзіць максімальную колькасць баёў, заваёўваць тытулы вядучых арганізацый. З менеджарам працуем над гэтым.

— Ці лічыце, што пік вашай кар'еры яшчэ наперадзе?

— Думаю, так. Мне 30 гадоў, для нашага віду спорту гэта добры ўзрост, калі ты стаў мужчынам, дастаткова сілы і вопыту за спінай. Пакуль ёсць жаданне і здароўе, буду займацца боксам, калі жаданне знікае, хоць і здароўе ёсць, біцца ўжо няма сэнсу. Ты не зможаш сябе матываваць, а выступаць дзеля грошай нецікава. Шмат прыкладаў, калі жаданне зарабіць прыносіць сумны вынік.

— Памятаеце свой самы складаны бой?

— Так, гэта было ў 2016 годзе, я тады датэрмінова прайграў у першым раўндзе. Біўся супраць вопытнага і тытулаванага спартсмена з Украіны Артура Кішэнкі. Гэта адзіны момант у кар'еры, калі я так прайграў. Вельмі перажываў. Хоць, звычайна не вельмі хвалююся, разумею, што гэта спорт, і калі я ўжо займаюся на такім узроўні, то гатовы да таго, што паражэнне можа здарыцца. Пасля правалу карысна тыдзень адпачыць ад залы, пераключыцца, прыйсці ў патрэбны псіхалагічны стан, пасля гэтага вяртаешся ў залу з новымі сіламі.

«Падчас бою нічога не адчуваю»

— У рынгу вам было калі-небудзь страшна?

— Страх прысутнічае ў любога, няма людзей, якія не баяцца. Як кажуць, не баяцца толькі дурні. Страх павінен быць, гэта рэч, якой трэба ўмець кіраваць і накіроўваць у патрэбнае рэчышча, тады ўсе інстынкты пачынаюць працаваць на карысць (рэакцыя, пачуццё дыстанцыі). Ты ў баі значна мацнейшы, чым на трэніроўцы, таму што за кошт страху, калі правільна яго накіраваць, можаш уключыць свае дадатковыя рэсурсы.

— Чалавек прывыкае да фізічнага болю?

— Падчас бою наогул нічога не адчуваю, хоць мы б'ём адзін аднаго нагамі костка ў костку, трапляем у локці, гэта ўсё адрэналін. Рассячэнне адчуваецца як укол. Боль пачынае адчувацца на наступны дзень.

На шчасце, сур'ёзных траўмаў у мяне не было. Пералом рукі, расцяжэнне звязак, рассячэнне — звыклыя рэчы для нашага віду спорту.

— Што вы адчуваеце, калі б'яце іншага чалавека?

— Я стараюся быць сумленным, зразумела, што гэта спорт, мы абодва выходзім у рынг і хочам выйграць, але зрабіць гэта можа толькі адзін. Таму кожны стараецца рабіць усё магчымае, даводзіцца біць. Але на самай справе я вельмі спакойны чалавек і выхаваны ў тым плане, што не стукну саперніка ў патыліцу або пасля каманды «Стоп». Ёсць шмат брудных байцоў, якія выкарыстоўваюць такія моманты, каб выйграць любой цаной. Я ніколі такога не рабіў.

«У дзяцінстве змяніў пяць школ»

— Вы выраслі ў Мінску ў спальным раёне. Гэта загартавала ваш характар?

— Так, я рос на аўтазаводзе, можна сказаць, на вуліцы з сябрамі. Самі разумееце, як падлеткі ў тыя часы жылі, прысутнічала ўсё. Пэўную загартоўку я атрымаў менавіта там. Адбылося фарміраванне характару, пераадолення некаторых страхаў.

На самай справе, мне здаецца, я быў, з аднаго боку, дзіцем спакойным, але з іншага — не вельмі. Цяпер ужо вучуся ў 7-й або 8-й установе, а ў дзяцінстве змяніў пяць школ. З-за паводзінаў у мяне не складваліся адносіны з настаўнікамі, часта і не па маёй віне. Лічу, што гэта нармальна, мужчына павінен умець адстойваць свой пункт гледжання, абараніць сябе і сваіх блізкіх.

— У дарослым узросце даводзілася біцца?

— Вельмі даўно, таму што я разумею: могуць быць наступствы. Наш закон кажа пра тое, што калі ты маеш званне, вышэйшае за майстра спорту, і ў бойцы нанясеш чалавеку якія-небудзь калецтвы, будзеш пакараны стражэй, чым просты чалавек. І, наогул, мне гэта не трэба, імкнуся вырашаць усё словамі або проста сыходзіць.

Дзмітрый з жонкай Марыяй.

«Жонка слухае толькі мяне і трэнера»

— Ваша жонка Марыя таксама займаецца тайскім боксам...

— Так, нядаўна ў Мексіцы яна заняла трэцяе месца на чэмпіянаце свету. Па сутнасці, мы з ёю праз спорт і пазнаёміліся. Нам было па 17 гадоў, і з таго часу мы разам. Ужо пяць гадоў у шлюбе. Я дапамагаю ёй у падрыхтоўцы. У дзяўчат зусім іншая псіхіка і псіхалогія, яны па-іншаму адчуваюць сябе перад баямі. Яна чуе толькі мяне і свайго трэнера, больш нікога не ўспрымае. У сваю чаргу Маша падтрымлівае мяне, разумее, што такое спорт, як бывае цяжка, калі зганяеш вагу і знаходзішся на мяжы. Думаю, калі б жонка была не са спорту, было б значна цяжэй.

— Вы прысутнічаеце на паядынках адзін аднаго?

— Так, вядома. Калі мы ездзім на чэмпіянаты разам, то я выходжу секундаваць разам з яе трэнерам.

— Цяжка глядзець, як б'юць жонку?

— Цяжка. Я за яе як за блізкага чалавека больш перажываю, чым за сябе. Па-першае, гэта дзяўчына, яна траўміруе твар. Часам нават з'яўляюцца думкі, што я не асабліва хачу, каб яна займалася спортам, але бачу, што Маша атрымлівае ад гэтага задавальненне, даводзіцца падтрымліваць, выйсця няма.

— А Маша як назірае за вашымі баямі?

— Яна нейкім чынам адчувае, калі мне будзе складана, а калі — не, таму нейкія баі глядзіць спакойна, а падчас іншых не можа знайсці сабе месца.

— Яна можа зрабіць вам заўвагі?

— Можа, але я іх асабліва не ўспрымаю, усё ж такі ў мяне заслуг больш, і разбіраюся я ў спорце лепш, але паслухаю, каб ёй было прыемна (усміхаецца).

— Вы атрымліваеце другую вышэйшую адукацыю, прытым яна не спартыўная. Ці плануеце выкарыстоўваць на практыцы?

— Шчыра, пакуль не магу сказаць. У мяне была мэта пайсці адвучыцца, і вось я хутка заканчваю Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Далей не ведаю, з чым будзе звязана маё жыццё. Вядома, хацелася б застацца ў спорце, але трэнерская дзейнасць — не надта ўдзячны від працы і дрэнна аплачваецца ў нас у краіне, таму не ведаю.

— Вы неяк казалі, што марыце адкрыць сваю залу...

— Так, але не хачу яе арандаваць, хацелася б выкупіць у кагосьці памяшканне і зрабіць пад сябе. Бо ў Беларусі цяпер вельмі папулярны наш від спорту, больш папулярны, чым класічны бокс або барацьба. Вельмі шмат моладзі трэніруецца, шмат залаў адчыняецца. Гэты кірунак досыць модны, ды і наогул, спорт у апошнія гады стаў вельмі модны, усе пачалі хадзіць у залы, модна мець прыгожае цела. Я лічу, гэта правільна: здаровыя людзі — гэта здаровая нацыя.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Біцца дзеля грошай нецікава»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.