Вы тут

Чаму неспакойна ў Габоне?


На Каляды ў далёкім Габоне, размешчаным на Атлантычным узбярэжжы Экватарыяльнай Афрыкі, здарыўся ваенны пераварот. А палове пятай па мясцовым часе ў будынак дзяржаўнай радыёкампаніі ўварвалася група ўзброеных вайскоўцаў. Яны запатрабавалі перадаць у эфір падрыхтаванае імі камюніке. Паўстанцамі верхаводзіў лейтэнант Кэлі Онда Абіанг, які займаў пасаду намесніка камандзіра рэспубліканскай гвардыі Габона. Ён зачытаў кароткі зварот ад імя «Патрыятычнага руху моладзі ўзброеных сіл і бяспекі Габона», у якім гаварылася аб расчараванні ў палітыцы дзеючага прэзідэнта Алі Бонга і абвяшчалася стварэнне «Нацыянальнага савета рэстаўрацыі», да якога і павінна была перайсці ўлада ў краіне. Аднак, як неўзабаве стала вядома, сілавыя структуры краіны пераварот не падтрымалі. Таму праз некаторы час верныя прэзідэнту Алі Бонга воінскія падраздзяленні здолелі падавіць мяцеж. Радыё RFІ са спасылкай на міністра па справах камунікацый Гі-Бертрана Мапонгу паведаміла, што сілавікі арыштавалі мяцежнікаў. Міністр заявіў, што гаворка ідзе аб групе «жартаўнікоў», невядомых камандаванню арміі. Чаму «ліхаманіць» рэспектабельны па афрыканскіх мерках Габон?


Тры прэзідэнты

Габон знаходзіцца на заходнім узбярэжжы Цэнтральнай Афрыкі і мяжуе з Гвінеяй, Камерунам і Рэспублікай Конга. Гісторыю гэтай дзяржавы можна лічыць тыповай для Чорнага кантынента. Да часу з'яўлення еўрапейцаў у Габоне мясцовае насельніцтва жыло першабытнаабшчынным ладам і не мела нават зародкаў дзяржаўнасці. Першымі сюды дабраліся партугальцы. У 1472 годзе капітан Руй дзі Сікейру выявіў бухту, якую назваў Габон (ад партугальскага слова, якое абазначае плашч з капюшонам). У ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях у гэтыя мясціны пачалі прыплываць галандцы, французы, іспанцы, брытанцы. Яны абменьвалі свае тавары (соль, крэмневыя стрэльбы, порах, пацеркі, алкагольныя напоі) на слановую косць, эбенавае дрэва, воск, мёд, пальмавы алей. У прыбярэжных раёнах ствараліся гандлёвыя факторыі і каталіцкія місіі.

У пачатку ХVІІІ стагоддзя на ўзбярэжжы з'явілася каралеўства Арунгу, якое кантралявала гандаль з еўрапейцамі. Яно стала буйным пастаўшчыком рабоў і праіснавала да 1873 года. Сыход Арунгу звязаны з заняпадам гандлю «жывым таварам». Пачатак каланізацыі Францыяй гэтай тэрыторыі паклаў капітан Луі Эдуард Буэ-Вільёмэ, які заснаваў у бухце Габон стаянку для караблёў і заключыў у 1839 годзе дамову з правадыром племені мпонгве, якога абярнулі ў хрысціянства. У 1849-м французы захапілі партугальскі карабель гандляроў рабамі і вызваленыя афрыканцы заснавалі паселішча Лібрэвіль — цяперашнюю сталіцу краіны. З сярэдзіны ХІХ стагоддзя пачалося пранікненне французаў у глыбінныя раёны.

Краіна атрымала незалежнасць у 1960 годзе. За ўсю гісторыю незалежнага Габона ў ім змянілася толькі тры прэзідэнты. Першы быў Леон Мба, пасля яго смерці прэзідэнтам стаў 32-гадовы Альбер-Бернар Бонга (бацька цяперашняга кіраўніка дзяржавы). Сын правадыра племя тэке, ён скончыў лётную школу, два гады праслужыў у ваенна-паветраных сілах, а затым перайшоў на дзяржаўную службу. За чатыры гады колішні капітан авіяцыі зрабіў галавакружную кар'еру, заняўшы спачатку пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Леона Мба, затым кіраўніка адміністрацыі, а ў 1964 годзе перамясціўся ў крэсла міністра абароны Габона. У 1966-м Бонга стаў віцэ-прэзідэнтам краіны, а калі 28 лістапада 1967 года памёр Леон Мба, змяніў яго на пасадзе прэзідэнта. У 1973 годзе Альбер-Бернар пабываў з візітам у Лівіі, дзе трапіў пад уплыў Муамара Кадафі і прыняў іслам, адпаведна пераназваўшы сябе ў Эль-Хадж Амара Бонга. Гэта было вельмі дзіўнае рашэнне, улічваючы, што пераважная большасць жыхароў краіны вызнаюць хрысціянства каталіцкага толку, накладзенае на мясцовыя традыцыйныя культы, а мусульман тут нават цяпер не больш за сем працэнтаў насельніцтва. Аднак, нягледзячы на нядрэнныя адносіны з Лівіяй, у цэлым Габон заўсёды праводзіў празаходнюю палітыку і лічыўся адным з апірышчаў французскага ўплыву ў Афрыцы. Французскія дэсантнікі не раз ратавалі Бонга ад пратэстных выступлення і спроб ваенных пераваротаў. Сам Бонга-старэйшы казаў: Габон без Францыі — як аўтамабіль без кіроўцы. Францыя без Габона — як аўтамабіль без паліва.

Фанк, масоны і футбол

Насамрэч цесныя сувязі з Пятай рэспублікай тлумачыліся тым, што Габон валодае каласальнымі прыроднымі багаццямі — нафтай, марганцам (найбуйнейшае ў свеце радовішча, агульныя запасы якога ацэньваюцца ў 225 мільёнаў тон), прыродным газам, жалезнай рудой, драўнінай, гідрарэсурсамі. Між тым асаблівае значэнне заўсёды надавалася габонскаму ўрану. Габон займае пятае месца ў свеце па запасах урану і меў эксклюзіўныя дамовы з Францыяй аб тым, што будзе пастаўляць уран толькі гэтай краіне. Прыродныя рэсурсы зрабілі Габон адной з найбагацейшых краін афрыканскага кантынента. Аснову экспарту заўсёды складалі нафта і нафтапрадукты (краіна ўваходзіць у АПЕК і лічыцца адной з самых перспектыўных на сусветным рынку вуглевадародаў — аб'ёмы здабычы «чорнага золата» тут дасягаюць 200 тысяч бараляў у дзень), якія пастаўляюцца ў Кітай, Японію, Аўстралію, ЗША, Індыю, Паўднёвую Карэю і шэраг іншых дзяржаў. Імпарт, наадварот, мае пераважна французскае або кітайскае паходжанне. З тых часоў, як краіна атрымала незалежнасць, яна застаецца адной з самых стабільных і заможных на кантыненце. Звыш 80 працэнтаў насельніцтва жыве ў гарадах, што істотна перавышае сярэдні ўзровень урбанізацыі краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары, які складае каля 40 працэнтаў.

Дзеючы прэзідэнт Габона 59-гадовы Алі бен Бонга Андзімба атрымаў у спадчыну ўладу ад свайго бацькі Амара Бонга, які ўзначальваў краіну 42 гады. Бонга вядомы не толькі сваімі палітычнымі рашэннямі, але і любоўю да музыкі, футбола і масонскага руху. Сольны музычны альбом будучага прэзідэнта ў стылі фанк, які выйшаў у 1977 годзе, называўся А Brаnd Nеw Mаn. Пласцінку прадзюсаваў менеджар легендарнага амерыканскага спевака Джэймса Браўна Чарльз Бобі. Стаўшы палітыкам, Алі таксама дэманстраваў сваю любоў да джаза, басанова і класічнай музыкі. Напрыклад, падчас сваёй прэзідэнцкай кампаніі ў 2009 годзе ён пачаў чытаць рэп.

Праз чатыры гады пасля выхаду музычнага альбома Алі Бонга вырашыў пераключыцца на палітыку. Спачатку ён стаў міністрам замежных спраў, а затым міністрам абароны краіны. У 2009 годзе пасля смерці бацькі Алі выйграў выбары прэзідэнта, атрымаўшы падтрымку 42 працэнтаў насельніцтва. Вядомы сваёй любоўю да футбола, Бонга ў 2015 годзе запрасіў у Габон футбаліста Леанэля Месі. Бонга з'яўляецца адным з нямногіх франкамоўных прэзідэнтаў краін Афрыкі, хто не толькі адкрыта падтрымлівае масонскі рух, але і ўзначальвае ложу ў Габоне.

«Хопіць есці і піць!»

Цікава, што спроба ваеннага перавароту адбылася якраз у тыя дні, калі дзеючы прэзідэнт Габона знаходзіўся на лячэнні ў Марока. Справа ў тым, што ў кастрычніку 2018-га 59-гадовы Алі Бонга перанёс інсульт. Яго тэрмінова даставілі на самалёце ў Эр-Рыяд, дзе прэзідэнт прайшоў курс тэрапіі, а затым перавезлі на аднаўленчае лячэнне ў Марока. Тым не менш 31 снежня 2018 года Алі Бонга звярнуўся з навагоднім пасланнем да грамадзян краіны. Менавіта гэта пасланне, калі верыць афіцыйнай версіі, і абурыла вайскоўцаў, якія склалі ядро змоўшчыкаў. Нібыта Бонга з цяжкасцю размаўляў, а яго рука вісела як бізун, але пры гэтым прэзідэнт казаў пра сваё добрае самаадчуванне.

Таму змоўшчыкі і вырашылі адхіліць хворага прэзідэнта, каб «аднавіць дэмакратыю» ў Габоне. Кіраўнік путчыстаў арыгінальна заклікаў суграмадзян да зброі: «Хопіць есці, хопіць піць, калі вы зараз ясце і п'яце! Калі спіце, прачніся, будзіце суседзяў — выходзьце ў адзіным парыве і займайце вуліцы! Прыйшоў доўгачаканы дзень, калі войска рашылася ўстаць на бок народа і вывесці Габон з хаосу!» Паўсталыя ваенныя звярнуліся да салдат усіх узброеных сіл і паліцыі з заклікам захапіць аэрапорты, муніцыпальныя ўстановы, сродкі масавай інфармацыі і транспарт.

Калі здароўе Алі Бонга пагоршылася, сітуацыяй у Габоне вельмі моцна зацікавіліся нават не столькі ў Францыі, колькі ў Злучаных Штатах. І гэта невыпадкова. Апошнім часам ЗША імкнуцца актывізаваць свой удзел у палітыцы і эканоміцы Чорнага кантынента. Гэта адбываецца ў сувязі з двума асноўнымі фактарамі. Вашынгтон страчвае цікавасць да Блізкага Усходу, паколькі блізкаўсходнія партнёры ЗША — Турцыя, Сірыя і нават Ізраіль — усяляк паказваюць імкненне дзейнічаць выключна ў сваіх інтарэсах.

Не варта забываць і аб тым, што Кітай і Расія таксама нарошчваюць сваю прысутнасць у Афрыцы, што не можа падабацца амерыканцам, адзначае tорwаr.ru. Сустрэча Алі Бонга з Уладзімірам Пуціным, якая адбылася летам мінулага года, падчас чэмпіянату свету па футболе, таксама не магла не насцярожыць Вашынгтон. «Сёння аб Афрыцы кажуць усё ў самых розных аспектах. Гэты кантынент мае найбагацейшыя рэсурсы, і зараз мы назіраем, як многія буйныя дзяржавы змагаюцца паміж сабой, каб атрымаць доступ да гэтых надзвычай багатых рэсурсаў», — сказаў тады габонскі прэзідэнт. У той жа час у Маскве пабываў і прэзідэнт Судана Амар аль-Башыр. Абодва гэтыя палітыкі заклікаюць да актывізацыі расійскага ўплыву ў Афрыцы і падтрымліваюць сяброўства з Пекінам.

Абмежаваны кантынгент

2 студзеня 2019 года ў Габон былі перакінутыя амерыканскія войскі. Ужо 5 студзеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў Кангрэсу ЗША аб адпраўцы ў Афрыку вайсковага кантынгенту. Пры падтрымцы авіяцыі ў Габон былі перакінуты каля 80 амерыканскіх вайскоўцаў. Колькасць быццам бы невялікая, але ж гэта толькі пробны рэйд, пасля якога ў Габон могуць прыбыць і больш вялізныя сілы. Фармальна прыбыццё амерыканскага кантынгенту тлумачыцца нестабільнасцю ў суседняй Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Але грамадзянская вайна ў Конга ідзе ўжо не адно дзесяцігоддзе. Пікантнасці сітуацыі надае той факт, што ДРК не мае мяжы з Габонам — іх падзяляе тэрыторыя Рэспублікі Конга.

Цікава і тое, што перш «манаполіяй» на сілавыя дзеянні ў сваіх былых калоніях валодала Францыя. Калі ў афрыканскіх краінах, якія калісьці ўваходзілі ў склад Французскай каланіяльнай імперыі, адбываліся нейкія ваенныя або палітычныя падзеі, якія пагражалі б інтарэсам Францыі і Захаду ў цэлым, то туды адпраўляліся менавіта французскія войскі. Уласна для гэтай мэты Пятая рэспубліка дагэтуль трымае ў Афрыцы вялікія вайсковыя базы і падраздзяленні Замежнага легіёна. Калі ўспомніць гісторыю, то французскія ваенныя неаднаразова ўмешваліся ў палітычныя падзеі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Малі, на Каморскіх астравах, ды і ў тым жа Габоне.

Мяркуючы па ўсім, у Вашынгтоне ўсур'ёз затурбаваліся аб далейшым лёсе палітычнага ладу Габона. «Аддаваць, выпускаць такую краіну амерыканцам проста нельга», — заўважыў vz.ru кіраўнік Цэнтра даследавання расійска-афрыканскіх адносін і знешняй палітыкі краін Афрыкі Інстытута Афрыкі РАН Яўген Карандзясаў. Цікава, што Трамп, адпраўляючы войскі, нават не знайшоў час паведаміць пра тэрміны знаходжання амерыканскага кантынгенту ў гэтай краіне. Ён толькі абмежаваўся агульнымі фразамі, што ЗША захавае ваенную прысутнасць у рэгіёне да таго часу, пакуль гэта, маўляў, будзе патрэбна для абароны амерыканскіх грамадзян. Трамп адзначыў, што ў залежнасці ад абставін кантынгент можа быць павялічаны. Гэта значыць, фактычна ўвод войскаў можа быць і бестэрміновым, у залежнасці ад таго, якім чынам Вашынгтон плануе далейшае развіццё падзей. Ёсць версія і пра тое, што спроба перавароту была справакаваная якраз амерыканскім бокам, паколькі змоўшчыкі спадзяваліся на яго падтрымку. У любым выпадку відавочна, заўважаюць эксперты, што ўжо ў самай агляднай будучыні ў гэтым стратэгічным рэгіёне Афрыкі могуць адбыцца маштабныя палітычныя перамены.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Путч у «капюшоне»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.