Вы тут

63-гадовая доктар з Ганцавічаў — пра тое, як скокнула з парашутам


Часам, бывае, нас моцна здзіўляюць калегі або знаёмыя, здзейсніўшы нешта такое, чаго ад іх ну ніяк не чакаеш. Як нядаўна ўразіла многіх доктар з Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Буйніч, якая ў свае 63 гады ўпершыню ў жыцці рызыкнула скокнуць з парашутам з вышыні 3,5 тысячы метраў. А пасля гэтага яшчэ заняла першае месца ў конкурсе «Самы лепшы дзень 2018»! Відэа са скачком Таццяны Васільеўны ўжо разляцелася па беларускім інтэрнэце і зрабіла фурор. «Звязда» вырашыла пагутарыць з новай зоркай байнэту.


— Таццяна Васільеўна, раскажыце, як вам прыйшла ў галаву такая ідэя?

— Я наогул чалавек па жыцці рызыковы. Успамінаю сваё дзяцінства: мне трэба было абавязкова залезці кудысьці высока, скочыць... Ці калі была маладая і ўжо працавала: бывала, паступіць выклік — роды за тры кіламетры і крывацёк у парадзіхі (Таццяна Буйніч — акушэр-гінеколаг. — Аўт.)... «Хуткай» на месцы няма: раён вялікі, машына на іншым выкліку... І я адна ў дзве гадзіны ночы бягу да гэтай парадзіхі і нічога не баюся!

Але жыццё трохі «прытушыла» мае памкненні: сям'я, праца. А тут дзеці выраслі... У 2016 годзе мой унук здзейсніў скачок з парашутам, а ў 2017-м паўтарыў. Я якраз была тады на курсах павышэння кваліфікацыі ў Мінску і паехала паглядзець, як Улад скача. А ён мне кажа: «Бабуля, давай і ты. Я табе на дзень нараджэння зраблю такі падарунак! Скокнеш?» І я адказваю: «Вядома!»

Але тады не атрымалася. Прайшоў год, і ён нагадаў мне пра гэтую размову — і падарыў сертыфікат на скачок.

— Іншым сваякам сказалі пра свой намер?

— Я не хацела, каб пра гэта ведалі родныя — пачалі б адгаворваць. Маме 87 гадоў, перажывала б. І сыну з дачкой не казала: таксама сталі б хвалявацца. Так што гэта быў мой з унукам сакрэт.

Скачок быў прызначаны на 6 кастрычніка, суботу. У той дзень я якраз павінна была дзяжурыць на рабоце, але дзеля гэтага памянялася з калегай. І ў ноч з пятніцы на суботу паехала ў Мінск. Улад мяне сустрэў, і мы разам накіраваліся ў аэраклуб. Там я прайшла інструктаж, а потым мяне пасадзілі ў самалёт — і мы паляцелі...

Спачатку скакалі маладыя хлопцы-спартсмены. Я — апошняй, разам з інструктарам. Унук, калі потым паглядзеў відэа, сказаў: «Бабуля, ты была такая спакойная!»
А я адказваю: «Ну, я ж сама захацела скокнуць!» Ды і маладыя спартсмены перада мной так прыгожа гэта рабілі! Яны выходзілі, як быццам з дзвярэй аўтобуса, — проста ступалі ў неба! І я падумала: дзеці, унукі не баяцца, дык а мне чаго ўжо? Тым больш з інструктарам.

— І як адчуванні?

— Усё было цудоўна! Ведаеце, спачатку так хутка падаеш, пакуль парашут не расчыніцца! Я не надзела шлем, таму адчувала моцны вецер. А потым, недзе праз 1,8 кіламетра падзення, раскрыўся парашут... Дзень тады стаяў вельмі прыгожы, унізе — усё ўперамешку: жоўтыя і зялёныя дрэвы, і ўвесь Мінск як на далоні, і Нацыянальная бібліятэка, здаецца, прама пад табою... Гэтыя эмоцыі ўжо застануцца са мной назаўжды!

— Аб вашым скачку многія даведаліся дзякуючы вашаму ўдзелу ў конкурсе «Самы найлепшы дзень 2018»...

— Потым пісалі, што я скокнула, каб выйграць. Але гэта не так. Я рабіла гэта чыста для сябе. А калі прафесійнае медыцынскае выданне аб'явіла конкурс у пачатку снежня, то я сказала ўнуку (ён якраз прыехаў да мяне): «А што, Улад, калі мы паўдзельнічаем?»
І выслала туды фотаздымак. Хоць на самай справе дзён шчаслівых у жыцці было шмат. Іншым разам прымаеш цяжкія роды і думаеш: «Божа, я гэты дзень не забуду ніколі!» Але ўсё роўна забываецца, на змену прыходзяць іншыя выпадкі і перажыванні...

Я адразу патрапіла ў гэтым конкурсе ў дзясятку найлепшых. А ў пачатку студзеня пачалося галасаванне чытачоў. Мне потым знаёмыя і калегі казалі: «А чаго ты нікому не паведаміла? Мы б прагаласавалі за цябе!» Але для мяне гэта было проста гульнёй. Азарт прыйшоў пазней, калі вызначыліся трое фіналістаў, у ліку якіх апынулася я...

— Як адрэагавалі на вашу перамогу знаёмыя?

— Кажуць: «Малайчына! Мы табою ганарымся!» Ужо тэлефанавалі калегі з Баранавіч, Брэста. Шмат хто кажа, што не чакалі гэтага ад мяне.

Нядаўна іду з работы, каля пераезду сустракаюся з сям'ёй... Мужчына прайшоў міма, а потым павярнуўся: «Выбачайце, гэта вы лёталі?» Кажу: «Я». А ён мне:
«Дзякуй вам, вы мне сына калісьці падарылі, яму цяпер 27»... Хоць усе людзі розныя. Адна жанчына да мяне падышла і кажа: «Так, Таццяна Васільеўна, з-за такіх, як вы, мы будзем хутка на пенсію ў 70 гадоў выходзіць». Хоць я думаю, гэта жарт такі быў.

— Калі апошнім разам роды прымалі?

— Сёння (інтэрв'ю адбылося 15 студзеня. — Аўт.) мяне выклікалі ў тры гадзіны ночы: паступіла жанчына, другія роды. Так што я і не спала амаль. Мы нарадзілі прыгожа — хлопчыка, маленькага, 2780 грамаў. Шчаслівая мама сказала, што назаве яго Захарам...

Ведаеце, калі я толькі пачала тут працаваць, у канцы 80-х, мы прымалі за год каля тысячы родаў з усяго раёна. Цяпер нашмат менш. І нараджаць сталі радзей, і ў краіне дзейнічае рознаўзроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі. Калі коратка, то назіраюцца ў нас усе жанчыны Ганцавіцкага раёна, але нараджаюць тут толькі практычна здаровыя, астатніх адпраўляем на больш высокі ўзровень у залежнасці ад паталогіі, якая можа быць у іх. Па справаздачах, за мінулы год мы адправілі ў бальніцы Баранавіч і Брэста 142 жанчын. Увогуле, летась у раёне, калі ўлічваць яшчэ моманты з прапіскай, было ўсяго 256 родаў.

...Калісьці ў медінстытуце адзін прафесар нам, студэнтам, казаў: доктарам станеце заўсёды, дастаткова вывучыцца, але галоўнае — быць чалавекам. Я вельмі люблю сваю работу. Можа, таму, што лёсы ў нас, у жанчын, у чымсьці галоўным падобныя, пераплятаюцца... Але маладыя дактары ў нас не затрымліваюцца. Я не ведаю, чаму... Не думаю, што тут, у Ганцавічах так ужо дрэнна. Вядома, гэта не параўнаць са сталіцай або абласным цэнтрам, у нас маленькі спакойны гарадок. Але наш галоўны ўрач укладвае ва ўчарашніх выпускнікоў душу: і з жыллём дапамагае, і дом меркаваў пабудаваць для маладых дактароў.

— Не плануеце здзівіць знаёмых чым-небудзь яшчэ?

— Унук цяпер пытаецца: «Што наступнае будзем рабіць? Пад ваду ці ў горы?» Я адказваю: «Ведаеш што, у горы ўжо дакладна не залезу, так што давай лепш пад ваду!»

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «Гэта быў наш з унукам сакрэт»

Выбар рэдакцыі

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Грамадства

Хто пашкоджвае дрэвы ў вашым садзе?

Хто пашкоджвае дрэвы ў вашым садзе?

Хто, як не вучоныя Інстытута пладаводства, ведае, як атрымаць добры ўраджай і засцерагчы сад ад хвароб.

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў. 

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.