Вы тут

Макей: Беларусь і надалей будзе праводзіць шматвектарную палітыку


Сярод прыярытэтаў знешняй палітыкі нашай краіны — паглыбленне сувязяў з Расіяй і іншымі краінамі Еўразійскай прасторы, выроўніванне супрацоўніцтва з ЗША і Еўрапейскім Саюзам, развіццё стратэгічнага партнёрства з Кітаем, пашырэнне прысутнасці ў Азіі, Афрыцы, Бліжнім Усходзе і Лацінскай Амерыцы. Гэтыя вектары міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей акрэсліў на ўрачыстым сходзе з нагоды 100-годдзя дыпламатычнай службы Беларусі ў Вялікім тэатры оперы і балета.


“Беларусь як самастойная, незалежная еўрапейская дзяржава будзе і далей праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку, не гандлюючы сваім суверэнітэтам у залежнасці ад тых ці іншых кан'юнктурных меркаванняў”, — сказаў ва ўступным слове кіраўнік МЗС.

Узаемавыгадныя эканамічныя сувязі сёння існуюць у Беларусі з большасцю краін свету. Пры гэтым наша невялікая дзяржава працягвае генераваць ініцыятывы, якія знаходзяць падтрымку ў сусветнай супольнасці. “Разам з чарнобыльскай і раззбраенчай тэматыкай, якія прасоўваліся нашай краінай яшчэ ў савецкі перыяд і на досвітку незалежнасці, на сучасным этапе Беларусь вядомая ў свеце ідэямі, сфармуляванымі Прэзідэнтам нашай краіны, аб прызнанні разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця ў якасці каштоўнасці чалавечай цывілізацыі, аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі, прасоўванні інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу, падтрымцы традыцыйнай сям'і, пабудове партнёрства дзеля дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця”, — прывёў прыклады міністр. 

Напомніў Уладзімір Макей і аб ролі Беларусі як донара еўрапейскай бяспекі: “Па меры таго, як пагаршаецца сітуацыя ў гэтай сферы, у нашых партнёраў мацнее адчуванне своечасовасці і мэтазгоднасці ініцыятывы кіраўніка нашай дзяржавы аднавіць шырокі дыялог аб умацаванні міжнароднай бяспекі — новага Хельсінкскага працэсу”. 

Многія краіны і замежныя прадстаўнікі разглядаюць сёння Мінск як міжнародную пляцоўку, дзе абмяркоўваюцца самыя складаныя міжнародныя і рэгіянальныя праблемы з удзелам нават адкрыта канфліктуючых бакоў. Да таго ж Беларусь не толькі актыўны ўдзельнік, але ў пэўнай ступені драйвер чатырох інтэграцыйных аб’яднанняў на еўразійскай прасторы — СНД, Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС і АДКБ, якія кіруюцца сёння ідэяй інтэграцыі. 

“Так, сёння гэтыя аб'яднанні не пазбаўленыя ўнутраных праблем. У той жа час яны маюць сур'ёзны патэнцыял з пункту гледжання ўмацавання і развіцця прагматычных гандлёва-эканамічных, абаронных, навуковых і культурных сувязяў. Сёння прадметна абмяркоўваюцца падыходы да спалучэння інтэграцый па лініі ЕАЭС-Еўрасаюз, ЕАЭС-ШАС, ЕАЭС - Эканамічны пояс Шаўковага шляху, ЕАЭС - краіны АСЕАН”, — адзначыў Уладзімір Макей.

Такая актыўная дзейнасць служыць і адной  з ключавых мэтаў эканамічнай палітыкі Беларусі  — планамернай дыверсіфікацыі экспарту пры захаванні і ўмацаванні пазіцый на традыцыйных рынках.

Расказаў Уладзімір Макей і пра багатую гісторыю дыпламатычнай службы Беларусі, успомніўшы значныя вехі не толькі за апошнія 100 гадоў. Карані беларускай дыпламатыі можна знайсці і ў часы Полацкага княства, вызначалася роля службы і ў Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.

Прыкладам для сучаснага пакалення дыпламатаў служаць выдатныя дзеячы — Кузьма Кісялёў, Анатоль Гурыновіч, Андрэй Грамыка, а таксама ветэраны службы, якія заклалі асновы беларускай дыпламатыі. Ацэньваючы важнасць пераемнасці пакаленняў, Уладзімір Макей узнагародзіў медалямі за шматгадовую плённую працу, значны ўклад у развіццё і ўдасканаленне знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці, умацаванне пазіцый Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне былых міністраў замежных спраў Беларусі — Пятра Краўчанку, Уладзіміра Сянько, Івана Антановіча, Урала Латыпава, Міхаіла Хвастова і Сяргея Мартынава.

З нагоды ўрачыстага сходу віншаванне накіраваў да беларускіх дыпламатаў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Пасланне зачытаў прэм’ер-міністр Сяргей Румас. “Стагоддзе беларускай дыпламатычнай службы, пачатак якой быў пакладзены ў студзені 1919 года, — важная гістарычная веха для нашай краіны. За  гэты перыяд адбылося мноства знакавых падзей. Самыя яркія сярод іх — падпісанне ў 1945 годзе Статута ААН і ўваходжанне Беларусі ў склад заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.  Развіццё нацыянальнай дыпламатыі непарыўна звязана са станаўленнем беларускай дзяржаўнасці, рашэннем задач па забеспячэнню раўнапраўнай інтэграцыі нашай краіны ў сусветную палітычную, эканамічную, навуковую, культурную і інфармацыйную прастору. За гады незалежнасці Рэспубліка Беларусь дабілася прыкметных дасягненняў на сусветнай арэне: захавала і ўмацавала традыцыйныя сувязі, пашырыла кола замежных партнёраў і саюзнікаў, стала ўдзельнікам інтэграцыйных праектаў, многіх аб'ядноўваючых міжнародных ініцыятыў, адкрыла і асвоіла новыя перспектыўныя рынкі, зарэкамендавала сябе як донар рэгіянальнай бяспекі”, — гаворыцца ў віншаванні.

Падзяліўся з журналістамі сваім меркаваннем аб значных дасягненнях дыпслужбы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас. “За чвэрць стагоддзя  найноўшай гісторыі Беларусь склалася і адбылася ў міжнароднай прасторы як суверэнная, незалежная краіна, да нас так ставяцца, нас значна лепей ведаюць. Ставяцца як  да паўнавартаснага ўдзельніка міжнародных адносін”, — сказаў Андрэй Дапкюнас.

Першы міністр замежных спраў незалежнай Беларусі Пётр Краўчанка адзначыў, значную ролю краіны як пасрэдніка ў вырашэнні канфліктаў. Такім чынам Беларусь зарэкамендавала сябе яшчэ ў 1990-ыя гады. 

“Упершыню ролю Беларусі ў якасці пасрэдніка ў вырашэнні  міжнародных канфліктаў мы сфармулявалі яшчэ ў 1992 годзе ў Хельсінкі і Стакгольме. І менавіта тады ў гісторыю беларускай дыпламатыі ўвайшоў тэрмін “Мінская група АБСЕ”, — паведаміў Пётр Краўчанка. — Але мы зрабілі першы крок да таго, каб адыгрываць ролю пасрэдніка. І сёння Беларусь бліскуча выконвае гэты абавязак. Я шчаслівы тым, што ёсць Мінская група, якая займаецца ўрэгуляваннем сітуацыі ва Украіне.”

Падрабязней пра векавы юбілей дыпслужбы Беларусі чытайце ў сумесным праекце МЗС і газеты “Звязда”

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.