Вы тут

8 фактаў пра чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні ў Мінску


Наша краіна ўпершыню прымае чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні, удзельнікі турніру выступяць на "Мінск-арэне". Сёння прайшлі першыя афіцыйныя трэніроўкі, заўтра яны працягнуцца, а вось ужо ў сераду пачнуцца самі спаборніцтвы. Спартсмены разыграюць медалі ў чатырох відах праграмы: мужчынскім адзіночным катанні, жаночым адзіночным катанні, парным катанні і спартыўных танцах на лёдзе. За пару дзён да старту турніру прыводзім самыя цікавыя факты пра мінскі чэмпіянат.


• Чэмпіянат Еўропы ў нашай сталіцы стане самым танным. Білеты паступілі ў продаж яшчэ ў 2018 годзе, іх мінімальны кошт 5 рублёў, максімальны 50 рублёў. За тыдзень да старту чэмпіянату арганізатары абвясцілі, што ўжо прададзена больш за 80% білетаў.

• На гэтым чэмпіянаце Еўропы збярэцца наймацнейшы склад. У Мінску выступіць алімпійская чэмпіёнка Аліна Загітава, адны з сусветных лідараў танцаў на лёдзе - французская пара Габрыэла Пападакіс - Гіём Сізерон. На лёд "Мінск-арэны" выйдзе бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане, двухразовы чэмпіён свету і шасціразовы чэмпіён Еўропы іспанец Хаўер Фернандэс. Дарэчы, хутчэй за ўсё менавіта мінскі турнір стане апошнім у кар'еры іспанца. Нядаўна ён заявіў, што чэмпіянатам Еўропы плануе завяршыць спартыўную кар'еру.

• Шэраг спартсменаў у снежні 2018 года абвясцілі аб тым, што здымаюцца з спаборніцтваў у Мінску. 27 снежня знялася расійская спартыўная пара Наталля Забіяка і Аляксандр Энберт, гэта адбылося з-за праблем са здароўем у партнёра, іх заменяць Дар'я Паўлючэнка і Дзяніс Хадыкін. 28 снежня знялася вядомая італьянка Караліна Костнэр з-за траўмы сцягна і ступні. 11 студзеня 2019 года стала вядома аб зняцці з чэмпіянату бельгійскай фігурысткі Луны Хендрыкс з-за траўмы спіны.

• Акрамя вядомых дзеючых фігурыстаў ў Мінск на гэтым тыдні прыедуць легенды фігурнага катання, ганаровыя госці з Расіі. Арганізатары чакаюць Таццяну Тарасаву, Алену Чайкоўскую, Наталлю Бесцям'янаву, Таццяну Наўку, Аляксея Ягудзіна і Аляксея Мішына.

• Лёд "Мінск-арэны" патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі. Яе арганізатары пачалі за доўга да старту чэмпіянату. Адразу пасля матчу хакейнага "Дынама" з "Віцязем", ноччу. Спачатку спецыялісты арэны зрэзалі лёд да патрэбнага ўзроўню, затым пафарбавалі яго матавай жамчужна-шэрай фарбай - гэта абавязковае патрабаванне Міжнароднага саюза канькабежцаў для правядзення спаборніцтваў.

• За музыку падчас чэмпіянату Еўропы будзе адказваць спецыяльны чалавек. Гэта былы дзяржаўны трэнер па фігурным катанні Наталля Лебедзева, яе запрасілі з Расіі, дзе яна, дарэчы, акрамя трэнерскай працы, займаецца музычным суправаджэннем на ўсіх буйных спаборніцтвах.

• Патрабаванні да распранальні ў фігурыстаў не вялікія, але арганізатары адзначаюць, што абавязковай умовай з'яўляецца наяўнасць там люстэрка ў поўны рост.

• Любы фігурыст удзельнік чэмпіянату па папярэднім запісе можа трапіць да візажыста і цырульніка або масажыста ў кабінетах фізіятэрапіі, якія размешчаны прама на арэне.

Расклад турніру:

Серада 23 студзеня

11:00 - Жанчыны - кароткая праграма

18.00 - Цырымонія адкрыцця на лёдзе

18:45 - Пары - кароткая праграма

Чацвер 24 студзеня

12:00 - Мужчыны - кароткая праграма

19:00 - Пары - адвольная праграма

Пятніца 25 студзеня

11:30 - Танцы на лёдзе - рытмічны танец

18.00 - Жанчыны - адвольная праграма

Субота 26 студзеня

11:15 - Мужчыны - адвольная праграма

16:25 - Танцы на лёдзе - адвольны танец

Нядзеля 27 студзеня

15:00 - Гала-канцэрт

Чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні - найстарэйшы міжнародны турнір пад эгідай Міжнароднага саюза канькабежцаў (ISU), які праводзіцца з 1891 года.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».