Вы тут

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі


Сіла прывычкі

У пачатку васьмідзесятых гадоў давялося мне па турыстычнай пуцёўцы пабываць у Балгарыі. Група наша, як кажуць, была пярэстая: рознага ўзросту і рознага роду заняткаў людзі падабраліся ў ёй. Большасць аматараў адпачыць у братняй сацыялістычнай краіне, пазнаёміцца з ладам жыцця яе, славутымі мясцінамі і г. д. прыехалі за мяжу ўпершыню. Але не толькі яны, а і тыя, за плячыма якіх былі ўжо круізы па Еўропе, праяўлялі вялікую цікавасць да ўсяго, што яны бачылі на свае вочы, аб чым апавядалі экскурсаводы, бо не заставалася ніводнага пытання, на якое б яны не атрымлівалі грунтоўнага адказу.


Сапраўды, мы многа аб чым даведаліся (напрыклад, што вядомы ва ўсім свеце кіраўнік паўстанцаў рабоў Спартак нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Балгарыі), замацавалі ў сваёй памяці сумеснае змаганне Расіі і Балгарыі супраць турэцкага засілля апошняй, пабывалі ў Сафіі і Габраве, на славутай Шыпцы, ва ўрачыстай маўклівасці пастаялі каля помніка савецкаму салдату Алёшу, адпачывалі на марскім узбярэжжы, дзе на многія кіламетры цягнуцца выдатныя пясчаныя пляжы, якія амываюцца чысцюткай вадой.

А якія выдатныя віны вырабляліся і вырабляюцца зараз у Балгарыі, каньяк «Пліска» і брэндзі «Сонечны бераг». Грэх было не пакаштаваць іх, тым больш што па цане яны былі не такія ўжо недаступныя, нават у кавярні, куды большасць з нас не адмаўлялася заходзіць. Мне неяк кінулася ў вочы, што там я ніводнага разу не бачыў ні Міхаіла Антонавіча, ні Мікалая Сяргеевіча, з якімі ў час турыстычнай вандроўкі зблізіўся. Першы працаваў у Рэчыцы слесарам-рамонтнікам нейкай аўтабазы, а другі — будаўніком у Мазыры. Гадоў па пяцьдзясят кожнаму з іх на той час было. І яны, здавалася, адчувалі сябе крыху адасобленымі ад групы. У Варне, напрыклад, пазнаёміліся яны з мясцовым жыхаром, які выдатна ведаў рускую мову і ў якога былі родзічы ў Бранску, і некалькі дзён (але так, каб гэта не дайшло да кіраўніка групы) рэзаліся ў патаемным месцы ў карты. Забыўшыся, што побач мора, якога ў Беларусі няма.

Дык вось, аднойчы я прапанаваў ім схадзіць у кавярню, выпіць па чарцы водарнай «Пліскі». А яны ў адказ: пайшлі з намі, паважаны таварыш. Куды, пытаю. У нашу кавярню, адказваюць. А дзе яна? На будоўлі. Вядома ж, я адмовіўся. І пасля ўжо, калі рыхтаваліся вяртацца дадому, у Беларусь, пацікавіўся ў іх, чаму культурнаму адпачынку ў камфортным гандлёвым пункце яны аддалі перавагу нейкаму, прабачце, завуголлю, то пачуў наступнае: сіла прывычкі. Будаўнік Мікалай Сяргеевіч пасля работы чарэнцыю з такімі ж, як сам мужыкамі, куляў то ў бытоўцы, то ў нейкім яшчэ нетынкаваным пакоі, а слесар-рамонтнік Міхаіл Антонавіч — таксама ці ў майстэрні, ці ў гаражы.

Аднойчы, праўда, атрымаўся канфуз, аб якім яны расказалі з горкай усмешкай. Адкупорыўшы бутэльку не, не «Пліскі» і не «Сонечнага берага», а нашай савецкай «Сталічнай», якую не паспелі рэалізаваць балгарам, і, падрыхтаваўшы закусь, раптам пачулі нейкі свісток і ўбачылі, як па тэрыторыі будоўлі ў іх бок накіроўваюцца нейкія два чалавекі. У спецформе. Няйначай міліцыянты, мільганула ў галовах турыстаў. Застукаюць — бяды не абярэшся. Штраф упякуць, на прафсаюзным сходзе разборак не пазбегнуць, непрыемнасці будуць несусветныя. Мужыкі паціху задам-задам — ды ходу адтуль праз тую дзірку ў агароджы, у якую раней пралазілі. Калі ж хвілін праз сорак-пяцьдзясят, азіраючыся вакол, вярнуліся, каб пачаць трапезу, то ўбачылі: ні пляшкі, ні закусі...


Шнапс ад палоннага

Летась пазнаёміўся я з былым франтавіком Алегам Назаравічам Пліндовым і неаднаразова меў з ім гутаркі. Так тады і даведаўся, што пасля заканчэння першага курса Магілёўскага педінстытута ў 1941 годзе ён вымушаны быў пачаць свой баявы шлях, закончыўшы яго 7 ліпеня 1944 года, калі пасля цяжкага ранення пад Віцебскам і лячэння яго камісавалі з Чырвонай Арміі. Ветэран Вялікай Айчыннай прайшоў з баямі крывава-вогненнымі дарогамі Заходняга, Калінінскага і 3-га Беларускага франтоў. Яго заслугі перад Радзімай адзначаны двума медалямі «За адвагу», двума ордэнамі Айчыннай вайны, медалём за перамогу над Германіяй і медалём Жукава.

— Як я выжыў у тым пекле, — гаворыць Алег Назаравіч, — не ведаю. Напэўна, шанцавала. Бо тройчы смерць, як кажуць, прамой наводкай замахвалася на мяне. Першы раз, калі я, старшы сяржант, памочнік камандзіра ўзвода разведкі 195-га гвардзейскага артылерыйскага палка 91-й гвардзейскай Духаўшчынскай стралковай дывізіі дастаўляў важнае данясенне ў штаб палка. Пераходзячы на Валдаі шумлівую рачулку, пасярэдзіне яе адчуў, што нібы спатыкнуўся. Калі ж паблізу распалажэння штаба стаў прыводзіць сябе ў парадак, з жахам убачыў, што на прыкладзе аўтамата расколіна, а на ствале яго адмеціна ад разрыўной кулі нямецкага снайпера.

У адным з баёў за горад Вялікія Лукі Алег з групай разведчыкаў дапамагаў артылерыстам перамяшчаць гармату то ў адно месца на вуліцы, то ў другое, каб тыя білі па ворагу прамой наводкай. У час кароткага адпачынку ў нейкім паўразбураным будынку туды з рэзкім свістам заляцеў, як выявілася пасля, вялікага калібру снарад, які дзеўбануўся ў замерзлую зямлю за некалькі крокаў ад разведчыкаў. Усе ўжо ў думках развіталіся з жыццём. Але снарад, на шчасце, не выбухнуў.

А трэці выпадак адбыўся недалёка ад беларускага гарадка Лёзна. Алегу як старшаму групы было загадана абсталяваць назіральны пункт і сачыць за перамяшчэннем ваеннай тэхнікі ворага па мясцовых дарогах і дакладваць аб гэтым каму трэба. Заняўшы пазіцыю на гарышчы адной з вясковых хат і аддаўшы адпаведныя распараджэнні назіральніку — разведчыку Карпаву (Пліндоў імя яго не памятае) і тэлефаністцы Ліне Альшэўскай, — Алег накіраваўся да крынічкі па ваду. І раптам — гарматны залп. Хата разляцелася ў шчэпкі. Старшага сяржанта моцна кантузіла, і яго на насілках даставілі ў санбат, а Карпаў і Альшэўская загінулі.

— Алег Назаравіч, — кажу яму. — На вайне чаго толькі не адбывалася. А ці даводзілася вам, напрыклад, сустрэцца з ворагам непасрэдна, з вока на вока, ці, скажам, уступіць з ім урукапашную?

— Паўтараю, я быў артылерыйскім разведчыкам і ў рукапашных паядынках не прыйшлося ўдзельнічаць. А калі б здарылася такое, то не спасаваў бы. А вось з адным немцам, як кажуць, па-чалавечы пагутарыў і, што цалкам верагодна, выратаваў яго ад смерці.

— Цікава...

— А было гэта ў Вялікіх Луках. Перад самым Новым, 1943 годам, калі нам давялося выбіваць фрыцаў з кожнага дома, мне на вочы трапіў адзін хударлявы немец, які быў без зброі і нікуды, як астатнія, не збег. Ён стаяў з паднятымі ўгору рукамі. Выгляд у яго быў такі разгублены, і ён так жаласна глядзеў вакол сябе, што я даў рэзкую адмашку нашаму салдату, які ўжо быў гатовы націснуць на курок. Немец, жэстыкулюючы рукамі і тыцкаючы сябе ў грудзі, раз-пораз лапатаў: іх пук-пук ніхт, іх пук-пук ніхт, Гітлер капут, Гітлер капут...

— Я табе, немчура, зараз як пукну, дык у расход пойдзеш, пайшоў на яго ў атаку той самы салдат, але я даў каманду: адставіць! Немец тым часам выняў з кішэні некалькі фотакартак: ён, жонка, двое дзяцей з імі ў зялёным садку, што, напэўна, азначала: ён, мірны чалавек, вайны не хацеў, яго прымусілі, ён не страляў.

— Ва ўсякім разе, — працягвае далей Алег Назаравіч, — мы так яго зразумелі. Немец ведаў некалькі рускіх слоў, я — штосьці разумеў па-нямецку, бо ў школе і інстытуце вывучаў іхнюю мову, і ў час кароткай гутаркі стала вядома, што ён аптэкар, што ваяваць не хацеў, што нікога не забіў. Інтуітыўна я адчуў: чалавек гаворыць праўду. Але цалкам яшчэ не давяраючы яму (а раптам — пераапрануты эсэсавец і некуды выкінуў свой аўтамат), мы прымусілі паказаць тую аптэку. Паказаў. І па дарозе тыцнуў пальцам у бок будынка, што знаходзіўся каля аптэкі, прамовіўшы толькі адно слова: «шнапс». Тлумачыць, што яно азначае, нам не трэба было.

Мы зайшлі на нямецкі харчовы склад. А там — шампанскае, бургундскае, чорт ведае, якія яшчэ алкагольныя напоі і розныя закусі. Ну, думаем, як па заказе: да Новага года! Адзначым як след яго! Напоўнілі свае ранцы спіртным і ў штаб палка нямала бутэлек адправілі. Пасля ад камісара, праўда, атрымалі прачухенцыю, ды нічога, пранесла. Дарэчы, у штабе размяркоўвалі палонных — каго куды. Дык я каго-нікаго з афіцэраў папрасіў, каб да «майго немца» аднесліся з увагай.

— Прабачце, Алег Назаравіч, за правакацыйнае пытанне: няўжо там, на складзе, ваша група не кульнула чарку? Толькі шчыра...

Былы старшы сяржант, а зараз капітан у адстаўцы ўсміхнуўся:

— Як заўсёды, маніць не буду: «раздавілі» адну пляшку.

— Усяго адну? — засумняваўся я.

— Байцы падбівалі мяне на большае, але я рашуча сказаў: не! Абстаноўка не дазваляе. Прызнаюся, што расчуліў нас немец сваім аповедам і фоткамі так, што кожны салдат абвострана ўспомніў аб сваіх родных, прыгадаў аб тым, што не ўсе ў Германіі фашыстамі з'яўляюцца, і мы гэтаму палоннаму таксама налілі. Не ўяўляю, чым бы ўсё закончылася, калі б аб усім гэтым стала вядома камісару...


Нерат

Гэты мужчына трапіў пад маю ўвагу гады два таму. І не толькі з той прычыны, што вызначаўся ён прыгажосцю, рэдкім высокім ростам і моцным целаскладам, а сваімі незвычайнымі паводзінамі. Прагульваючыся па алеях гомельскага парку, ён, здаецца, не прапускаў ніводнага трох-чатырохгадовага хлапчаняці, якое крочыла ці гуляла побач з мамай. Завядзёнка ў яго была такая. Вітаючыся з імі (з мамай кіўком галавы, а з хлапчуком абавязкова за руку), ён частаваў дзяцей цукеркай, шакаладкай ці абаранкам, гладзіў па галоўцы і, паднімаючы ўгору вялікі палец, узнёсла прамаўляў:

— Мужычок — што трэба! Хай расце здаровенькі і прыгожы! А маме — цэлы воз шчасця!

Пасля такіх дыфірамбаў жанчына як бы разнявольвалася ад будзёных клопатаў, згодна ківала галавой (маўляў, дай божа, каб так і было), а малы (гэта залежала ад яго характару) або насцярожваўся, або чапляўся за руку добрага дзядзькі.

Потым, як правіла, адбываўся шпацыр па сцежках-дарожках з рознага кшталту размовамі. Іншым разам яны насілі жартоўны характар. Напрыклад, Міраслаў Алегавіч (так звалі мужчыну) пытаў:

— А можна, Ігарок (Саша, Сярожка, Арцёмчык), я цябе трошкі... укушу?

— Нельга, — заўсёды адказвалі малыя.

— А маму — можна?

— Таксама нельга, — натапырваліся яны.

У такіх выпадках у мяне ў галаве ўзнікала думка, што дурнейшага жарту і не прыдумаеш. І што мужчына праяўляе асаблівую цікавасць зусім не да хлопчыка, а да яго маладой сімпатычнай мамы, да якой ён «клеіцца», падбірае ключык вось такім макарам. У гэтым, паўтаруся, сумненняў ніякіх у мяне не ўзнікала. Дарэчы, як і ў адной з такіх мам. Забягаючы наперад, скажу, што тут мы абодва памыляліся. Але аб усім па парадку.

Здарылася гэта ў леташнім маі. Да мяне на лаўку прысуседзіўся Міраслаў Алегавіч, з якім раней пры апісаных вышэй выпадковых сустрэчах мы не абмовіліся ніводным словам. Я маўчу. А ён чаўпець пачаў.

— Дурань я дурань! Даўбешка! І яна, Святлана, дурніца. Бяры мяне, кажа...

Грамаў, відаць, чатырыста хлабыснуў, калі сам з сабой размаўляць пачаў, думаю. Ці не лепш мне рэціравацца? Толькі падняўся, як той, напэўна, угадаўшы мой намер, сказаў:

— Пачакайце, бацька. Не п'яны я... На душы моташна... Параіцца хачу...

Так вось нечакана для сябе я стаў слухачом споведзі Міраслава Алегавіча.

Ён вучыўся з Інесай у адным і тым жа ўніверсітэце, і іх двухгадовае сяброўства закончылася вяселлем ужо пасля таго, як жыццё раскінула маладых спецыялістаў па розных гарадах і ён пераехаў да яе ў Гомель. Інеса (і ён цалкам пагадзіўся з ёй) адразу заявіла: дзяцей заводзіць не будзем пяць-шэсць гадоў. У час водпускаў павандруем па розных краінах. Пабачым свет.

Міраслаў (разумна гэта было ці не, ён сам зараз не ведае) заявіў тады так: калі не падорыш мне сына, то... Дагаворваць, што азначае гэтае «то», ён не стаў, а Інеса ўголас разважыла: каго дасць бог, той і будзе. Калі прыйшоў час Інесе «выконваць заказ» мужа, аказалася, што будзе дачушка.

— Колькі ні ўгаворвала мяне жонка, — з сумам апавядаў Міраслаў Алегавіч, — згадзіцца з лёсам, я ўпёрся, як бык, і прымусіў яе пайсці на аборт. Усе далейшыя спробы займець дзіця цягам сямі гадоў заканчваюцца няўдачай. Надзей на пазітыўныя змены — нуль. Інеса страшэнна нервуецца, я — таксама і па-ранейшаму мару пра сынка, адсутнасць якога, калі можна так сказаць, употай ад жонкі кампенсую пяшчотай да чужых хлапчукоў.

— А мне падалося, што да іхніх мам... — не ўстрымаўся я.

— Во, і Святлана так думае. Убіла сабе ў галаву, што я закахаўся ў яе і ніяк не асмелюся прызнацца ў гэтым. Дык сама сёння пайшла на такі крок. Сэрца па мне, кажа, у яе разрываецца. Дык не валяй ваньку, кажа, бяры мяне з Віцьком, якога, прызнаюся, я вельмі палюбіў. Яна ж не ведае, што я жанаты, што вельмі кахаю Інесу, перад якой вінаваты і якую ні на кога іншага мяняць не збіраюся. Нават на яе, Святлану, якая мне падабаецца. Дурань я дурань. Да чаго жанчыну давёў. Дык што мне рабіць, бацька?

Параіць нешта Міраславу Алегавічу тады, у маі, я не змог. Бо лічыў і лічу зараз так: калі чалавек сам загнаў сябе ў нерат, дык сам адтуль і вылезе. Пасля дэталёвых аналізаў абстаноўкі і разваг. Так, думаю, было і гэтым разам. Зусім нядаўна, у верасні, калі Гомель святкаваў дзень горада і праводзіў харэаграфічны фестываль «Сожскі карагод», я ў тым жа парку ўбачыў Міраслава Алегавіча. Абшчапіўшы шыю, у яго на плячах сядзеў гарэза-хлапчук, а ў руку ўплялася такога ж узросту дзяўчынка. Побач была не знаёмая мне прывабная жанчына. Хто яна, заставалася загадкай нядоўга. Бо нейкі мужчына, праходзячы з напарніцай міма, прамовіў:

— Бачыш, Люба, у Сідаравых «вайна» закончылася. Двайнятак з дзіцячага дома ўзялі... Шчасця ім.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.