Вы тут

Матстановішча дзяржслужачага мусіць суадносіцца з якасцю жыцця насельніцтва


Такое меркаванне выказаў беларускі лідар падчас нарады па праекце Закона "Аб дзяржаўнай службе".


"Сёння мы спрабуем вызначыцца, якім быць новаму Закону "Аб дзяржаўнай службе". Гэта адно з ключавых пытанняў кадравай палітыкі, бо эфектыўнасць і аўтарытэт усёй сістэмы ўлады шмат у чым залежаць ад узроўню падрыхтоўкі і матываванасці работнікаў дзяржаўных органаў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў сучасных умовах кіраўнічая дзейнасць патрабуе ад дзяржслужачых высокага прафесіяналізму, адданасці сваёй краіне, строгай выканальніцкай дысцыпліны і ўважлівага стаўлення да людзей. У аснову рашэнняў, якія прымаюцца імі, павінны быць пакладзены сумленнасць і справядлівасць як асноўныя маральныя прынцыпы. Новы Закон павінен стварыць выразную аснову для гэтай працы.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: высокі прававы статус дзяржаўных служачых, які забяспечвае прэстыжнасць гэтай прафесіі, немагчымы без усталявання ў Законе сацыяльна-прававых гарантый для іх. Але гэтыя гарантыі павінны строга суадносіцца з абавязкамі і адказнасцю кожнага супрацоўніка дзяржоргана.

"Пры гэтым, даручаючы распрацаваць гэты закон, я папярэджваў усіх вас, што вось гэтыя пернікі, якія ў нас прынята раздаваць у любым законе ў выглядзе нейкіх сацыяльных гарантый, не павінны быць вышэй таго, што яны ёсць, - падкрэсліў ён. - Матэрыяльнае становішча дзяржслужачага павінна расці або падаць у адпаведнасці з ростам або падзеннем жыццёвага ўзроўню нашага насельніцтва - гэта ключавое".

Акрамя таго, адной з прынцыповых пазіцый кіраўніка дзяржавы па даным законапраекце з'яўляецца замацаванне абавязковых правілаў паводзін, якія забяспечваюць строгую выканальніцкую дысцыпліну.

Нагадаем, Адміністрацыі Прэзідэнта было даручана стварыць рабочую групу з прыцягненнем навукоўцаў і экспертаў, перад якой стаяла задача зрабіць дзяржаўную службу падобна вайсковай, выпрацаваць выразныя і вычарпальныя патрабаванні да яе праходжання, і тым самым павысіць імідж дзяржаўнага кіравання ў цэлым.

"Як мне дакладваюць, у новым Законе выбудавана цэласная сістэма дзяржслужбы. У тым ліку замацоўваюцца сацыяльна-прававыя гарантыі дзяржслужачых, якія адпавядаюць іх абавязкам і максімальна набліжаны да абавязкаў ваеннаслужачых", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў прысутных на нарадзе дэталёва выкласці сутнасць кожнай з вынесеных на разгляд прапаноў і адказаць на шэраг прынцыповых пытанняў.

Па-першае, наколькі актуальны новы Закон? Патрэбен ён ці не, ці адказвае сучасным патрэбам дзяржорганаў? Па-другое, якія падыходы па фарміраванні іерархіі дзяржаўных пасад закладзены ў законапраекце? Як будзе пабудаваны адзіны рэгістр дзяржаўных рангаў?

"Пры гэтым з усёй адказнасцю прашу вас не перапісваць бяздумна ўсё, што было ў нашай гісторыі", - дадаў ён.

Па-трэцяе, наколькі эфектыўна будзе вырашана пастаўленая задача па павышэнню прэстыжу дзяржслужбы? Ці не будуць гэтыя меры празмернымі?

Таксама беларускі лідар папрасіў даць агульную характарыстыку этычных патрабаванняў, што прад'яўляюцца да дзяржслужачых, і мер па супрацьдзеянні карупцыі.

"Словам, наколькі вы ўлічылі вопыт нашага жыцця, пачынаючы са старажытных часоў, біблейскіх, і заканчваючы маральным кодэксам будаўніка камунізму. Я мяркую, што вы ўважліва прачыталі пэўныя навелы гэтых і іншых законаў, пісанняў і прыстасавалі, калі гэта падыходзіць, да сучаснасці", - адзначыў Прэзідэнт.

Як паведаміў намеснік старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Вадзім Іпатаў, дадзены праект распрацаваны міжведамаснай рабочай групай, у склад якой увайшлі навукоўцы і эксперты, якія пераважна не з'яўляюцца дзяржаўнымi служачымi.

Да якога рашэння прыйшлі?

Па выніках канцэптуальнага разгляду новага законапраекта «Аб дзяржаўнай службе» кіраўнік дзяржавы даручыў дапрацаваць гэты дакумент у спакойным рэжыме.

Як расказаў журналістам Вадзім Іпатаў, асноўная навела, якая была вельмі ўважліва абмеркавана на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, — гэта стварэнне цэласнай сістэмы дзяржаўнай службы. «На сённяшні дзень у нас прававое рэгуляванне такое, што разрознена рэгулююцца ваенная служба, служба ў ваенізаваных арганізацыях і дзяржаўная грамадзянская служба. Гэты праект закона мае на ўвазе, што ў краіне існуе адзіная сістэма дзяржаўнай службы, якая аб'ядноўвае ўсе названыя віды. Гэта асноўны канцэптуальны пасыл, які дазволіць выбудаваць далейшае прававое рэгуляванне ўсёй сістэмы дзяржаўнай службы», — сказаў спецыяліст.

Ён таксама выказаўся з нагоды ўзмацнення дысцыпліны і адказнасці дзяржслужачых:

«Для таго каб былі нейкія сацыяльныя гарантыі, так званыя бонусы для дзяржаўных служачых, неабходна паглядзець, як выконваецца службовая дысцыпліна, якая адказнасць у дзяржаўнага служачага перад насельніцтвам краіны. Таму першае, да чаго прыступіла рабочая група, — гэта распрацоўка асноўных напрамкаў, звязаных са службовай дысцыплінай, усталяваннем агульных этычных патрабаванняў».

Яшчэ ўпершыню ў гэтым праекце з'явілася паняцце «службовая дысцыпліна» — падобна да патрабаванняў у воінскіх статутах. Удакладняюцца і этычныя патрабаванні да службовых асоб у службовы і пазаслужбовы час. Дарэчы, там прапісваецца, як дзяржаўнаму служачаму паводзіць сябе ў сацыяльных сетках.

Прарэктар па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях БДУ, доктар юрыдычных навук, прафесар Вольга Чупрыс адзначыла, што падчас нарады Прэзідэнту ў тым ліку было даложана аб шэрагу прапаноў, якія ўзніклі на ўзроўні рабочай групы. Адна з іх датычыцца ратацыйных пасад. Так, у цяперашні час ратацыя прадугледжана ў Беларусі ў дачыненні да двух відаў пасад — гэта пракурорскія і дыпламатычныя работнікі.

«Аднак чаму б пра гэта не казаць у цэлым у сістэме дзяржслужбы для грамадзянскіх дзяржаўных служачых. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што, сапраўды, пра гэта трэба падумаць на перспектыву. Замежны вопыт дазваляе нам прааналізаваць ратацыйныя пасады», — дадала яна.

Яшчэ прарэктар выказалася наконт здачы экзаменаў пры паступленні на дзяржслужбу. Паводле яе слоў, магчыма, гэта трэба зрабіць у адзіным органе з выдачай адпаведнага сертыфіката.

«Задача дзяржавы — мець выразную выбудаваную дзяржаўную службу. Але самае галоўнае, што дзяржаўная служба існуе для народа», — падкрэсліла яна.

Адсюль і патрабаванні да дзяржаўных служачых і да самой дзяржаўнай службы — пазіцыі наконт дысцыпліны, узмацнення публічных пачаткаў, аб адказнасці дзяржслужачых. Вольга Чупрыс таксама звярнула ўвагу, што адначасова будзе стаяць пытанне і аб гарантыях дзяржаўным служачым у сувязі з тым, што яны аддаюцца служэнню грамадству. «Таму канчатковая мэта якраз у тым, каб гарманізаваць інтарэсы грамадства, дзяржавы, саміх дзяржаўных служачых», — дадала прарэктар.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.