Вы тут

Уладзімір Пічэта. Першы рэктар


Не беларус па паходжанні, ён стаў пачынальнікам нацыянальнай гістарыяграфіі, кіраўніком нацыянальнага ўніверсітэта, першым і адзіным заслужаным прафесарам Беларусі.

Імя Уладзіміра Іванавіча Пічэты крыху выбіваецца з канцэпцыі нашай рубрыкі, у якой размова ідзе пра фактычна першых прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты, што прадвызначылі развіццё Беларусі як асобнага дзяржаўнага ўтварэння. Пічэта не быў беларусам па паходжанні, нарадзіўся далёка за яе межамі. Яго станаўленне як чалавека, навукоўца, грамадскага дзеяча адбывалася не на беларускай глебе, у наваствораную рэспубліку ён трапіў у даволі сталым узросце. Але не напісаць пра яго нельга, бо ў многім дзякуючы менавіта гэтаму чалавеку Беларусь уласную эліту і займела.

Ён не быў палымяным рэвалюцыянерам, заўзятым марксістам ці бальшавіком. Ён проста аддана займаўся той справай, якую ўмеў рабіць на выдатна, — быў Гісторыкам і Выкладчыкам. Нам пашанцавала, што свой талент і імпэт на працягу дзесяці гадоў гэты чалавек скіроўваў менавіта на Беларусь. На стварэнне сістэмы вышэйшай адукацыі ў нашай краіне, на стварэнне гісторыі беларускага народа. Ці не зашмат для аднаго чалавека? Тады лічылася не зашмат. То былі часы вялікіх амбіцый і вялікіх здзяйсненняў.


«Герцагавінец па крыві»

Уладзімір Пічэта нарадзіўся ў 1878 годзе ва ўкраінскай Палтаве. Але ўкраінцам па нацыянальнасці ён быў толькі напалову: маці Марыя Рыгораўна Грыгарэнка была дачкой чыноўніка кіеўскай Казённай палаты. З бацькам Іванам (Ёванам) больш цікава. Ён нарадзіўся ў Мостары, гістарычным цэнтры Герцагавіны, быў па нацыянальнасці сербам. Здольнага да навук праваслаўнага юнака заўважылі і далі яму магчымасць вучыцца ў Расійскай імперыі. Там Іван Хрыстафоравіч змог зрабіць прыстойную кар'еру: стаў рэктарам спачатку Віцебскай, пасля Палтаўскай духоўнай семінарыі, атрымаў сан протаіерэя.

Наш герой без асаблівых цяжкасцяў ішоў пратораным шляхам прадстаўніка забяспечанай сям'і: спачатку скончыў у Палтаве гімназію, пасля — Маскоўскі ўніверсітэт, гісторыка-філалагічны факультэт. Выкладаў гісторыю і мовы ў розных кутках імперыі — куды пасылалі. Але маладому чалавеку з «крывёй герцагавінца» хацелася большага. У 1909 годзе ён здае ў сваёй альма-матар магістарскі экзамен, а праз год становіцца прыват-дацэнтам універсітэта. Праўда, не надоўга: у 1911 годзе разам з многімі калегамі звальняецца, пратэстуючы супраць кансерватыўнай палітыкі міністра народнай асветы Льва Касо. Згадваючы тыя гады, будзе пасля адзначаць, што «прытрымліваўся левага ўхілу».

Але, нягледзячы на «ўхіл», рэвалюцыянерам так і не стаў. Пачалася самая крывавая вайна ў тагачаснай гісторыі, выспявала рэвалюцыя, рушыўся свет, а Уладзімір Пічэта выкладаў і займаўся навукай. Найбольш яго цікавіла гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, прынамсі, па ёй ён пісаў дысертацыю. Рэвалюцыю, мяркуючы па ўсім, прыняў спакойна, дый яна з ім, сынам высокапастаўленага святара, абышлася літасціва. У 1917 годзе Пічэта вярнуўся ва ўніверсітэт, а ўжо ў 1918-м абараніў работу «Аграрная рэформа Сігізмунда Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве», за што і атрымаў ступень доктара рускай гісторыі.

Універсітэт з нуля

У 1918-м Пічэта ўжо прызнаны вучоны-гісторык, у самым росквіце творчых і фізічных сіл — яму толькі сорак. Яму цікавыя перапляценні лёсаў славянскіх народаў, іх гістарычныя ўзаемасувязі — пэўна, і ўласнае паходжанне тут адыгрывае сваю ролю. Ён адзін з нямногіх па тым часе даследчыкаў, хто піша ў тым ліку і пра беларусаў. Таму, калі ў Маскве ствараецца беларускі Народны ўніверсітэт, Пічэту запрашаюць туды выкладаць.

Але яго галоўны ўніверсітэт — асноўная справа яго жыцця — яшчэ наперадзе. У лютым 1919 года ўрад ССРБ стварае камісію па падрыхтоўцы стварэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Для гэтай важнай працы запрашаюць акадэміка Яўхіма Карскага (дарэчы, Карскі будзе працягваць падрыхтоўчую работу і падчас польскай акупацыі). Яшчэ адна падобная камісія ствараецца і ў Маскве, і па прапанове беларускага ўрада ў кастрычніку 1920 года яе ўзначальвае Уладзімір Пічэта. Карскага на той час ужо адклікалі ў Расійскую акадэмію навук, Ігнатоўскі займае ў рэспубліцы больш высокія пасады: спачатку наркама земляробства, пасля — наркама асветы. І калі паўстае пытанне аб аб'яднанні мінскай і маскоўскай камісій і вылучэнні кіраўніка, які пасля і стане рэктарам новаўтворанага ўніверсітэта, выбар падае на Пічэту. Маладой рэспубліцы, большасць жыхароў якой была элементарна непісьменная, для вышэйшай навучальнай установы патрэбен быў менавіта такі рэктар — аўтарытэтны, прызнаны і ўладай, і навуковымі коламі, і, галоўнае, — той, які прызнае права народа на самавызначэнне, на нацыянальную адукацыю, на падрыхтоўку нацыянальных кадраў, які бачыць у гэтым народзе нешта большае, чым насельніцтва былой імперскай ускраіны.

Уладзімір Пічэта быў менавіта такім рэктарам. А яшчэ ён не пабаяўся пачаць усё з нуля. Пакінуўшы цёплае месца ў Маскве (там ён на той момант працаваў у Цэнтральным архіве — мара любога гісторыка), ён прыехаў у разбураны вайной галодны Мінск. Дзеля таго, каб «стварыць кадры адукаваных работнікаў, якія шмат карысці прынясуць справе аднаўлення нашага краю» (так ён скажа ў кастрычніку 1921 года, у прамове з нагоды адкрыцця Белдзяржуніверсітэта).

Пачынаць сапраўды давялося з нуля. Сучасныя гісторыкі Алег Яноўскі і Артур Зельскі ў сваёй публікацыі, прысвечанай 125-годдзю Уладзіміра Пічэты, згадваюць успаміны намесніка дэкана факультэта грамадскіх навук (дэканам быў Усевалад Ігнатоўскі) Сямёна Вальфсона. «Не абыходзіўся той час і без кур'ёзных выпадкаў. Першы адбыўся ў першы ж дзень заняткаў, якія былі прызначаны на 12 гадзін раніцы 31 кастрычніка. А дзясятай гадзіне на факультэт прыйшоў намеснік дэкана С. Я. Вальфсон.

У актавай зале С. Я. Вальфсон сустрэўся з рэктарам. Уладзімір Іванавіч Пічэта самотна блукаў па вялізным пакоі, у якім неўзабаве павінна было пачацца ўніверсітэцкае жыццё. «Ведаеце, хутка ўжо пачнуць збірацца студэнты, а глядзіце што робіцца...», — звярнуўся рэктар да намесніка дэкана. У актавай зале цалкам адсутнічала мэбля. Як жа быць? У прымыкаючым да залы калідорчыку было навалена некалькі дзясяткаў услонаў і табурэтак, прывезеных напярэдадні з Наркамата асветы. У будынку нікога не было — ні служачых, ні прыбіральшчыкаў. Уладзімір Іванавіч сказаў: «Трэба спяшацца. Давайце будзем самі наводзіць парадак». І тады рэктар разам з намеснікам дэкана факультэта ўзяліся пераносіць і размяшчаць услоны. Знайшлі невялікі столік і прыстасавалі яго як «кафедру». На дзвярах С. Я. Вальфсон прымацаваў аркуш паперы з надпісам чырвона-сінім алоўкам: «Аўдыторыя № 1. Уваход у час лекцыі забараняецца». Хутка пачалі збірацца студэнты, а крыху пазней у перапоўненай зале да адказу соценны натоўп прагна слухаў першую лекцыю ў гісторыі Універсітэта «Аб культуры Міжземнага мора ў эпоху панавання Рыма», якую чытаў прафесар Д. П. Канчалоўскі. Так пачыналася універсітэцкае жыццё...»

Агульнапрызнаны сёння факт: у наваствораны ўніверсітэт прыехалі з Масквы і Петраграда найлепшыя па тым часе выкладчыкі, беларускія нацыянальныя дзеячы таксама не засталіся ўбаку ад навучальнага працэсу, хоць да гэтага і не мелі вопыту выкладання на такім узроўні. Гэта стала магчымым дзякуючы дбанню кіраўніцтва маладой рэспублікі — старшыні СНК Аляксандра Чарвякова і наркама асветы Усевалада Ігнатоўскага, а таксама бясспрэчнаму аўтарытэту ў навуковых і выкладчыцкіх колах рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты і вялікай павазе, якой ён у гэтых колах карыстаўся.

«Бараніў беларускае культурнае існаванне»

У рэктара было нямала спраў, у тым ліку і гаспадарчых: па першым часе заняткі вяліся ў такой цеснаце, што выкладчыкі, нягледзячы на забарону, прымалі іспыты ў студэнтаў у сябе на кватэрах. Ужо ў сярэдзіне 20-х дбаннем рэктара пры падтрымцы кіраўніцтва рэспублікі быў закладзены першы камень універсітэцкага гарадка. Але за надзённымі справамі прафесар Пічэта не забываецца аб сваім галоўным прызванні — гістарычнай навуцы. Цягам свайго «беларускага дзесяцігоддзя» ён напіша 150 навуковых прац. Па гісторыі Беларусі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Баварыі, Літвы, па гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі. На пачатку 20-х гадоў Пічэта часта ўдзельнічаў у пасяджэннях Мінскага «Таварыства гісторыі і старажытнасцяў», на якіх уздымаліся самыя актуальныя праблемы навукі і адукацыі. «У кастрычніку 1922 г. прагучала думка У. І. Пічэты аб тым, што беларускія гісторыкі павінны накіраваць свае намаганні на «стварэнне гісторыі беларускага народа, адмовіўшыся ад поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Масквы, Польшчы ці Літвы». Ён заўсёды настойліва адстойваў неабходнасць прымянення дакладнай гістарычнай тэрміналогіі, бо выдатна разумеў неразрыўную сувязь паміж моўнай формай і гістарычным (а, мо, і палітычна завостраным) зместам. Таму не дзіўна, што вучоны падкрэслена настойліва ўжываў такія фармулёўкі, як «беларуска-літоўская дзяржава», «беларускі народ», — чытаем сведчанне даследчыкаў.

Яшчэ адзін цікавы момант біяграфіі першага рэктара — у 1921 годзе ў якасці эксперта ён прысутнічаў на працэсе падпісання Рыжскага дагавора і перамовах, якія яму папярэднічалі. Проста кажучы, дзяліў з польскім бокам архіўныя дакументы, адстойваючы права беларусаў на іх. У падручніках аб яго ўдзеле ў тых перамовах напішуць коратка, але так значна нават для нас сённяшніх: «ён, як адзначалася на святкаванні яго 25-гадовага юбілею навуковай дзейнасці, «бараніў беларускае культурнае існаванне».

Уладзімір Пічэта прыязна ставіўся да навучання на беларускай мове, вельмі хутка вывучыў яе сам (для прафесіянала-славіста гэта наўрад ці было складана), чытаў на ёй лекцыі, пісаў навуковыя працы. Праз шэсць гадоў існавання БДУ больш за палову лекцый у ім чыталася па-беларуску (былі яшчэ асобна яўрэйскае і польскае аддзяленні). А год пяцігоддзя БДУ — 1926, быў знакавы і для самога рэктара: шырока — з публікацыямі ў цэнтральнай прэсе, з урачыстымі мерапрыемствамі адзначалася і 25-годдзе яго навуковай дзейнасці. Спецыяльнай пастановай урада яму было нададзена ганаровае званне — заслужаны прафесар Беларусі. Такім чынам адзначылі яго вядучую ролю ў станаўленні БДУ, «існаваньне якога неразрыўна зьвязана з Вашым імем, як першага яго Рэктара», і яго навуковую дзейнасць, якая «зьяўляецца моцным грунтам для далейшага вывучэньня Беларускай краіны нашымі маладымі навуковымі сіламі». Уладзімір Пічэта і сёння застаецца першым і адзіным носьбітам звання заслужаны прафесар Беларусі: больш яго не прысвойвалі нікому.

Арыштаваны «па акадэмічнай справе»

Было б дзіўна, калі б першая хваля рэпрэсій на Беларусі не закранула такога чалавека. Але Пічэта быў занадта значнай велічынёй не толькі беларускага ўзроўню, каб абвінаваціць яго па груба сфабрыкаванай справе. Яго змаглі «зачапіць» толькі па «справе акадэмікаў» — у 1929—1930 гадах былі арыштаваныя больш за 100 навукоўцаў па ўсім Саюзе, у асноўным краязнаўцаў-гуманітарыяў. Уладзіміра Пічэту абвінавацілі адначасова ў вялікадзяржаўным шавінізме, беларускім буржуазным нацыяналізме і празаходняй арыентацыі. Год ён прабыў у Леніградскім доме папярэдняга зняволення, і гэта падарвала і фізічны, і маральны стан немаладога ўжо навукоўца.

Яго саслалі ў Вятку, дзе выдатны вучоны працаваў нарміроўшчыкам і табельшчыкам у кааператыве грамадскага харчавання. У 1934-м яго перавялі ў Варонеж, дазволілі выкладаць гісторыю ў мясцовым педінстытуце. А пасля здарылася па тых страшных часах дзіва: Уладзіміра Пічэту вярнулі ў Маскву, пераглядзелі справу, дазволілі выкладаць, працаваць ва ўсесаюзнай Акадэміі навук, стварыць там сектар славяназнаўства. Даследчыкі лічаць, што такая раптоўная міласць улад магла быць звязана з прыездам у СССР міністра замежных спраў Чэхаславакіі Эдварда Бекіша, які ведаў Пічэту яшчэ ў бытнасць таго рэктарам БДУ і нібыта захацеў яго ўбачыць... У 1939 годзе Пічэту нават вярнулі званне акадэміка Акадэміі навук БССР. Але ў Беларусь Уладзімір Іванавіч больш ніколі не вярнуўся.

Да 25-годдзя БССР у студзені 1944 года Уладзімір Пічэта напіша дзіўны артыкул. Дзяжурныя фразы, абавязковыя для таго часу аб ролі савецкай улады і камуністычнай партыі. Аўтар называе сярод праціўнікаў якой бы то ні было беларускай дзяржаўнасці... Яўхіма Карскага, у наркамы земляробства аж да дваццаць пятага года запісвае... Адама Славінскага, а імя сапраўднага наркама, якога абвінавачвае ў патуранні аднаасобніцкім гаспадаркам (Дзмітрыя Прышчэпава), увогуле не можа прыпомніць. Ці Пічэта — выдатны гісторык, прызнаны эрудыт, сам пісаў гэты артыкул? А можа, сапраўды, зламаны і фізічна, і маральна, хацеў забыцца аб паплечніках, з якімі разам будаваў беларускую мару, з вяршыні якой абрынуўся, як і сотні іншых?

Памёр Уладзімір Пічэта ва ўзросце 68 гадоў у 1947 годзе і быў пахаваны, як і належыць акадэміку, на Новадзявочых могілках у Маскве.

* * *

У Мінску першага рэктара таксама памятаюць. У 1990-х гадах вялася размова аб тым, каб назваць яго імем вуліцу Ленінградскую, на якой стаяць некалькі карпусоў БДУ (тады ж хацелі перайменаваць Байкальскую ў Кірылы Тураўскага). Далей размоў не пайшло, але на будынку гістфака на Чырвонаармейскай з'явілася мемарыяльная дошка ў гонар Уладзіміра Пічэты, а на самім факультэце — аўдыторыя яго імені.

А беларускія гісторыкі і сёння лічаць яго сваім Настаўнікам. Бо «стварэнне гісторыі беларускага народа, адмовіўшыся ад поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Масквы, Польшчы ці Літвы» — і цяпер актуальны запавет.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.