Вы тут

Чаканне зімы


...Той вясной між суседзямі толькі і гутаркі было: «Волька замуж ідзе...», «Волька замуж ідзе...». І казалі ж, відаць, за каго? Аднак, сутыкнуўшыся з ёй самой, проста грэх было не спытаць: «Ну, хто ж той шчаслівы?»


Пра яго тады распытвалі, мусіць, многія, і Вольга адказвала — са шчаслівай усмешкай, з ахвотай: і як завуць, і адкуль ён родам, і на колькі старэйшы, і кім працуе...

Не здзівіла яе і пытанне, дзе маладая сям'я будзе жыць. «У нас, дома», — адказала спакойна. — Месца ж хапае. Бацькі ў адным пакоі, мы ў другім...». — «Але ж нешта плануеце — будаваць сабе ці купіць?» — «Не, ну што вы, — адхрысцілася раптам Воля, — гэта сёння так дорага ды і навошта? Бацькі ж некалі памруць»...

Даўно адбылася гэта размова, даўно запісалася-надрукавалася і, шчыра кажучы, відаць, забылася б, але...

Класік праўду пісаў: «Нам не дано предугадать, как наше слово отзовется...» Гадоў праз колькі адна з жанчын расказала, як, прачытаўшы гэты дыялог, не на жарт спужалася, бо разам з ёй у трохпакаёвай кватэры жылі два амаль дарослыя ўжо сыны. То-бок, не сёння, дык заўтра, і не адзін, дык другі (а то і абодва...) ажэняцца. Прычым малаверагодна, што знойдуць жонак з кватэрамі, што пойдуць некуды ў прымы ці на прыватныя... Хутчэй за ўсё прывядуць нявестку ці нявестак дадому, да сябе (дакладней — да яе). І ўжо яны, тыя нявесткі, як вось гэтая дачка (!), як Волечка, хоць-нехаць ды будуць чакаць, што маці «некалі ж памрэ»...

З гэтым трэ было нешта рабіць. А вось што? Нешта купляць ці будаваць самой? З двума едакамі ў хаце? На яе невялікую зарплату? Гэта проста нерэальна, як той казаў! А тым больш у Мінску... Нешта прадаць? Не смяшыце мае пантофлі! Дацягнуць да пенсіі, а потым з'ехаць дамоў, у вёску да мамы (дай бог ёй здароўя!), — таксама не выйсце, бо што яны там распачнуць — удзвюх, можна сказаць, без мужчын і ў старэнькай хаце з выгодамі на вуліцы?

Думкі круціліся ў галаве і так, і вось гэтак. «Можа, — пытала яна сама ў сябе, — сесці на нішчымніцу — пачаць эканоміць на ежы, адзенні, адпачынку, бензіне?

І што на гэтым выйграеш? А што прайграеш?..

Можа, пашукаць сабе іншую работу — з большым заробкам? Але ж паспрабуй знайдзі яе без славутага блату... Ды і нагрузка там будзе, відаць, не меншая. Ці пацягне яна, ці справіцца, бо трэба ж дзяцей глядзець, хоць ужо і не маленькіх, трэба дом у парадку трымаць і ў выхадныя — гэта святое — ездзіць у вёску (добра, што машына ёсць) да старэючай мамы — там заўжды работы не мерана...»

З усіх ці не сто разоў пракручаных варыянтаў больш-менш прымальным заставаўся хіба адзін: пакуль працуе і мае здароўе, шукаць запасны аэрадром (то-бок жытло для сябе) не ў сталіцы з яе шалёнымі цэнамі, нават не ў прыгарадзе, а як бы наводшыбе...

Праўду кажуць, хто пытае, той не блудзіць, хто шукае — знойдзе. У прыгожым мястэчку (юрыдычна — аграгарадку), за дзевяноста кіламетраў ад Мінска (але па добрай дарозе) прадавалася трохпакаёўка з усімі выгодамі, з так званым еўрапейскім рамонтам і нават часткова з мэбляй у кухні і спальні.

Прасілі за ўсё пра ўсё, вядома ж, нямала, але — ці пан ці прапаў — жанчына купіла.

Не без таго — ёй прыйшлося ўлезці ў даўгі і ўзяць крэдыт; каб аддаваць іх ды пагашаць, — знайсці падпрацоўку (і нават не адну). Падштурхнуць да заробкаў сыноў, «сесці» на рэжым эканоміі...

Але ж справа была таго вартая! Карацей, «запасны аэрадром» (месца, дзе яна будзе жыць — потым, калі «дзеці» пажэняцца, а яна выйдзе на пенсію) у сям'і з'явіўся! Больш за тое... запрацаваў, бо ў тое мястэчка (райскі куточак: пад вокнамі — рэчка, навокал лес) на пяць-шэсць цёплых месяцаў з ахвотай «злятаюцца» кватаранты-адпачывальнікі. А на зіму з вёскі туды едзе матуля і жыве — як тая пані, бо ў хаце чысценька, цёпленька, утульненька, бо «вада гарачая са сценкі цячэ» (гэта яна так кажа). І ні табе дровы насіць ды ў печы паліць, ні снег разграбаць, ні аўталаўку чакаць на вуліцы, ні ў лазню хадзіць у другі канец вёскі... «Я ніколі так не жыла», — кажа маці дачцэ.

А нядаўна і наогул выдала: «Каб не гэта кватэра, — сказала ёй, — то чаго б мне чакаць? Толькі смерці. І я б ужо дачакалася... Цяпер жа — няма калі: зімой чакаю лета, каб паехаць дамоў у вёску, а летам чакаю зімы».

...Вось так. І хто казаў, што не трэба слухаць людзей, не трэба запісваць іх размовы і чытаць?!

Яшчэ і як трэба!

Валянціна ДОЎНАР

P.S. Не так даўно ў агульных знаёмых распытала, як жыве тая Волечка?

І пачула, што ў хуткім часе пасля вяселля ў яе нарадзіўся хлопчык, што парадавацца ўнуку дзед, можна сказаць, не паспеў — памёр (у пяцьдзясят з невялічкім, раптоўна), а вось бабуля — пакуль жыве, хоць і злоўжывае, як той казаў, бо з першых дзён не ладзіць з зяцем, а цяпер ужо і з дачкой.

Загаловак у газеце: Чаканне зімы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.