Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Жыццё пражыць — не песеньку спець

— А што вы пішаце? — спытала неяк у свайго прадзядулі.

— Аўтабіяграфію. Во, паглядзі, — сказаў ён і працягнуў мне лісток з радкамі акуратных літар і лічбаў. — Нават ты, нябось, усяго не запомніш, а ведаць — трэба...

Нарадзіўся мой прадзед Сяргей Васілевіч Давідзюк 31 студзеня 1924 года ў вёсцы Грынявічы. Цяпер гэта Пружанскі раён Брэсцкай вобласці. У яго бацькоў было васьмёра дзяцей, таму ўсім і з ранняга маленства даводзілася вельмі няпроста. З шасці гадоў прадзядуля пачаў зарабляць на хлеб. У школу, праўда, хадзіў. Вучыўся спачатку на польскай мове, а пасля 39-га — ужо на рускай.

Калі пачалася вайна, яго брата забралі на фронт, і сям'і стала куды цяжэй. Трэба было неяк пракарміцца, выжыць, даймала пастаянная трывога за блізкіх, за лёс старэйшага брата...

У Германію на прымусовыя работы трапіў і ён, малодшы. Расказваў, што кармілі там вельмі дрэнна, а вось смерцю палохалі — увесь час...

У канцы вайны прадзеда вызваліла Чырвоная Армія, і ён адразу ж напісаў заяву на фронт. Радавога Давідзюка запісалі артылерыстам у 200-ы полк 2-й дывізіі 3-га Беларускага фронту і накіравалі ў горад Кёнігсберг (цяпер Калінінград).

«Мы трапілі туды ў самым пачатку красавіка, — успамінае прадзядуля, — у час напружаных баёў за горад. Гітлераўскае камандаванне было ўпэўнена ў яго непрыступнасці, таму пытанне аб капітуляцыі не стаяла... Крэпасць вырашылі браць штурмам. Памятаю, як да нас падышоў камандзір роты — паказаў, адкуль страчыць нямецкі кулямёт. Сказаў нам біць туды і — галоўнае — трапна. Мы беглым агнём пусцілі тры снарады, і ўсё заціхла. Калі асеў пыл, зразумелі, што наша ўзяла! «Слава артылерыі!» — закрычаў камандзір. Дзявятага красавіка 45-га года крэпасць пала».

Потым у прадзеда была служба на Украіне, на Далёкім Усходзе і Курыльскіх выспах. Факт, што ў родную вёску Сяргей Васілевіч Давідзюк вярнуўся толькі праз два гады з медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга» і ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Тут, на радзіме, ён пражыў жыццё, разам з прабабуляй выгадаваў чацвярых дзяцей, мае дзесяць унукаў і чатырнаццаць праўнукаў.

...Яму, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і старэйшыне нашага роду, у хуткім часе споўніцца 95! Мы, вядома ж, будзем віншаваць яго з гэтай датай, зычыць моцнага здароўя ды сонечнага настрою. І будзем дзякаваць — за перамогу, за нястомную працу і мудрасць.

Анастасія Каспярук, г. Мінск


Смех смехам

Пад'ехаў...

На нашай вуліцы жыве сімпатычная дзяўчына Зоя.

— Пайшла яна неяк у краму і па дарозе сустрэла знаёмага хлопца, — расказвала маці яе. — Той спытаў: «Ты, Зоя, адвучылася ўжо ці не?» — «Вучуся яшчэ», — адказала дзяўчына. — «А замуж ісці не думаеш?» — «Не. Чакаю прынца на белым кані».

Пагаварылі яны так ды і разышліся. А надвячоркам мы з суседкамі запыніліся на вуліцы. І Зоя да нас падышла — стаім... Раптам чуем: нехта конна імчыць... На белым кані. Прыгледзеліся — той самы Андрэй. Павітаўся з намі ды кажа: «Зоя, ну паглядзі, чым я не прынц? Бачыш — на кані...»

— З таго дня і сустракаюцца, — расказвала нядаўна Зоіна маці. — Не ведаю, чым гэта скончыцца?

— Прыгожа пад'ехаў, — кажам мы ёй, — дык, можа, і вяселлем?

С. Атрохава, Слуцкі раён


Спявай, душа!

«Наш Сымоне плеш прыдбаў

На усю макушку...»

Пеў і песні, і прыпеўкі

Мой народ ва ўсе часы.

Не пяюць сягоння дзеўкі:

Пракурылі галасы.

 

Ехаў Яначак у сваты,

Усім хваліўся, што багаты:

Кот, сабака ды вядро

Вось і ўсё яго дабро!

 

На паляне пышны граб,

Рос ды выхваляўся.

Ясь «мільён» меў дзевак,

баб —

Бабылём застаўся.

Наш Сымоне плеш прыдбаў

На усю макушку.

Частавата, мусіць, спаў

На чужых падушках?

Словы Саўка перайначыў,

Ды хіба ж да толку?

«Мазду» тачкаю празваў,

А дзяўчыну — цёлкай.

Мела форсу цётка Вера:

— Завяла я кавалера!

Толькі гэты жанішок,

Абакраў яе ды ўцёк.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


Рабі, што можаш, і хай будзе, што будзе

Праўду кажуць, што год дзеліцца на дзве паловы: у першай мы чакаем лета, у другой — Каляд ды Новага года. А напярэдадні — жывыя пакуль традыцыі — спяшаемся з віншаваннямі, найлепшымі пажаданнямі, словамі ўдзячнасці. Што добра, не толькі па тэлефоне, бо званок празвінеў ды растварыўся недзе ў прасторы: у навагоддзе ў досыць напружаным рэжыме працуе пошта, дастаўляе (у тым ліку на адрас газеты) паштоўкі, лісты. Многія з іх — не без таго — з розных міністэрстваў і ведамстваў, з устаноў, прадпрыемстваў, многія — ад нашых чытачоў.

Па-рознаму яны і напісаны: ёсць так званым кароткім, можна сказаць тэлеграфным, радком (накшталт: «Цудоўны калектыў аднадумцаў віншуем... Зычым новых ідэй... Тыражоў... Грошай...), і больш разважлівым, спакойным. Ну вось, напрыклад: «Пытання, што выпісваць на новы квартал, на новы год, — піша спадарыня Таіса Несцяровіч са Смалявіччыны, — для мяне асабіста даўно не існуе: вядома ж, «Звязду». Не ўяўляю: як гэта без яе светласці, куды — без цёплай роднай мовы?!

Падабаецца, што ў газеце можна прачытаць пра справы дзяржаўныя і сямейныя, пра здароўе, культуру, гісторыю, экалогію, пра школу і яе праблемы. А яшчэ даспадобы, што «Звязда» друкуе пісьмы, якія дасылаюць простыя людзі, часта з глыбінкі, з вёскі...

Я таксама пісала ў газету, удзельнічала ў конкурсе «Фотаздымак з гісторыяй», стала там пераможцам, атрымала падарунак. Дасылала і свае гісторыі на знакаміты звяздоўскі «провад». Таму цалкам згодная са спадарыняй Любоўю Чыгрынавай, што «без «Звязды» мы мянцілі б пра пустое... А цяпер — ужо не тое».

Гэта, як вы разумееце, быў «уступ» да віншаванняў. Зараз — яшчэ адзін: «У цёплы час года мы з мужам жывём у вёсцы, — піша спадарыня Галіна Пятроўская са Смаргоні. — Там жа, у сваёй паштальёнкі, заўсёды афармлялі падпіску. Не забыліся на гэта і летась, праўда, з умовай, што потым, калі мы на зіму пераедзем у горад, за намі «пераедуць»і нашы газеты. Здавалася, праблем не павінна ўзнікнуць. Але ж пачаўся студзень, а «Звязды» няма. Насварылася на паштальёнку, на мужа, два дні ён абыходзіў кіёскі, каб купіць газету ў розніцу. Як высветлілася, там таксама яе не «злавіць»... І ведаеце, я неяк раней не задумвалася, што для мяне «Звязда». А тут — пуста ў хаце...

Добра ўсё, што добра канчаецца, — паведамляе нарэшце шаноўная падпісчыца. — Першы нумар нам аддалі на пошце з вітрыны, потым данеслі іншыя». Новыя...

Спадарыня В. А. Лойка з Дзяржынска даслала ў рэдакцыю стары пажаўцелы нумар «Звязды» за 4 снежня 2004 года, прычым з прыпіскай: «Хавала для сябе. Але ж хай будзе вам».

У газеце — рэпартаж з сустрэчы, якую мы, звяздоўцы, праводзілі ў актавай зале райвыканкама. Прысутнічалі там многія, у тым ліку і нашы падпісчыкі, паштавікі. Мы расказвалі пра газету, праводзілі віктарыны... «Я добра адказвала на ўсе пытанні, — успамінае чытачка, — атрымала ганаровы дыплом, прыгожую майку. Насіла яе гадоў з дзесяць... Цяпер майкі ўжо няма, а вось дыплом — захоўваю, як і вернасць газеце: зноў аформіла на яе падпіску...»

Тое ж, трэба разумець, зрабіў і спадар Іосіф Паўкалас з Маладзечаншчыны, ад якога разам з віншаваннямі-пажаданнямі прыйшла падзяка за звяздоўскі (даслоўна) цуда-прыз у пазамінулым розыгрышы.

Што і казаць: прыемна чытаць падобныя лісты, прыемна ведаць, што сеем, калі можна гэтак сказаць, не на камень.

Але ж пішуцца гэтыя радкі зусім не для таго, каб пахваліцца. «Газета «Звязда», — паведамляе спадарыня Ніна Дзянісаўна Гапоненка з вёскі Броннае Рэчыцкага раёна, — перайшла да мяне па спадчыне. Мой бацька пачынаў працаваць паштальёнам, потым вучыўся, займаў досыць высокія пасады, у гады вайны быў начальнікам палявой пошты, узнаўляў сувязь у Мазыры.

Не дзіва, што ў кватэру, дзе мы жылі, прыходзіла шмат газет. На іх, паміж радкоў (сшыткаў тады не было), я пісала, калі вучылася ў школе, калі паступіла вучыцца на фельчара-акушэра. Добра памятаю, што сярод іншых газет была і «Звязда». А пастаянна выпісваць яе стала з 1947-га. Мой муж тады скончыў партыйную школу, мы абодва працавалі, гадавалі дзяцей. Мяне да таго ж 27 гадоў выбіралі ў дэпутаты...

Цяпер мне за 90. Вёска вялікая, жыхароў каля 1300 чалавек, але «Звязды» ідзе зусім мала. Быў час, калі яна прыходзіла толькі да мяне і ў нашу бібліятэку.

Я задумала правесці агітацыю па падпісцы. Угаварыла адну сваю суседку, дамовілася з паштальёнкай, каб маё «Мясцовае самакіраванне» яна аддавала дэпутатам сельскага Савета. Так яшчэ адзін чалавек падпісаўся. Чаму не больш? Я думаю — маладзейшыя пакаленні, хоць і лічаць сябе беларусамі, але ў школе вучыліся на рускай мове.

А вось я люблю чытаць па-беларуску, таму «Звязду» заўжды брала ў рукі першай. Нават унук, калі быў малы, гэта ведаў. Даставаў са стоса іншых і казаў: «На... Твая любімая»...

Цяпер вочы ўжо не тыя, — прызнаецца шаноўная Ніна Дзянісаўна, дарэчы, выдатнік аховы здароўя СССР, — але, атрымаўшы «Звязду», я хоць нешта ды пачытаю, патрымаю газету ў руках, і то мне радасць. Нехта з гэтага, можа, пасмяецца, але ж, пакуль жыву, я буду выпісваць сваю «Звязду».

...Сказаць шчыры дзякуй — шаноўнай Ніне Дзянісаўне, якая разам з намі непакоіцца за лёс роднай мовы і любімай газеты, згадзіцеся, мала. Таму ў вёску Броннае, на адрас адной з найстарэйшых і такіх адданых чытачак будзе накіраваны ганаровы дыплом і невялічкі падарунак.

Да ўвагі іншых пастаянных і новых падпісчыкаў яшчэ адзін ліст. «Больш за 20 гадоў я выпісваю і чытаю «Звязду», кіруюся яе парадамі ў падтрыманні здароўя, вырошчванні ўраджаяў на дачы, прыгатаванні страў, а галоўнае — атрымліваю сапраўдную асалоду ад сустрэч з беларускай мовай, народным гумарам, героямі многіх публікацый, якія трымаюцца свайго, нацыянальнага, роднага, — піша спадарыня Л. Сагановіч з Мінска. — І шкада, што ў рэальным жыцці такіх людзей сустракаецца мала. Вакол сябе я пастаянна чую рускую мову альбо тое, што ўкраінцы завуць суржыкам, а мы — трасянкай. Паслухаеш, і такая каша ў галаве... Што з гэтым рабіць?»

Адказ на гэтае пытанне можа быць доўгім і шматслоўным. А можа — кароткім: рабі, што можаш (то-бок размаўляй і чытай па-свойму, вучы гэтаму дзяцей ды ўнукаў, выпісвай газеты і часопісы, купляй кнігі...), і хай будзе, што будзе.

Перажыла наша родная мова розныя часы. Перажыве, дасць бог, і нашу абыякавасць.

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.