Вы тут

Жыхаркі Аршаншчыны ўдзельнічаюць у праекце «Прадпрымальная землеўласніца»


Вёска з цяпліц, лабараторыя па вырошчванні раслін у прабірках, лекцыя па фінансавай адукаванасці, апрацоўка зямлі гектарамі, два ўраджаі за сезон... Гэта і шмат іншага ўбачылі ўдзельніцы сацыяльнага праекта «Прадпрымальная землеўласніца» падчас экскурсій па аграсядзібах і асабістых падсобных гаспадарках Брэсцкай вобласці. На думку арганізатараў праекта, каб упэўніцца, што ў руплівых гаспадароў праца з агароднінай ператвараецца ў стабільны прыбытак, трэба пабачыць гэта на ўласныя вочы. Звяздоўцы таксама далучыліся да гэтага падарожжа.


Лічыць свае грошы, а не суседскія

Перш чым рушыць у палі ды агароды, адзін з арганізатараў праекта — Маладзёжная сацыяльная служба — зладзіў на базе свайго бізнес-інкубатара ў сталіцы трэнінг па фінансавай адукаванасці. Удзельніцы самі на прыкладзе бюджэту сярэднестатыстычнай вясковай сям'і з Аршанскага раёна падлічылі даходы і расходы і зразумелі, як можна захоўваць сродкі, не выкідваючы іх на вецер.

Разбіўшыся на групы па чатыры чалавекі, будучыя бізнес-лэдзі склалі бюджэт на год і даведаліся, з якіх сродкаў можна стварыць «падушку бяспекі», што падтрымае сям'ю ў непрадбачаных выпадках. А яшчэ трэба ўмець ставіць дасягальныя мэты на кароткі, сярэдні і доўгі тэрміны. І пры планаванні заўжды задаваць сабе пытанне «чаму?», каб высветліць, наколькі нам патрэбная тая мэта і што дасць яе рэалізацыя.

Здавалася б, элементарныя рэчы, аднак заняткі атрымаліся захапляльныя. «Сем'і» яшчэ доўга пасля абмяркоўвалі бюджэт...

— Праект ствараўся для жанчын, якія хацелі б паспрабаваць дадатковы заробак для сябе і сям'і або сёння не маюць працы і хацелі б стаць самазанятымі ў сельскай гаспадарцы. Ім пакажуць, якія магчымасці ёсць для развіцця прадпрымальніцтва і які вопыт яны могуць перанесці ў свой раён. Пасля яны змогуць перадаць іншым, што пабачылі, падзяліцца сваім досведам, расказаць, што ўмеюць, — лічыць Юлія КАПЦЭВІЧ, каардынатар праектаў Беларускага дзіцячага фонду, без якога, па сутнасці, праект «Прадпрымальная землеўласніца» не адбыўся б.

На працягу ўсяго сезона — ад моманту вырошчвання расады да збору і рэалізацыі ўраджаю — прадпрымальніц будуць суправаджаць эксперты, якія падкажуць, як рабіць найлепш. У ліку іншых і Настасся ЛЫСЕНКА, дырэктар цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва (бізнес-інкубатара) у горадзе Барань, што ў Аршанскім раёне:

— Каб праект спрацаваў, трэба, каб людзі, якія пачнуць сваю справу, жылі недалёка адзін ад аднаго. Гэта і лагістыка — каб фура з мінімальнымі затратамі прыехала і забрала вырашчаную прадукцыю. Паралельна мы плануем стварыць цэх па перапрацоўцы прадукцыі. Закупіцца сушылкамі, маразілкамі і, магчыма, стварыць лінію па кансервацыі тавару. Гэта будзе нешта накшталт сельскага бізнес-інкубатара, дзе можна перарабіць сваю прадукцыю самастойна або даручыць гэта спецыялістам.

Цяпліца на «вясельныя» грошы

На другі дзень патэнцыйныя аграбізнесвумен рушылі знаёміцца з вопытнымі агароднікамі Столінскага раёна. Праязджаючы праз агурковую сталіцу Беларусі — вёску Альшаны, не пераставалі дзівіцца, што ўся яна стаіць на цяпліцах. Здаецца, і дамоў за імі не відаць.

— Гэта ўжо цэлыя вёскі, калгас на ўчастку, — тлумачыць Рыма ЕПУР, выканаўчы дырэктар праекта. — У іх агульныя сховішчы для прадукцыі, куды можа ўехаць фура. Гэта робіць вытворчасць больш таннай, як і ацяпленне цяпліц дровамі, хаця тут ёсць газ. Чым больш жанчын скааперуюць свае намаганні, тым больш шанцаў, што гэты сацыяльны праект стане бізнесам.

Сапраўды, каля кожнага дома навалены бярвёны — вёска рыхтуецца да пасяўной. Гэта пацвердзіла і Наталля АНДРЭЙКАВЕЦ, агародніца з 18-гадовым стажам з вёскі Высокае, да якой мы завіталі найперш:

— З 20 студзеня я ўжо высейваю насенне на расаду і месяц трымаю яе ў хаце. Адпачынак у нас толькі напярэдадні Новага года. Пасля Вадохрышча зноў у працу. Бывала, што і па дзве-тры гадзіны спім у сезон.

Наталля з мужам выхоўваюць трох сыноў. Галава сям'і пры гэтым працуе ў сельпо. Жанчына па адукацыі таваравед, аднак пакінула працу, каб заняцца справай на зямлі.

— Мне гэта падабаецца, да таго ж так я зарабляю больш. Першую цяпліцу збудавалі на тыя грошы, што падарылі нам на вяселле. Цяпер яна равесніца старэйшага сына, — расказвае Наталля і раіць: — Не бойцеся ставіць драўляныя канструкцыі, гэта не на год ці два. З часам можна і падрамантаваць. Гэта прасцей, чым набываць дарагі металапрофіль.

У закрытым грунце ў гаспадыні 20 сотак зямлі пад агуркі, таматы, перцы. Каля двух гектараў пад капусту, бульбу, буракі. Вырошчваюць і часнок, і цыбулю.

— За сезон стараемся на месцы, дзе былі, скажам, ранняя морква і капуста, пасадзіць на другі севазварот брокалі, пекінскую і цвятную капусту.

На вуліцы мароз, але многія ўдзельніцы праекта стаяць з блакнотамі і старанна канспектуюць, што ім кажуць. Многія запісваюць каштоўныя парады на тэлефон, фатаграфуюць, як што зроблена, і задаюць безліч пытанняў.

Цікавяцца, напрыклад, ураджайнасцю агуркоў і севазваротам у цяпліцы.

— Найлепшы вынік — тона з соткі, — адказвае Наталля. — А каб збудаваць цяпліцу, на сотку неабходна 1000 рублёў.

«Агурковыя» долары

Цяпліцы ўражваюць сваімі памерамі і ўладкаванасцю. Спачатку Наталля палівала культуры са шланга. Цяпер тут кропельны паліў. У другім парніку летась раслі памідоры. Іх, ужо высахлыя, пакінулі да вясны, каб лягчэй было выцягваць карэнне.

А ў рассадніцы — памяшканні, дзе даходзіць да кандыцыі прарошчаная культура, пад вялізнымі сталамі складзены спецыяльныя печы, каб тэмпературу падтрымліваць: напачатку 27—28 градусаў, пасля — 23. Калі холадна, то трэба паліць кожныя дзве гадзіны. Многія тут жа нагінаюцца, мацаюць, каб зразумець, як гэта зроблена. Неўзабаве на гэтых стэлажах з'явіцца каля шасці тысяч каліў агуркоў, якія адправяцца ў цяпліцу ўжо як заквітнеюць — у канцы лютага.

Выкарыстоўвае Наталля толькі галандскія сарты агуркоў і раіць не баяцца самастойна збіраць насенне таматаў. Кажа, што «бруднымі» сотка прыносіць да тысячы «агурковых» долараў. Агароднікі вельмі залежаць ад надвор'я і імкнуцца вырасціць раннюю прадукцыю, бо з яе найбольшы прыбытак.

— Не ўтойвайце адно ад аднаго, што ў вас адбываецца. Нешта не атрымалася — кажыце. Штосьці ўрадзіла — паказвайце. Гэта вельмі важна. І я заўжды ўсё запісваю: колькі пасадзіла, што вырасла, пачым прадала, каб разумець, ці рэнтабельна я спрацавала, — раіць Наталля будучым прадпрымальнікам. — У нас 100 двароў і 500 жыхароў, і, можа, толькі 10 % людзей не займаюцца вырошчваннем агародніны на продаж.

Калі ўлез у дугу — не кажы не магу

Праз два-тры тыдні будзе накрываць плёнкай сваю цяпліцу памерам 2,8 соткі Сяргей СЕНЬ, які вядзе ўласную падсобную гаспадарку ў вёсцы Белавуша. Да яго мы завіталі, каб паслухаць, як можна зарабляць на капусце і бульбе.

Цяпліцу пад сваю расаду Сяргей награвае трыма «буржуйкамі». На дровы ідзе да тысячы долараў. А на паліў гектара раслін — да трох тысяч тон вады, адсюль і ўраджайнасць. Як толькі расада капусты адпраўляецца на поле, у цяпліцу саджаюць агуркі.

1-1,5 гектары ранняй капусты, столькі ж ранняй бульбы, 1-2 гектары цыбулі, 30 сотак буракоў — гэта прыкладная гаспадарка прадпрымальніка. Летась ён прадаў з яе каля 300 тон прадукцыі. Усе плошчы апрацоўвае некалькі сем'яў. Сяргей з жонкай і двума сынамі, цесць з цешчай і швагер з жонкай і дзецьмі.

— Цешча ўжо не працуе ў полі, аднак, калі б мы ні вярнуліся дадому, нас чакае накрыты стол або яна збірае торбы з гарачай ежай, а нехта падскочыць і забярэ. Даходы дзелім згодна з тым, колькі сродкаў кожны з нас уклаў на пачатку справы. Без звышнатуральнай дакументацыі.

8—15 сакавіка Сяргей выкладае бульбу на прарошчванне. А саджаць яе ў глебу, кажа, трэба, як глеба паспее. Гэта калі груду кінеш на зямлю, і яна рассыплецца на кавалачкі.

Калі Сяргей пералічвае сарты бульбы, якія вырошчвае, прысутныя старанна запісваюць і нават просяць гаварыць павольней, каб паспець.

Буйную бульбу ён рэалізуе па добрай цане, а дробную — за капейкі людзям на корм скаціне прадае.

— А як вы змагаецеся з жукамі? — цікавяцца ў гаспадара.

— Звычайна атрутай. У нас іх процьма, не паспее бульба вылезці, а на ёй ужо каля 20 сядзяць. Гэта ў вас там халадней, на Аршаншчыне, дык іх менш. Я з сабой абавязкова на развод вазьму, як прыеду вам дапамагаць, — смяецца Сяргей.

Цяпер гаспадар апрацоўвае чатыры гектары зямлі, аднак кажа, што, калі б была магчымасць, рабіў бы і на 20. І раіць: «Як узяўся за гуж, не кажы, што спіна баліць».

Белая зайздрасць і кааперацыя

Столінскі край — тэрыторыя цяпліц. На прыватных участках тут каля 500 гектараў парнікоў. Больш як 10 тысяч мясцовых сем'яў займаюцца аграбізнесам. Прычым акрамя агародніны тут усё больш зямлі займаюць клубніцамі ды буякамі. Узяць зямлю ў арэнду ў раёне — задача амаль невыканальная, кожная пядзя тут занятая.

— Летась год быў няўдалы на агуркі, дык людзі зарабілі на капусце. Заўжды трэба мець нейкую культуру на запас, калі асноўная не ўродзіць, — расказвае Віктар ВЕЛЯСНІЦКІ, дырэктар Столінскага цэнтра сельскага развіцця. — Да таго ж аграбізнес цягне за сабой стварэнне іншых паслуг. Напрыклад, праз вялікую колькасць плёнкі з цяпліц, якую мяняюць, мы стварылі невялічкае прадпрыемства па яе перапрацоўцы. Адкрыліся арганізацыі па пабудове цяпліц, па продажы інвентару і рамонце сельгастэхнікі.

Ён расказаў, як цэнтр працуе з людзьмі: робіць аналіз глебы і праводзіць тэсты, каб пабачыць, як паводзяць сябе расліны падчас росту, арганізуе сумесныя закупкі насення, плёнкі і іншых сродкаў. Растлумачыў, чым небяспечнае невыкананне правіл. Як пара слоў агранома могуць выратаваць сезон лепш, чым разумныя кнігі...

— Кансультант можа дапамагчы вам арганізаваць працу, а не расказаць, што рабіць, каб разбагацець, — упэўнены дырэктар. — Зайздрасць да суседа павінна быць белай, каб можна было разам займацца аграбізнесам.

З прабірак на грады

На трэці дзень удзельнікі праекта наведалі лабараторыю мікракланальнага размнажэння раслін ААТ «Агра-Моталь» у Іванаўскім раёне.

Тут займаюцца ажынамі, бружмелем, дэкаратыўнымі раслінамі. З вочка бульбы вычляняюць мерыстэму, якая відаць толькі пад мікраскопам, і з яе ў прабірках вырошчваюць парасткі бульбы, з якой пасля ў цяпліцах атрымліваюць міні-клубні для элітнага насення.

Чатырохузроўневая цяпліца, што з'явілася ў гаспадарцы летась, пачынае работу ў два цыклы: у красавіку і жніўні.

— У ёй аўтаматычна падтрымліваецца мікраклімат. І мы можам атрымаць тут стапрацэнтна бязвірусныя міні-клубні і ягадныя расліны, — кажа Наталля БАЛЮК, начальнік комплексу. — У прабірках у нас расце не толькі бульба, але і ружы, рададэндроны. З пупышак адной расліны, напрыклад, можна атрымаць да 15 кустоў кветак.

Завіталі мы і ў сховішчы для агародніны і садавіны, дзе пабачылі лініі па сартаванні і ўпакоўцы бульбы і капусты. Убачылі, як бульбу аўтаматычна мыюць перад рэалізацыяй.

Паглядзелі, як чысцяць бульбу, моркву, цыбулю, якія тут жа вакуумуюцца і пад заказ адпраўляюцца на прадпрыемствы. Пакаштавалі яблыкаў і яшчэ больш натхніліся ідэяй уласнага бізнесу на зямлі. Тым больш што «Прадпрымальная землеўласніца» — праект, разлічаны на ўвесь год. І гэтая трохдзённая экскурсія — толькі адукацыйная частка, пасля якой пачнецца практыка.

Ірына СІДАРОК.

Фота Андрэя САЗОНАВА.

Загаловак у газеце: Капітал з агарода

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.