Вы тут

Нарачанскі Рым


Напрыканцы мінулага года ўрачыстасць у гонар шанавання іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) была ўнесена ў Спіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.


Цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай – самая ўшанаваная каталіцкая святыня Беларусі. Будслаўская зямля – месца вельмі намоленае. Вернікі з розных краін прыходзяць сюды, каб памаліцца ў цішы і, схіліўшы калені, прынесці Найсвяцейшай Панне Марыі свае просьбы, расказаць пра свае клопаты. 

…З-за пагорка выплываюць з вышыні нябёсаў дзве белыя вежы, укаранаваныя крыжамі. Сельскія падворкі ўшчыльную падступаюць да велічнага барочнага ансамбля касцёла Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пасяленне Будслаў (Буда слаўная) узнікла ў першай палове XVI стагоддзя: гэтыя землі былі дараваныя ў 1504 г. вялікім князем ВКЛ Аляксандрам манахам-бернардзінцам. Яны для сваіх набажэнстваў пабудавалі тут невялікую драўляную капліцу. Існуе легенда, што адзін з манахаў ноччу ўбачыў над капліцай ззянне, а ў ім – выяву Маці Божай. З'ява паўтаралася некалькі разоў. Багародзіца прамовіла: “Гэтае месца пазначыў Бог для прытулку грэшнікаў”. І бернардзінцы паклапаціліся выканаць гэтую волю. Так у 1633 годзе ў Будславе быў закладзены цагляны храм, які будаваўся амаль дзесяць гадоў. Будаўнічыя работы вяліся пад кіраўніцтвам, як пазначана ў хроніцы будслаўскага манастыра,  “майстра-каменшчыка з Нямеччыны Андруса Кромера”. Свой сучасны выгляд храм набыў пасля перабудовы ў 1767-1783 гадах.

Будслаўскі касцёл – выдатны ўзор віленскага барока. Будынак пабудаваны ў форме выцягнутага крыжа з дзвюма высокімі вежамі на галоўным фасадзе. Над уваходам у храм усталяваны традыцыйны для касцёлаў арган. Фасады святыні багата ўпрыгожаныя разнастайнымі архітэктурнымі формамі, што характэрна для позняга барока.

Славутасць касцёла – разьбяны двух’ярусны алтар «Унебаўшэсце Марыі» – адзін з лепшых узораў мастацтва ранняга барока. Вянчаюць яго 20 пазалочаных скульптур святых Ветхага Запавету. На сценах касцёла да нашых дзён захаваліся ўнікальныя роспісы — восем сюжэтаў, якія з'яўляюцца выдатнымі помнікамі ранняга класіцызму.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны праз Будслаў тройчы праходзіла лінія фронту, але ніводная бомба на касцёл не ўпала. Мясцовыя жыхары расказваюць, што ў самым пачатку вайны пры адступленні савецкіх войскаў храм хацелі падарваць, каб той не дастаўся немцам. Калі вернікі даведаліся пра бязбожны бязлітасны план, яны ачапілі святыню жывым колам і ўсю ноч маліліся. Салдаты паспрабавалі адагнаць людзей ад святых сцен, пагражалі, што пры падрыве ўсе загінуць пад абломкамі касцёла, але людзі не адступіліся. Раніцай савецкія войскі пакінулі вёску…

Найкаштоўнейшая жамчужына касцёла  – цудадзейная ікона Маці Божай Будслаўскай. У цэнтры палатна – Маці Божая трымае Дзіцятка Езуса. Яго правая рука бласлаўляе вернікаў, а левай Дзіцятка падае Маці гранат – сімвал вечнага жыцця і хрысціянства. Абраз напісаны алеем у стылі позняга італьянскага Рэнесансу.

На жаль, не захавалася ніякіх звестак пра аўтара іконы. Вядома толькі, што абраз быў падораны ў 1598 годзе Рымскім папам Кліментам VIII тагачаснаму мінскаму ваяводзе Яну Пацу. Прыняўшы каталіцкую веру, ён здзейсніў паломніцтва на Святую зямлю. Падарунак доўгі час знаходзіўся ў асабістай капліцы ваяводы, а пасля яго смерці быў перададзены ў Будслаўскі касцёл. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай манахі, не жадаючы дапусціць здзекаў з абраза, вывезлі яго ў больш спакойнае месца на Беласточчыну. Вярнулася святыня на беларускія землі ў сярэдзіне XVII стагоддзя.

Цудадзейсныя змены, якія адбываліся пасля малітвы перад іконай, пачаў апісваць настаяцель Элеўтэрый Зеляевіч у сваёй кнізе «Задыяк на зямлі». Першы цуд зафіксаваны ў 1617 годзе: да 5-гадовага хлопчыка Язафата Тышкевіча, які пазней стаў вядомым айцом кармелітам, вярнуўся зрок.

Сёння месцовыя жыхары і святары ўзгадваюць шмат неверагодных гісторый ацалення, якія адбыліся пасля малітвы ля абраза. Каля алтара можна ўбачыць залатыя і сярэбраныя фігуркі, пераплаўленыя з ювелірных упрыгажэнняў. Гэтыя дары Маці Божай Будслаўскай – падзяка за пачутыя просьбы.

Важная падзея адбылася ў Будславе 2 лiпеня 1998 года. Абраз-легенду каранавалі. Ва ўрачыстай абстаноўцы кардынал Казімір Свёнтак прымацаваў на абраз папскія кароны. Гэта стала афіцыйным пацверджаннем з боку Ватыкана, што абраз з'яўляецца цудатворным.

Чвэрць стагоддзя таму аднавілася пілігрымка да ўвенчанага папскімі каронамі абраза Маці Боскай Будслаўскай, абвешчанай патронкай каталіцкай канфесіі на Беларусі. Штогод Будслаўскі фэст прымае гасцей з усіх рэгіёнаў Беларусі і замежжа. На самую вялікую ўрачыстасць у гонар Маці Божай Будслаўскай, якая адбываецца ў першую суботу ліпеня, прыходзяць і прыязджаюць тысячы вернікаў.

Паломнікі ішлі да святыні заўсёды, нават у цяжкія савецкія часы. Начамі, хаваючыся ад пераследу, яны патаемна дабіраліся да касцёла і маліліся. Сёння Будслаўскі фэст стаў сапраўдным святам веры і адраджэння беларускага касцёла.

Тысячы пілігрымаў ідуць сюды, каб з чыстым сэрцам звярнуцца са сваімі просьбамі да  Маці Божай.  Пасля доўгага шляху і ўрачыстай імшы ў намётавым лагеры, дзе спыняюцца падарожнікі, да раніцы не сціхаюць спевы і малітвы, танцы і гутаркі.

“Шлях веры” не блізкі: напрыклад, з Брэста да Будслава ідуць пешшу аж 16 дзён! Па прыбыцці пілігрымы перш за ўсё накіроўваюцца да касцёла, каб падзякаваць Панне Марыі, якая вяла іх пад сонцам і дажджом, лагодзячы боль мазалёў, затуляючы ад бед у дарозе. Шмат вернікаў, што пераадолелі дзясяткі пешых кіламетраў, апошнія метры да цудатворнай іконы імкнуцца прайсці на каленях, выказваючы тым самым Маці Божай асаблівую пашану. Бывае, што гэтыя некалькі  метраў займаюць больш за гадзіну – але гэта час самай глыбокай і шчырай малітвы.

Будслаўскі фэст заўсёды збірае шматлікіх паломнікаў з краін Прыбалтыкі, Расіі, Украіны, Польшчы. Шлях паломніцтва – гэта час выпрабавання для яго ўдзельнікаў. Трэба разумець, што гэта не проста пешы паход, не забава, а магчымасць у яднанні з Богам і прыродай разабрацца у сваіх думках і сапраўдных пачуццях, зразумець, як жыць далей...

У ноч з пятніцы на суботу каля касцёла пачынаецца адна з галоўных цырымоній і адначасова кульмінацыя свята – грандыёзная працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. Шлях святароў і вернікаў асвятляюць тысячы агнёў ад свечак. Пасля ўдзелу ў такой урачыстай і ўзнёслай працэсіі становіцца зразумелым, адкуль у стомленых доўгім шляхам пілігрымаў бяруцца сілы для шматгадзіннага начнога чування.

Апошнім часам з'явіліся шматлікія мерапрыемствы, якія папярэднічаюць святкаванню Будслаўскага фэсту: пілігрымацыя копіі абраза Маці Божай па дыяцэзіях, арганізацыя рэгулярных аўтобусных і нават паветраных пілігрымак на верталёце з Мінска ў санктуарый Будслава ў кожную першую суботу месяца.

Вернікі пераадольваюць сотні кіламетраў, каб выказаць пашану і падзяку Маці Божай Будслаўскай, якая лічыцца Апякункай і Заступніцай Беларусі. Шматлікія дараваныя цуды, што здзяйсняюцца на працягу тысячагоддзяў, сведчаць пра тое, што вера людзей – не пустая, а надзеі – не марныя.

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ:

– Радасная навіна, што Будслаўскаўкі фэст уключылі ў спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА, прыйшла да нас напярэдадні Адвэнту. Гэта вялікая радасць для ўсіх нас. Мы чакалі гэтай падзеі з надзеяй. Спадзяюся, сусветнае прызнанне дасць новы імпульс вернікам, каб прыйсці ці прыехаць у святое месца, прыняць удзел у Будслаўскіх набажэнствах. Людзі здаўна маліліся на Будслаўскай зямлі, дзе аб’явілася Марыя. Вера ў дапамогу нашай духоўнай Маці заўжды падтрымлівае ў самых складаных момантах жыцця.

Яніна КУРЫЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.