Вы тут

Пад якім вуглом глядзець на віно?


Гэтым разам з усіх калядных віншаванняў, якія я атрымала, адно выдзеліла асабліва. Па-першае, яно напісана рукой на паштоўцы, што цяпер — рэдкасць, а па-другое, змяшчае палеміку з адным з маіх леташніх матэрыялаў. Не ведаю, ці згодны аўтар на тое, каб я называла яго прозвішча, таму на ўсялякі выпадак не называю.


Спадар Павел з Гродна нагадвае калонку за 20 верасня пад назвай «Людзі жывуць у чарках...» — ён лічыць, што я не напісала галоўнага: карані адной з найвялікшых заган нашага грамадства ў тым, што людзі забыліся пра Бога. А ў Бібліі сказана: «Не глядзі на віно». Спрачацца не буду. І ў нейкім высокім, глабальным сэнсе так яно і ёсць. Калі людзі страчваюць аснову, стрыжань, на якім трымаецца душа, які падсвядома кіруе паводзінамі і ўчынкамі чалавека, здараецца бяда. Нехта гэтую аснову называе Богам, іншыя лічаць прынцыпамі маралі, якія, дарэчы, і будуюцца на падмурках знакамітых дзесяці запаведзяў.

Нездарма ж Вальтэр гаварыў: «Калі б Бога не было, яго варта было б прыдумаць». Чалавек — істота слабая, яму патрэбен нейкі стрымліваючы фактар. Сведчаннем таму ўся чалавечая гісторыя. Як вядома, у старажытнасці на цяперашняй еўрапейскай тэрыторыі нормай лічыліся розныя оргіі, ці калектыўная распуста, якія абавязкова падаграваліся п'янкай. Потым здараліся катаклізмы, палітычныя і прыродныя, — тут можна згадаць «Апошні дзень Пампеі» Брулова як напамін людзям пра непрымальны лад жыцця... Хрысціянства за два свае тысячагоддзі шмат зрабіла для павышэння культуры і выхавання грамадскай маралі. Адным з набыткаў гэтага выхавання можна лічыць тое, што напівацца стала сорамна. П'янства асуджалася любой чалавечай супольнасцю. У многім такі падыход падтрымліваўся менавіта ўплывам рэлігійных устаноў. У вёсцы любы бацюшка мог паўшчуваць аматара чаркі, і той стараўся лішні раз не трапіцца на вочы святару. Потым рэлігію адмянілі, храмы паразбуралі. У савецкі час ролю духоўных вартавых з пераменным поспехам выконвалі парткамы. Праблема, вядома, была — нездарма ж прымалі шматлікія пастановы аб барацьбе з п'янствам. А ў постсавецкі час яна яшчэ больш абвастрылася.

Піць, напівацца, тапіць сваё жыццё ў віне стала... не сорамна. Цяперашні індывід разважае так: «Я свабодны чалавек у свабоднай краіне, магу распараджацца сваімі сродкамі і сваім жыццём так, як хачу». І гэта правільна з пункту гледжання закона ў дачыненні да асобна ўзятага індывіда. А ў дачыненні да грамадства няправільна. Бо п'яныя часцей за цвярозых здзяйсняюць злачынствы. Адна з шараговых навін апошніх дзён: на вяселлі пабіліся сваты, для аднаго справа скончылася рэанімацыяй. П'яныя забіваюць на дарогах іншых. Яны ж нярэдка самі гінуць па розных прычынах ды пакідаюць уласных дзяцей, сужэнцаў, бацькоў без падтрымкі. Нядаўна адна старшыня сельскага Савета падзялілася сумным назіраннем. У даволі вялікай вёсцы, па ўсіх прыкметах перспектыўнай, яна налічыла каля 50 адзінокіх мужчын ад 35 да 55 гадоў, якія выпіваюць. Гэта значыць, яны не стварылі сем'яў, не аддалі доўг соцыуму і знайшлі сэнс жыцця ў той самай чарцы. І самае сумнае, што такое становішча лічаць нармальным.

А што? Уключы тэлевізар — там спрэс «прыгожае жыццё», аздобленае або зграбным бакалам, або гранёнай чаркай. Нярэдка гэта падаецца з дасціпным гумарам, нават з налётам рамантыкі. Аднойчы сталы, з усімі рэгаліямі артыст расказваў пра значэнне выразу «Не па таленце п'еш». Нібыта было ў іх адмысловае кафэ, дзе любілі адпачываць артысты, ну і захоўваўся там пэўны кодэкс паводзін. Народныя маглі напівацца да гарызантальнага становішча, заслужаныя мусілі піць менш, а тыя, хто без рэгалій, дазвалялі сабе зусім крышку, каб потым адвезці дамоў народных, пасадзіць у таксі заслужаных. А хто дазваляў сабе больш, яму казалі: «Не па таленце п'еш». Што ж, таленавітыя людзі і пакпіць з сябе ўмеюць таленавіта. Дарэчы, многія і многія творчыя асобы, лічы, загінулі ад гэтай навалы.

А нашаму абывацелю, асабліва таму, хто не вельмі абцяжараны адукацыяй ды выхаваннем, духоўным багажом, калі не прыгожае жыццё, дык яго алкагольная «прыправа» заўсёды даступныя. Мяжа паміж забавай-звычкай і хваробай вельмі хісткая, яе часта не заўважаюць. Адсюль пачынаюцца сямейныя, асабістыя трагедыі, рушацца лёсы і жыцці, пакутуюць дзеці.

...Сёлета на свята Богаяўлення малады святар у нашай царкве сказаў падчас пропаведзі: «Шостую запаведзь «Не забі» не варта разумець так, што нельга толькі забіваць іншага. Нельга забіваць і сябе: алкаголем, наркотыкамі, іншымі дрэннымі прывычкамі». Правільна, добра сказана. Ізноў падыходзім да таго, што спадар Павел з Гродна назваў галоўным. Толькі вось як павярнуць многіх сучаснікаў у бок галоўнага, ні я, ні спадар Павел, падобна на тое, не ведаем...

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».