Вы тут

Дзіяна Громава: Мае слухачы растуць разам са мной


Упершыню дзяўчына выйшла на сцэну ў пяцігадовым узросце. Калі ёй было пятнаццаць, скарыла Галівуд, дзе на Сусветным чэмпіянаце выканаўчых мастацтваў заваявала два залатыя і бронзавы медалі. А ў 2016 годзе яе песня «Разбіваемся» стала адной з самых раціраваных на беларускіх радыёстанцыях. Знаёмцеся — Дзіяна Громава!


— Многія памятаюць цябе маленькай «зорачкай», якая штурмавала нацыянальныя адборы на дзіцячае «Еўрабачанне», перамагла ў «Сузор'і надзей»...

— З таго часу я вельмі змянілася. На жаль, далёка не ўсе гэта разумеюць і працягваюць успрымаць мяне як «дзяўчынку з хвосцікамі». Калі ты дарослы артыст, гэта часам замінае. Дыпломы, узнагароды, здабытыя ў дзяцінстве, не характарызуюць мяне як цяперашнюю спявачку. Не люблю, калі перад выхадам на сцэну пачынаюць іх пералічваць. Дарэчы, таму многія «зорныя дзеці» і выбіраюць непублічныя прафесіі.

З іншага боку, шматлікія конкурсы, праекты, канцэрты, якія мелі месца ў дзяцінстве, загартавалі мяне. Дзякуючы ім я зразумела, што сцэна — дакладна маё. Гэты досвед неацэнны. За кулісамі нацыянальнага адбору на дзіцячае «Еўрабачанне» я ўпершыню ўбачыла кухню шоу-бізнесу знутры. На Сусветным чэмпіянаце выканаўчых мастацтваў працавала побач з неймаверна таленавітым і працаздольным Пятром Ялфімавым.

— Няма жадання прыняць удзел у музычных конкурсах для дарослых выканаўцаў?

— Цяпер музычная індустрыя працуе па іншых законах. Можна ўвогуле нідзе не выступаць, а проста закінуць сваю песню ў сацыяльныя сеткі і назаўтра прачнуцца знакамітым і запатрабаваным. Дзясяткі папулярных маладых артыстаў так і зрабілі. Але для астатніх соцень тысяч гэты варыянт не спрацаваў. Не бачу нічога дрэннага ў тым, калі прафесіяналы ўдзельнічаюць у праектах накшталт «Голасу» ці «Х-фактару». Такім чынам яны атрымліваюць магчымасць засвяціцца на тэлеканалах.

Я найбліжэйшым часам хачу паспрабаваць свае сілы на «Еўрабачанні». Ужо нават песню для конкурсу падрыхтавала. Пра што яна? Пакуль сакрэт!

— Чаму пайшла вучыцца на філолага ў БДУ, а не на вакалістку?

— Яшчэ школьніцай я на выхадных прыязджала з Гомеля ў Мінск. Была магчымасць займацца вакалам з Пятром Ялфімавым і Вольгай Макушынскай, якія выкладаюць ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, не паступаючы туды. Такім чынам сфарміравалася добрая музычная аснова, якую пасля я развівала сама. Ні ў якім разе не шкадую, што не маю профільнай адукацыі.

Акрамя таго, у нашай сям'і педагагічная дынастыя. Мама і бабуля — настаўніцы. Цяпер і я далучылася да іх кампаніі: выкладаю англійскую мову на курсах. Мне падабаецца, плюс гэта дае магчымасць зарабляць грошы для запісу песень і здымак кліпаў. Аднымі канцэртамі шмат не заробіш.

— Сябруеш з калегамі па сцэне?

— Канешне! Ёсць сябры яшчэ з часоў дзіцячага «Еўрабачання», з кімсьці пазнаёміліся на канцэртах. Хаця не буду адмаўляць: у нашай справе, як і ў любой іншай, вялікая канкурэнцыя.

Сапраўдная ўдача — знайсці «сваіх» аўтараў музыкі і тэкстаў. Мне пашанцавала: мой найлепшы сябра Улад Чыжыкаў піша песні, якія поўнасцю перадаюць мой унутраны стан. Выконваю іх з неймаверным задавальненнем.

Час ад часу песні дасылаюць аўтары, з якімі я не знаёмая асабіста. Але гэты матэрыял «не мой» і «не пра мяне». Заўсёды хочацца спяваць тое, што блізка, што адчувала насамрэч. Таму ўсе мае трэкі напісаныя сябрамі і добрымі знаёмымі.

— Наколькі рэальна маладому артысту, які працуе звычайным выкладчыкам англійскай мовы, запісаць песню і зняць кліп?

— Калі ён займаецца толькі музыкай, то вельмі цяжка. Але калі мае яшчэ якія-небудзь крыніцы даходу, то ўсё магчыма. У мяне няма прадзюсара ці менеджара. Артыст у наш час можа і павінен усё кантраляваць сам: якія тэксты спяваць, якія аранжыроўкі рабіць, у якіх касцюмах яму зручней.

Дзі­я­на з най­леп­шым сяб­рам, аў­та­рам яе пе­сень,  лі­да­рам гур­та «Ра­дыё­хва­ля» Ула­дам Чы­жы­ка­вым.

У індустрыі музыкі трэба выкладвацца «на ўсе сто» і нават больш. Аднак вынік пры гэтым можаш атрымаць не адразу. Помню, калі мама прывяла мяне да першага педагога па вакале, тая не хацела са мной займацца. Маўляў, занадта маленькая дзяўчынка. Праўда, пачуўшы, як я спяваю, адразу ж перамяніла сваё рашэнне.

Мае песні доўга не бралі на радыё. Я пастаянна чула ў адказ адну і тую ж фармулёўку: «Не наш фармат». Зоркі сышліся ў 2016-м, калі я запісала песню «Разбіваемся». Яна стала сапраўдным хітом, які гучаў на ўсіх айчынных радыёстанцыях, і была ўдастоеная прэміі «Песня года Беларусі». Пры гэтым нічога асаблівага для яе «прасоўвання» я не рабіла. Як заўжды, проста даслала запіс на радыё.

— У цябе ўжо сфарміраваўся музычны стыль ці ты пакуль у творчых пошуках?

— Я працягваю развівацца. Ад падлеткава-студэнцкай гарэзлівасці пераходжу на больш глыбокія лірычныя тэмы і мелодыі. Зноў жа хочацца падкрэсліць: я вырасла. Дарэчы, і мая аўдыторыя расце разам са мной.

— Ёсць рэчы, якія ты сабе ніколі не дазволіш на публіцы?

— Увогуле, мне няма чаго хаваць. Аднак на вуліцу без макіяжу — ні нагой! Прыналежнасць да шоу-бізнесу навучыла быць больш асцярожнай у адносінах з людзьмі. У сацыяльных сетках у мяне досыць многа падпісчыкаў, таму падрабязнасці свайго асабістага жыцця стараюся не раскрываць. Нездарма кажуць: шчасце любіць цішыню. Але што датычыцца творчасці, то заўсёды дзялюся навінамі праз «Інстаграм». Як высветлілася, мяне слухаюць не толькі беларусы, але і расіяне, украінцы. Паведамленняў ад прыхільнікаў прыходзіць шмат з вельмі розных гарадоў.

— За творчасцю якіх спевакоў сочыш з асаблівай увагай?

— Мне імпануе стыль выканання Эда Шырана, Арыяны Грандэ, Чарлі Пута, з нашых падабаецца «Аёва». Адным словам, люблю той кірунак поп-музыкі, у якім працую сама. Хаця разам з сябрамі-музыкантамі мы абавязкова слухаем усе музычныя навінкі, абмяркоўваем іх.

— Кожны артыст мае свой спосаб аднаўлення энергіі пасля выступленняў. Як адпачываеш ты?

— Як сапраўдны філолаг — з добрай кнігай. (Усміхаецца.) Часам хочацца проста пабыць сам-насам, памаўчаць і падумаць аб сваім. Каб пасля з новымі сіламі зноў выходзіць на сцэну.

Да таго ж люблю вандроўкі. Ужо пабывала ў 21 краіне і хочацца яшчэ. Разам з тым я прывязаная да Мінска, у якім жыву ўжо сем гадоў. Мне заўсёды прыемна вяртацца ў родны Гомель, дзе жывуць бацькі.

— Якой бачыш сябе праз 10 гадоў?

— У першую чаргу — мамай і жонкай. Буду працягваць выступаць на сцэне, а можа, у дадатак да англійскай мовы пачну даваць заняткі па вакале.

— Няўжо не марыш аднойчы сабраць стадыён?

— Не. Я зор з неба не хапаю. Разумею, што сёння кар'ера большасці поп-выканаўцаў хуткаплынная. Зараз адны на хвалі папулярнасці, заўтра — іншыя. А я не хачу ўсё жыццё гнацца толькі за рэйтынгамі. Як казала Мэрылін Манро, кар'ера — цудоўная рэч, але яна нікога не зможа сагрэць у халодную ноч. Таму сям'я і сямейныя каштоўнасці знаходзяцца ў мяне на першым месцы.

Ганна КУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

У 1943—1944 гадах легендарнай Хаваншчыны (Івацэвіцкі раён) немец баяўся як агню.

Культура

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым  дакументальнае кіно — несумленнае

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым дакументальнае кіно — несумленнае

Заўтра ў харвацкай сталіцы пачынаецца міжнародны фестываль дакументальнага кіно ZаgrеbDох, у асноўны конкурс якога адабраны і фільм беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы Summа.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.