Вы тут

Дзеля чаго шукаюць папулярнасць у «Інстаграме»


На сёлета колькасць зарэгістраваных карыстальнікаў «Інстаграма» складае 1,1 мільярда чалавек. Размяшчэнне фотаздымкаў на прасторах папулярнай сацсеткі стала для маладых людзей новым хобі. А для некаторых — нядрэнным заробкам. Пагоня за праглядамі, «лайкамі», каментарыямі... Ці варта гэта намаганняў і часу? З такім пытаннем мы звярнуліся да студэнтаў, чыя колькасць падпісчыкаў у «Інстаграме» склала ад тысячы і больш.


Карына ДЗЯНІСАВА, студэнтка ІV курса філалагічнага факультэта БДУ:

— У «Інстаграме» зарэгістравалася ў старшых класах. Тады ён быў не такі папулярны, і я не надавала яму значэння як сацыяльнай сетцы. Пасля заканчэння школы з'явілася больш часу, таму актыўна стала весці свой профіль, натхняючыся вопытам іншых дзяўчат. Спачатку папулярнасцю карысталіся мае сэлфі, але потым зразумела, што гэта занадта самаўлюбёна. Разбавіла гэтую аднатыпнасць фатаграфіямі ў поўны рост, моднымі «лукамі», здымкамі на фоне прыгожых будынкаў. Асабліва мяне цешылі станоўчыя каментарыі, тады хацелася дзяліцца новымі фота яшчэ і яшчэ.

Для мяне «Інстаграм» як асабісты дзённік. Нават завяла такое правіла: калі іду на чыйсьці дзень нараджэння, абавязкова выкладваю фатаграфію. Прычым захоўваю храналогію, каб атрымлівалася лагічная карцінка майго жыцця. Напрыклад, узімку не выкарыстоўваю летнія здымкі. Думаю, праз гадоў дваццаць мне будзе прыемна пераглядаць сваю старонку і ўспамінаць маладосць. Я рэдка падпісваю фатаграфіі. Баюся, што падзялюся думкамі, а гэта нікому не будзе цікава.

Звычайна іду па горадзе, ацэньваю якое-небудзь месца і раблю выснову: вось тут атрымаецца прыгожае фота, яно збярэ шмат «лайкаў». Часцей за ўсё мяне здымае мой малады чалавек. Раней бурчаў. Але цяпер зразумеў, як зрабіць добры кадр. Нават раіць мне, як і дзе лепш стаць.

Калі ў цябе шмат падпісчыкаў, людзі думаюць, што ты цікавая асоба. На самай справе ўсё можа быць інакш. Але зараз меркаванне пра чалавека складаецца дзякуючы сацыяльным сеткам. Да папулярных інстаграм-блогераў я стаўлюся з павагай і нават трохі ім зайздрошчу. Заваяваць увагу аўдыторыі не так проста. Каб прыцягнуць рэкламадаўцаў і мець прыбытак ад свайго профілю, трэба распрацоўваць яго канцэпцыю, стыль. У мяне няма на гэта часу. На першым месцы — вучоба, кар'ера, блізкія людзі.

Валерыя ДЭЛЬ, студэнтка ІІІ курса юрыдычнага факультэта БДУ:

— Вяду «Інстаграм» ужо чатыры гады. Раней мой профіль быў у стылі «я і сябры», зараз яго накіраванасць змянілася. Я падпрацоўваю мадэллю, выкарыстоўваю сацыяльную сетку для ўласнай рэкламы. Каб ацаніць знешнія даныя, людзі ў першую чаргу глядзяць фота ў «Інстаграме». У мяне ёсць мэта набраць як мага больш падпісчыкаў. Гэта крутая платформа для мадэльнага бізнесу. Тым больш рэкламныя прапановы прыносяць нядрэнны заробак.

Я часта прашу сяброў мяне сфатаграфаваць. Пры гэтым сама выстройваю сабе кадр — іншым дастаткова націснуць на кнопку. Аднак ім мае просьбы ўсё роўна дакучаюць. На «Інстаграм» я трачу не больш за гадзіну ў дзень: не гартаю стужку, заходжу толькі на профілі, якія мне цікавыя. Напісанне чарговага паста і апрацоўка фота займаюць каля 40 хвілін. Калі паглядзець статыстыку профілю, то 55 працэнтаў маіх падпісчыкаў — дзяўчаты ад 18 да 20 гадоў. Сярод аўдыторыі як знаёмыя, так і людзі з іншых гарадоў і нават краін. Думаю, мая старонка папулярная, бо ў мяне незвычайная знешнасць: рыжыя валасы, вяснушкі.

Некаторыя лічаць: «раскруціцца» з дапамогай фотаздымкаў — што за глупства? Але гэта таксама і праца. Без пастаяннага вывучэння аўдыторыі, творчага мыслення нічога не атрымаецца. Таму я паважаю папулярных інстаграм-блогераў, натхняюся іх поспехамі. «Інстаграм» — гэта латарэя. Так, ты можаш размяшчаць прыгожыя здымкі, пісаць цікавыя тэксты. Але з-за таго, што сацыяльныя сеткі перанасычаны інфармацыяй, цябе не заўважаць. Няма ўніверсальнай парады па развіцці профілю. Проста рабі, што падабаецца, і твая аўдыторыя цябе знойдзе.

Ангеліна ДРАБУДЗЬКА, студэнтка ІІІ курса юрыдычнага факультэта БДУ:

— Спачатку завяла «Інстаграм», бо гэта было модна. Пазней ён стаў месцам, дзе я дзялюся думкамі і важнымі момантамі ў жыцці. Напрыклад, займаюся бегам і шмат пішу пра гэта ў сацыяльнай сетцы. Часта чую: «Ты так матывуеш!» Прыемна быць камусьці карыснай. Таксама на прасторах «Інстаграма» расказваю пра сваё стаўленне да жыцця, лёсу. З аднаго боку, не варта перагружаць людзей інфармацыяй, але з другога — подпіс да фота павінен быць цікавым. Калі яго няма наогул, ствараецца ўражанне, што чалавек пусты і яму няма чаго сказаць.

Два гады таму колькасць маіх падпісчыкаў рэзка ўзрасла. Не ведаю, з чым гэта звязана. Бывае, размяшчаеш дзве фатаграфіі: адна збірае пяцьсот «лайкаў», другая — у два разы менш. Гэта не значыць, што здымак непрыгожы. Проста ты альбо трапіў у «інстаграмную» хвалю», альбо не. Я вяду «Інстаграм» для сябе. Калі робіш гэта дзеля чужой увагі і не атрымліваеш яе ў поўнай меры — толькі дарэмна засмучаешся. З большасцю падпісчыкаў я знаёмая асабіста. Праз яго знайшла новых сяброў. Сустракалася з імі ў рэальным жыцці, і нам было пра што пагаварыць. Зараз сацыяльныя сеткі збліжаюць: так можна і свой лёс праз іх сустрэць.

Я аднолькава люблю быць як мадэллю, так і фатографам. У маім профілі з'яўляюцца і сэлфі, і прырода, і гарадскія пейзажы. Часам мы з сяброўкамі арганізоўваем фотасесіі спецыяльна для «Інстаграма». Выбраць той самы здымак, які будзе ў профілі, — праблема нумар адзін. Тут без парады сяброў не абысціся.

У сацыяльных сетках амаль ніхто не паказвае сваё рэальнае жыццё. У мяне ж профіль сапраўдны — без ідэалізацыі таго, што адбываецца. Калі мне сумна, я пра гэта напішу. Зараз модна весці «Інстаграм» у адным стылі. Я так не магу, бо жыццё — цэлая палітра фарбаў. Ведаю, што ў некаторых з-за сацыяльных сетак пачынаюцца комплексы: нібыта яны жывуць не так добра, як іншыя. Я з гэтай нагоды не перажываю: упэўнена, у мяне ўсё цудоўна.

Юлія ПАГАРЭЛЕЦ, студэнтка ІІІ курса МДЛУ:

— Калі мне было 12 гадоў, я выкладвала ў «Інстаграме» ўсё без разбору. Вельмі люблю фатаграфаваць. Нават спецыяльна хадзіла на курсы, праводзіла для сяброў фотасесіі. Але аднойчы вырашыла, што павінна быць па той бок аб'ектыва. Тым больш здымкі са мной набіраюць больш «лайкаў».

Паўтара года таму ў галаве засела думка: у чалавека шмат падпісчыкаў — значыць, ён класны. Але калі на профіль падпісалася тры тысячы чалавек, сяброў у мяне не стала больш. Я не гналася за папулярнасцю. Проста так бывае: чалавек чагосьці моцна хоча, але гэта не здараецца. А калі ставішся спакойна, атрымліваеш часам «усё і адразу».

Фатаграфіі я амаль не падпісваю, часцей за ўсё проста стаўлю смайлік. Не хачу навязваць сваё меркаванне або спрабаваць прыцягнуць увагу разумнай цытатай. «Інстаграм» стаў для мяне руцінай: любую вольную хвілінку праводжу там. Вядома, сачыць за чужым жыццём, забываючыся на сваё, — дрэнна. Аднак усе ўжо прызвычаіліся да сацыяльных сетак і дарогі назад няма. Я прытрымліваюся думкі, што шчасце любіць цішыню. Таму не выстаўляю ўсё напаказ.

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: «Лайкі» за «лукі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».