Вы тут

Як дзяўчына-электрамеханік забяспечвае рух цягнікоў


На чыгунку дзяўчаты часцей уладкоўваюцца правадніцамі, касірамі ці дыспетчарамі. Але ёсць спадарыні і ў «нежаночых» прафесіях. Так, сярод электрамеханікаў Мінскай дыстанцыі электразабеспячэння шчыруе брунетка Маргарыта БАГЛАЙ. На падстанцыі Памыслішча яна працуе чацвёрты год і адказвае за тое, каб цягнікі хадзілі без збояў.


Падстанцыя забяспечвае энергіяй кантактную сетку чыгункі і прыватны сектар найбліжэйшай вёскі. Для гэтага тут стаіць шмат абсталявання. Кожная з жалезных «шаф» — блокаў мікрапрацэсарнай рэлейнай засцярогі — адказвае за пэўны ўчастак чыгункі. Задача электрамеханіка — кантраляваць работу прыбораў і рамантаваць іх пры неабходнасці. Штосьці Маргарыта рамантуе сама, штосьці прыязджае наладзіць брыгада.

Безліч выключальнікаў, таблічкі, абрэвіятуры...

— Першыя два месяцы я таксама не разумела, што да чаго, — смяецца дзяўчына. — Але мне дапамагалі з усім разабрацца, рыхтавалі да дзяжурстваў, каб можна было пакінуць адну.

Як прыгажуню занесла ў гэту прафесію?

— Калі мне было гадоў восем, мая мама працавала на дыстанцыі электразабеспячэння. Я часам заходзіла да яе на работу і аднойчы сказала: калі вырасту, таксама сюды ўладкуюся, — прыгадвае Маргарыта.

З чыгункай былі звязаны таксама яе бабуля і дзядуля. Дый бацька нейкі час працаваў на вагонным участку. Таму пасля дзявятага класа дзяўчына збіралася паступаць у чыгуначны каледж. Але там дакументы не прынялі, бо Маргарыце яшчэ не было 16 гадоў. Тады яна вырашыла пайсці ў энергетычны каледж. «Вы ўпэўнены, што вам будзе цікава вывучаць катлы і трубы?» — толькі і спыталі ў яе члены прыёмнай камісіі.

— З вучобай я ў цэлым нядрэнна спраўлялася. Аказалася, што была, бадай, адзінай са сваёй групы, хто не пашкадаваў, што туды паступіў, — дзеліцца суразмоўніца.

Большасць хлопцаў, што вучыліся з ёй, размеркавалі на цеплаэлектрастанцыю. Дзяўчатам выдавалі свабодныя дыпломы. Некаторыя з іх пайшлі ў энергазсбыт, займацца дакументацыяй. Маргарыту ж вабіла чыгунка. Быць правадніцай яна не хацела («раз'езды не для мяне — я дамашні чалавек»), таму ўладкавалася электраманцёрам на дыстанцыю электразабеспячэння. А з часам стала электрамеханікам.

— На пачатку дзяжурства я праводжу агляд абсталявання падстанцыі, запісваю ў аператыўны журнал, у якім стане прымаю змену, дакладваю пра гэта дыспетчару. Звычайна ўсё праходзіць ціха — не кожны дзень тут штосьці здараецца.

Сярод пазаштатных сітуацый, з якімі даводзіцца сутыкацца: кароткае замыканне на лініі. Здаралася, і падстанцыя цалкам гасла. Але чыгунка ў такім выпадку не спыняецца: кантактную сетку хутка забяспечваюць энергіяй з рэзервовых крыніц.

Лінію можа пашкодзіць моцны вецер ці навальніца. Маргарыта ўспамінае, як гады два таму вясной быў ураган, які паваліў шмат дрэў і паабрываў правады. Тады цягнікі стаялі. Але звычайнае пашкоджанне на лініі затрымлівае цягнік толькі на 10—15 хвілін. Аварыйная брыгада выязджае хутка: у яе стаіць мэта ліквідаваць усе непаладкі максімум за гадзіну.

Маргарыта пераапранаецца ў спецадзенне і выходзіць на вуліцу. Хутка павінны прыехаць рабочыя, і ёй трэба падрыхтаваць для іх рабочае месца. Дзяўчына абясточвае ўчастак, які будуць рамантаваць, і праводзіць зазямленне. Каб праверыць, ці ёсць напружанне, яна падносіць спецыяльны паказальнік: калі ток застаўся, прыбор пачне пішчаць. Усе свае дзеянні электрамеханік запісвае ў бланк і ставіць насупраць кожнага подпіс: так патрабуюць правілы бяспекі, нельга спадзявацца толькі на памяць.

Праз пэўны час раздаецца сірэна — апавяшчае, што на падстанцыі звоніць тэлефон. Маргарыта спяшаецца ў будынак і здымае трубку.

— На адным з участкаў будуць весціся работы, таму мяне прасілі вывесці аўтаматычнае паўторнае ўключэнне. Гэта трэба, каб, калі раптам штосьці здарыцца, уключальнік у нас зноў не падаў напружанне, — тлумачыць пасля званка дзяўчына і націскае кнопку на адной з жалезных «шаф». А пасля вешае туды папераджальную таблічку — дадатковае напамінанне лішнім не будзе.

Пытаемся пра складанасці ў рабоце.

— Мне бывае цяжка фізічна штосьці зрабіць: зазямленне, напрыклад, або цялежкі выкаціць. Часам і мужчынам з гэтым няпроста справіцца, — заўважае суразмоўніца.

На работу яна дабіраецца на электрычцы: Маргарыта жыве ў пасёлку Негарэлае Дзяржынскага раёна, за 50 кіламетраў ад Мінска. «У нас звычайны дом, без выгод, таму даводзіцца і дроў прынесці, і вады набраць, і памыць адзенне ўручную. Жыццё мяне да цяжкасцяў падрыхтавала», — смяецца дзяўчына.

У вольны час электрамеханік сядзіць за канспектамі (завочна вучыцца на энергетычным факультэце ў БНТУ) і спявае. Дзякуючы свайму таленту Маргарыта стала «Міс Мінскага аддзялення чыгункі» ў 2015 годзе, выступала на адной сцэне з зоркамі беларускай эстрады. А аднойчы пасля канцэрта ў роднай вёсцы ёй нават работу хацелі прапанаваць — у Доме культуры суседняга пасёлка Энергетык. На пытанне, чаму не звязала прафесію з музыкай, дзяўчына жартуе: «У нас так казалі: каб працаваць у гэтай сферы, трэба або быць віртуозам, або больш нічога не ўмець».

Сваёй цяперашняй працай Маргарыта задаволена. Да начных змен і лёгкага гулу абсталявання ў кабінеце таксама прызвычаілася. А па абцасах і спадніцах (на дзяжурстве ж звычайна даводзіцца быць у спецадзенні і касцы) не сумуе — пачакаюць да наступнага канцэрта.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Ёсць кантакт!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».

Спорт

Вяслярка Вольга Худзенка: Я яшчэ не хутка спынюся

Вяслярка Вольга Худзенка: Я яшчэ не хутка спынюся

Пра слёзы, пот і перамогі самага беларускага віду спорту.