Вы тут

Як уменне ўвасабляць ідэі ў дзеянні можа падрыхтаваць да дарослага жыцця


Кот Матроскін з дзіцячага мультфільма (прыклад эканомнага і ашчаднага гаспадара) — персанаж, які палюбіўся многім. Ну хто не памятае легендарных фраз гэтага героя: «Я са сваёй Муркай ні за што не расстануся. Я і так быў шчаслівы, а цяпер удвая шчаслівейшым стану, таму што ў мяне цяпер дзве каровы ёсць», «Шарык, па квітанцыі карова рудая адна... Бралі мы яе адну па квітанцыі. Значыць, і здаваць будзем адну, каб не парушаць справаздачнасці», «А я нічога не буду. Я эканоміць буду». Можна прыгадаць яшчэ аднаго мульцяшнага героя Скруджа МакДака, які пастаянна выкладаў азы бізнесу сваім пляменнікам. Цікава, а наколькі рэальна выхаваць будучага бізнесмена яшчэ за школьнай партай? Аўтары праекта «Развіццё прадпрымальнасці як адной з ключавых кампетэнцый на этапе дапрофільнай падрыхтоўкі» ўпэўнены, што закласці адпаведны падмурак цалкам магчыма. У рамках рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, што прайшла ў сценах Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі (МГІРА), абмеркавалі інавацыйныя падыходы па фарміраванні прадпрымальніцкіх кампетэнцый у маладзёжным асяродку.


Зламаць шаблоны

— Сучаснае грамадства дыктуе свае правілы: сёння найбольш канкурэнтаздольны і паспяховы той, хто валодае прадпрымальнасцю і высокімі камунікатыўнымі навыкамі, — дзеліцца сваімі думкамі адзін з аўтараў праекта, начальнік упраўлення каардынацыі стажыровак і міжнароднага супрацоўніцтва МГІРА Тэрэса МЯТЛІЦКАЯ. — Школа павінна выхоўваць у вучнях такія якасці, як уменне быць мабільным у эканамічным асяроддзі, гатоўнасць да рызыкі, змены прафесіі, прадпрымальнасць. Карысная актыўнасць навучэнца — галоўны крытэрый ацэнкі яго паспяховасці. Працэс фарміравання эканамічнай адукаванасці і прадпрымальнасці будзе праходзіць больш поўна, калі знойдзе сваё адлюстраванне ў агульнаадукацыйным працэсе. А бессістэмны, эпізадычны, кропкавы характар атрымання эканамічных ведаў карысці не прынясе. Наш праект можна разглядаць як інавацыю, выкліканую патрэбамі рынку. Яго мэта — развіццё прадпрымальнасці ў навучэнцаў і педагагічных работнікаў сталічных устаноў адукацыі. Дарэчы, навуковым кансультантам праекта выступіў старшыня Прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін.

— Прадпрымальніцтва і адукацыйны працэс: да апошняга часу гэтыя паняцці падаваліся ўзаемавыключальнымі, — разважае навуковы кіраўнік праекта, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры агульнай і прафесійнай педагогікі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Віктар НАВУМЧЫК. — З часоў Яна Каменскага школа працуе як гадзіннік, у ёй усё прадказана і прадвызначана на гады наперад. І калі сказана адступіць дзве клетачкі, гэта значыць, што толькі дзве. А ў рэчаіснасці жыццё напоўнена сітуацыямі нявызначанасці, якія прадугледжваюць самастойны адказны выбар. Прадпрымальнасць выходзіць за межы дзвюх клетачак. Яна разбурае стэрэатыпы... «Прадпрымальніцтва ёсць стваральнае разбурэнне», — казаў вядомы эканаміст, палітолаг, сацыёлаг і гісторык эканамічнай думкі Іозеф Шумпетэр. Інавацыі — крыніца прагрэсу — заўсёды прыводзяць да адмірання старога. Таму, калі мы ўносім у нашы школы дух прадпрымальніцтва, мы ўносім туды стваральнае разбурэнне.

«Прадпрымальніцтва — гэта пошук магчымасцяў за межамі рэсурсаў, што маюцца на сённяшні дзень», — казаў заслужаны прафесар Гарвардскага ўніверсітэта, «леў» Гарвардскай бізнес-школы Говард Стывенсан. І з яго думкай цяжка не пагадзіцца. Наша школа навучае ўсяму, толькі не вучыць вучыцца. Дзеці не любяць вучыцца, і супрацьстаянне «вучань — настаўнік» трансфармуецца ў ВНУ у супрацьстаянне «выкладчык — студэнт». Маладыя людзі, якія маюць падпрацоўку, аддаюць перавагу зараблянню грошай, а не наведванню лекцый. Яны ведаюць, што сталі ў чаргу па дыплом. Але ці стануць яны разбуральнікамі стэрэатыпаў? Думаю, што ніколі... Будуць звычайнымі чыноўнікамі ці офісным планктонам і будуць скардзіцца на жыццё, маўляў, заробак іх не задавальняе. А ці навучыліся вы працаваць над сабой? Ці навучыліся думаць так, як думаюць прадпрымальнікі? Ці шукалі вы сваю нішу? Прычым гэта ніша павінна быць карыснай не толькі для цябе аднаго, а сацыяльна карыснай... Зараз мы спрабуем укараніць у школу азы эканомікі, але ці добра гэта? Прафесіянал ведае, а дылетант — шукае і сам стварае... Калі ў Эйнштэйна пацікавіліся, як ён адкрыў сваю тэорыю адноснасці, той шчыра адказаў, што проста не ведаў, што гэта немагчыма...

На думку Віктара Навумчыка, дзеці — найлепшыя дылетанты, таму што, не маючы патрэбных ведаў, яны нярэдка робяць адкрыцці, якія здзіўляюць прафесіяналаў. Не ўсе ведаюць, што важныя адкрыцці ў многіх навуках робяць не толькі прафесіяналы, але і дылетанты.

— Памылкі робяць усе. А вось уменне і выпраўляць свае памылкі — якасць, уласцівая прадпрымальнікам, — падкрэслівае прафесар. — Жыццё вакол нас шматбаковае і непрадказальнае, а школа хоча ўсё раскласці па палічках, усё растлумачыць. Мы ўвогуле ўваходзім у свет татальнай непрадказальнасці, дзе будуць запатрабаваныя такія прафесійныя прадпрымальніцкія якасці, як уменне лавіраваць, прычым не проста лавіраваць, а выжываць і цягнуць за сабой усю цывілізацыю, выводзіць яе на новы ўзровень. Калі ёсць мара, ёсць і рух наперад. Навошта вам грошы, калі ў вас няма мары?

Увогуле прадпрымальніцтва не з'яўляецца прафесіяй, яно можа праявіцца ў рамках любой з іх. Занятак навукай — гэта інтэлектуальнае прадпрымальніцтва: яму ўласцівыя інтэлектуальная бясстрашнасць, інфармацыйная адукаванасць, якая праяўляецца ў здольнасці хутка знаходзіць і апрацоўваць інфармацыю, цярплівасць да інфармацыйнага лішку і матывацыя да вытворчасці новых ведаў. Любы навуковец ёсць прадпрымальнік, паколькі ён шукае інтэлектуальныя рашэнні, якія выходзяць за рамкі ўяўленняў, нормаў і правілаў, што склаліся ў грамадстве.

Ведаеш сам — падзяліся!

— Няма ніякіх сумненняў, што падтрымка вучнёўскіх бізнес-кампаній — найлепшы спосаб выхаваць пакаленне, якое будзе валодаць ключавымі сацыяльна-эканамічнымі кампетэнцыямі і псіхалагічнай гатоўнасцю для пошуку свайго месца на рынку працы. Але практыка паказвае, што работа над бізнес-праектам патрабуе не толькі сацыяльнай ініцыятывы, але таксама і прафесійных ведаў для распрацоўкі праекта. На жаль, існуе мала літаратуры, якая дапамагла б педагагічным калектывам і ўдзельнікам вучнёўскіх бізнес-кампаній правільна распрацаваць праект, — канстатуе дацэнт кафедры эканамічнай сацыялогіі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ, кандыдат сацыялагічных навук Галіна БЯДУЛІНА. — У БДЭУ пры падтрымцы кансалтынгавай установы «Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу» быў створаны дапаможнік «Студэнцкае бізнес-цьютарства для развіцця прадпрымальнасці і навучання школьнікаў асновам прадпрымальніцтва». Ён разлічаны на выкладчыкаў і студэнтаў эканамічных ВНУ, якія падтрымліваюць удзельнікаў вучнёўскіх бізнес-кампаній, і не толькі на іх. У рамках міжнароднага праекта ў БДЭУ быў створаны валанцёрскі клуб студэнтаў-настаўнікаў «Бізнес-цьютар». Цьютары — гэта студэнты старшых курсаў, якія выязджаюць у розныя рэгіёны, каб падзяліцца сваімі ведамі... Але і для іх гэта таксама ўнікальны досвед развіцця як прафесійных кампетэнцый, так і міжасабовага ўзаемадзеяння.

Восенню мінулага года адбыўся злёт маладых сацыяльных наватараў «Праектны марафон», падчас якога прайшоў конкурс стартапаў школьных бізнес-кампаній. Дарэчы, заўважана, што найбольш паспяхова працуюць вучнёўскія бізнес-кампаніі, размешчаныя ў сельскай мясцовасці...

Цікава, што ў большасці педагогаў прадпрымальніцтва асацыюецца з ідэяй, уласнай справай (70 %) і прыбыткам, грашыма (55 %). Апытаныя ўпэўненыя, што прадпрымальнасць можна развіць, але павінны быць задаткі (80 %), і толькі некаторыя лічаць яе прыроджанай якасцю (10 %). Столькі ж рэспандэнтаў аптымістычна сцвярджаюць, што, узброіўшыся патрэбнымі ведамі, можна развіць прадпрымальнасць у кожнага чалавека. Пры гэтым 80 % педагогаў перакананыя ў неабходнасці навучання дзяцей і падлеткаў асновам прадпрымальніцтва.

Псіхалагічны партрэт прадпрымальніка ўжо даўно з'яўляецца адной з самых папулярных тэм. Часта ўчынкі не па шаблоне дазваляюць атрымаць канкурэнтную перавагу. Некаторыя вялікія прадпрымальнікі, якія пакінулі свой след у гісторыі, вызначылі сваю ідэю інтуітыўна. Яны змаглі прадбачыць, што менавіта патрабуецца людзям сёння ці што спатрэбіцца ім у найбліжэйшай будучыні.

Трэба мець смеласць для таго, каб думаць па-новаму, а таксама мужнасць, каб быць гатовым да выклікаў і ўмець да іх адаптавацца. Уменне пераўтвараць ідэі ў дзеянні — ключавая кампетэнцыя прадпрымальнасці. Канцэнтрацыя ўвагі на вырашэнні праблемы, а не на пошуку віноўнікаў таксама з'яўляецца немалаважнай якасцю добрага прадпрымальніка. Да характарыстык, якія дапамагаюць дасягнуць поспеху, псіхолагі адносяць лідарства, гатоўнасць рызыкаваць, уменне камунікаваць, схільнасць дамаўляцца, упэўненасць у сабе, энтузіязм, практычнасць, крэатыўнасць, авантурызм, гатоўнасць дзейнічаць ва ўмовах нявызначанасці, мэтанакіраванасць, аналітычны склад розуму, здаровы недавер, здольнасць да стратэгічнага планавання, імкненне да саманавучання і іншыя.

Стварыць сваю справу

Праект па развіцці ў навучэнцаў прадпрымальнасці, які стартаваў летась, разлічаны да 2020 года. У Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі ўжо распрацаваны праект праграмы факультатыўных заняткаў па фарміраванні ў школьнікаў асноў дзелавой культуры — для вучняў з першага па адзінаццаты класы: для пачатковай школы — больш азнаямленчы вучэбны матэрыял, а для старэйшых — з глыбокім практычным аспектам.

— У выніку вывучэння дысцыпліны школьнікі атрымаюць практычныя навыкі па адкрыцці ўласнай справы, рашэнні задач у бягучай прадпрымальніцкай дзейнасці, пошуку новых ідэй і рэсурсаў для развіцця бізнесу, — тлумачыць аўтар праграмы Тэрэса Мятліцкая. — Факультатыўны курс разлічаны на 36 гадзін у 1—9 класах і на 72 гадзіны — у 10—11 класах і скіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў прадпрымальніцкай кампетэнтнасці — пад гэтым словазлучэннем разумеюць мадэль паводзін, якая дапамагае паспяхова вырашаць пэўную бізнес-задачу і пры гэтым дасягаць значных вынікаў.

Плануецца ў рамках праекта стварыць ва ўстановах адукацыі клубы юных прадпрымальнікаў і арганізаваць іх сеткавае ўзаемадзеянне з Беларускай канфедэрацыяй прадпрымальнікаў. Адна з устаноў адукацыі — удзельнікаў праекта, якая валодае сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай і інтэлектуальнай базай, назапашаным вопытам у рамках праектнай дзейнасці, стане гарадскім рэсурсным цэнтрам па фарміраванні прадпрымальнасці і арыентацыі выпускнікоў на развіццё згаданай кампетэнцыі. Будуць распрацоўвацца і праводзіцца дзелавыя гульні, сацыяльныя практыкі, прафесійныя пробы, рознага ўзроўню чэмпіянаты па гульні «Бізнесбол».

Прадпрымальнасць — не перадумова для фарміравання арміі прадпрымальнікаў. Але вывучэнне прадпрымальніцтва ў школе — выдатная прафарыентацыя, паколькі гэты вопыт можа стаць стартавай пляцоўкай для далейшага прафесійнага развіцця яе выпускніка...

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Навошта вам грошы, калі ў вас няма мары?

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.