Вы тут

Чэк за шклянку і бляшанку будуць атрымліваць беларусы ў тараматах


Прылады, якія ўсталююць у буйных гандлёвых цэнтрах краіны, будуць прымаць толькі нябітыя і нерастаптаныя алюмініевыя бляшанкі, ПЭТ-бутэлькі і шклянкі, дзе не пашкоджана этыкетка. Менавіта на ёй змесцяць штрых-код, па якім тарамат вызначыць, ці варта плаціць за гэты другасны рэсурс. Заклад за ўпакоўку, дарэчы, можна будзе атрымаць не толькі чэкам, але і перавесці грошы на мабільны ці дабрачынны рахунак.


Пашыраная адказнасць у дзевяць капеек

Плануецца, што дэпазітна-закладная сістэма (ДЗС) запрацуе ў 2020 годзе. Час конкурсу, які вызначыць, хто стане інвестарам, гатовым укласці 100 мільёнаў еўра ў некалькі тысяч тараматаў, каб наладзіць у краіне такі збор, пакуль не аб'яўлены. Аднак гэта мусіць быць арганізацыя з вопытам работы з дэпазітнай сістэмай, падкрэслівае Анатоль ШАГУН, начальнік упраўлення ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:

— Сам падыход да арганізацыі ДЗС досыць просты. Але, каб схема добра працавала і мела мінімальныя інвестыцыйныя і эксплуатацыйныя затраты, інвестару прапануецца самому спраектаваць і стварыць сістэму. А маючы вопыт, ён уяўляе, як гэта павінна быць арганізавана. Тое, што сістэма будзе ўкараняцца, мы ўпэўнены, бо яна дазваляе ў разы павялічыць збор упакоўкі, якая сёння трапляе ў несартаваныя адходы і ў выніку — на палігоны, а не на перапрацоўку. Пры гэтым яна не павялічыць затраты вытворцаў і пастаўшчыкоў і як вынік — цану тавару на паліцы.

Сёння ва ўсе віды ўпакоўкі закладзены кошт будучых затрат на яе ўтылізацыю. Для шкляной паўлітровай бутэлькі, напрыклад, дзевяць капеек. І гэтая лічба, прынамсі пры ўвядзенні і спорнай рабоце дэпазітна-закладной сістэмы, можа нават зменшыцца да сямі, лічыць прадстаўнік Аператара:

— Пашыраная адказнасць вытворцаў упакоўкі ў практыцы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі (тыя самыя дзевяць капеек) — толькі адна з крыніц фінансавання дэпазітнай сістэмы. Сюды ўваходзяць таксама сродкі ад продажу ўпакоўкі, сабранай у якасці другасных матэрыяльных рэсурсаў. А таксама нявернутыя дэпазіты — грошы, якія былі заплачаны чалавекам за тару пры набыцці тавару з улікам закладу за ўпакоўку. Дасягнуць стапрацэнтнага збору ўпакоўкі на перапрацоўку, вядома, нерэальна. Як паказвае практыка, 10—20 % яе не вяртаецца. Нешта паб'ецца, парвецца, выкінецца на сметнік.

Да ўдзелу ў конкурсе мяркуецца прыцягнуць як прыватныя, так і дзяржаўныя арганізацыі, дадае Алег ГРУЗІНАЎ, начальнік аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

— Мы хочам не дапусціць ніводнай памылкі, якая магла б стаць тормазам на шляху ўкаранення гэтай сістэмы. Разглядаем і магчымасць размяшчэння тараматаў у пэўных гандлёвых пунктах, і зручнасць, і неабходнасць абнаўлення сістэмы касавых апаратаў, каб яны прымалі чэкі з закладнымі сумамі, і сам кошт за ўпакоўку.

Больш тары, больш... пакупак

Мяркуецца, што тараматы ўстановяць не толькі ў гандлёвых цэнтрах, але, магчыма, і па-за іх межамі, на паркоўках каля будынкаў гэтых крам, каб здаць тару можна было ў любы час.

Паколькі дэпазітна-закладная сістэма — рэч для дзяржавы карысная, рытэйлерам будзе выгадна ўключыцца ў гэтую схему і выдзеліць месца пад тараматы ў сваіх памяшканнях. Цэнтры павінны разумець сваю адказнасць у агульнай справе асобнага збору смецця. Думаючы аб прыбытку, нельга забывацца на сацыяльна-экалагічную адказнасць, кажа Алег Грузінаў:

— Людзі ўсё больш сартуюць тару. Калі ў Літве пачыналі такі праект, планавалі дасягнуць звароту ў 60—70 %, а па факце атрымалі ўсе 79 %, а наступным годам — ужо больш за 90 %. А беларусы і літоўцы вельмі падобныя і па менталітэце, і па суадносінах спажывецкага кошыка да сярэдняга заробку.

Акрамя таго, крамы, на тэрыторыі якіх паставяць абсталяванне, будуць атрымліваць невялікую плату, якая пакрые іх выдаткі на абслугоўванне тарамата: электраэнергію, сувязь з інтэрнэтам, выманне ўпакоўкі. Зацікаўленасць гандлёвага пункта ва ўсталяванні тараматаў яшчэ і ў павелічэнні колькасці спажыўцоў і гандлёвага абароту, лічыць Анатоль Шагун:

— Калі чалавек здасць тару ў краме і атрымае чэк, то імаверна, што рэалізуе яго тут жа. І гэта прамы стымул мець у сябе пункт
прыёму тары.

Вернутую праз тараматы ўпакоўку могуць як аддаваць на перапрацоўку самім яе вытворцам, так і прадаваць адпаведным перапрацоўчым арганізацыям.

Увайшоў цэлы, выйшаў — сплюшчаны

Прынцып дзеяння тарамата досыць просты. Чалавек апускае бляшанку шкляную ці пластыкавую бутэльку ў прыладу і атрымлівае чэк на 20 капеек за кожную ўпакоўку. На думку спецыялістаў, гэта дастатковы кошт, які прастымулюе чалавека не выкінуць тару ў смецце, а прынесці да тарамата. На ім, у адрозненне ад некаторых еўрапейскіх аналагаў, будзе толькі адна адтуліна для ўсёй упакоўкі.

— Сучасны ўзровень распазнавання розных відаў тары дазваляе прымаць усю ўпакоўку праз адну адтуліну. У тарамаце бутэлькі распазнаюцца па форме, вазе і штрых-кодзе на этыкетцы, — заўважыў прадстаўнік Аператара. — Гэтых параметраў дастаткова, каб выключыць магчымае махлярства з другаснымі рэсурсамі: спробу здаць бутэльку, якой няма ў ДЗС, усунуць у тарамат пакамечаную ці пабітую ўпакоўку з пашкоджанай этыкеткай, недапітую бутэльку.

Пра наяўнасць штрых-кода і ўключэнне тары ў закладную сістэму павінен клапаціцца сам вытворца ўпакоўкі. Калі тара будзе ўвозіцца з-за мяжы, пастаўшчык павінен сачыць, каб яе памеры і форма адпавядалі тым, што будуць акрэслены ўмовамі дэпазітна-закладной сістэмы. На паліцы крам не павінна трапляць бутэлька, якая не можа ўлезці ў тарамат, кажа Алег Грузінаў.

Спажывец зможа сам выбраць спосаб вяртання закладу з дапамогай пэўных кнопак на абсталяванні. Атрымаць чэк, перавесці сродкі на мабільны тэлефон, а то і ўвогуле даслаць іх на дабрачынны рахунак, разважае Анатоль Шагун:

— Калі чалавек выбірае чэк, яго можна будзе рэалізаваць у межах крам гандлёвай сеткі, дзе ўсталяваны тарамат, — прыкласці да пакупкі замест часткі сумы наяўных грошай або нават атрымаць за яго гатоўку на касе.

Мяркуецца, што за напаўненнем тараматаў можна будзе сачыць анлайн, каб своечасова апаражняць іх. Дарэчы, хоць прымаюцца ДМР толькі цэлымі, бляшанкі і ПЭТ-бутэлькі вымаюцца з тарамата спрасаванымі, а шкляныя бутэлькі (калі гэта не шматабаротная тара) — у выглядзе шклабою. Гэта яшчэ адна гарантыя супраць махлярства — каб тару не здалі паўторна.

Тараматы з'явяцца і пачнуць працаваць адначасова ва ўсіх буйных гарадах краіны. Вядома, што ў невялічкіх раённых крамах такія прылады не ўсталююць — прадавец тут будзе вяртаць заклад уручную. Шляхам устаноўкі тараматаў спадзяюцца стымуляваць насельніцтва да яшчэ большага збору ДМР і дасягнуць вяртання ў другаснае карыстанне 80 % усёй упакоўкі.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».