Вы тут

Гістарычнае фехтаванне — у культурнай праграме ІІ Еўрапейскіх гульняў


У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага падпісана пагадненне аб правядзенні выстаўкі «Еўрапейскія баявыя мастацтвы: ад кузні Вулкана да мастацтва Марса» ў рамках культурнай праграмы ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Подпісы пад дакументам паставілі дырэктар дзяржаўнай установы «Музей гісторыі горада Мінска» Галіна Ладзісава і старшыня федэрацыі гістарычнага фехтавання Італіі, ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Брэшыі Раберта Гоці.


Менавіта ён падтрымаў ідэю беларускай чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі па фехтаванні Алены Бяловай правесці падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў унікальную выстаўку і паказальныя выступленні па гістарычным фехтаванні — Іnvіtаtіоnаl Gаla Tоurnаmеnt. Hеmа іn thе Сulturаl Рrоgrаm оf 2nd Еurореаn Gаmеs Mіnsk 2019.

У ходзе выстаўкі, якая пройдзе ў Мінску з 27 красавіка да 10 верасня 2019 года, жыхары і госці беларускай сталіцы змогуць азнаёміцца з унікальнай калекцыяй старадаўніх кніг, шпаг і фехтавальных масак.

— Ідэя выстаўкі спадабалася дыпламатычным інстытутам, МЗС, Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў. На дадзены момант гэта стане самым знакавым праектам, калі-небудзь рэалізаваным у гістарычным фехтаванні ва ўсім свеце. Баявыя мастацтвы ў дадзеным выпадку раскажуць пра Еўропу, пачынаючы з дагістарычных часоў да ХХ стагоддзя, — расказаў Раберта Гоці.

— Сучаснае спартыўнае фехтаванне і гістарычнае фехтаванне маюць адны карані. Гістарычнае фехтаванне ўвайшло ў міжнародную федэрацыю гэтага віду спорту і распаўсюдзілася па ўсім свеце. Асаблівую папулярнасць гэты від заваяваў у Італіі. Падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў мы ўбачым у Мінску 150 найлепшых майстроў гістарычнага фехтавання, — падкрэсліла Алена Бялова.

Намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Анатоль Котаў пацвердзіў, што арганізатары ІІ Еўрапейскіх гульняў імкнуцца з дапамогай гістарычнага фехтавання паказаць сувязь стагоддзяў. «Гэта больш, чым від спорту. Гэта культурны і навуковы пласт. Мерапрыемства добра ўпісваецца ў агульную канцэпцыю мультыспартыўнага форуму, паказваючы сувязь традыцый з сучаснасцю. У аматараў спорту будзе выдатная магчымасць у інтэрактыўным рэжыме пазнаёміцца з атмасферай, у якой зараджаліся гэтыя складаныя, але прыгожыя спаборніцтвы. Разам з выстаўкай, цікавымі момантамі стануць турнір і інтэрактыў. У інтэрактыўным фармаце на выстаўцы можна будзе ўбачыць рэканструяваныя інтэр'еры ХІV—ХVІ стагоддзяў, у якіх праходзілі трэніроўкі і вырабляўся інвентар. Акрамя таго, на плазменных экранах можна будзе паназіраць за асобнымі элементамі гістарычных рэканструкцый».

Унікальнасць выстаўкі пацвярджае і той факт, што тут будуць прадстаўлены манускрыпты, узрост якіх большы за 500 гадоў.

Паказальныя выступленні майстроў гістарычнага фехтавання пройдуць у Верхнім горадзе з 22 да 23 чэрвеня 2019 года.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».