Вы тут

Мар'яна Шчоткіна: Устойлівае развіццё залежыць ад кожнага з нас


Сёння ў сталіцы распачаўся першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці. Ён сабраў больш за 400 чалавек. Аб праграме і асаблівасцях мерапрыемства, а таксама аб перспектывах пашырэння работы, якая праводзіцца ў Беларусі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР), у інтэрв'ю БелТА расказала намеснік старшыні Савета Рэспублікі, нацыянальны каардынатар па МУР Мар'яна ШЧОТКІНА.


— Мар'яна Акіндзінаўна, рэзалюцыя Генасамблеі ААН «Пераўтварэнне нашага свету: Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года» і зафіксаваныя ў ёй 17 Мэт устойлівага развіцця былі прыняты ў верасні 2015 года. Беларусь выказала прыхільнасць да Парадку дня — 2030. Якія захады былі зроблены для яго рэалізацыі на нацыянальным узроўні? Як вы ацэньваеце дасягнутыя вынікі?

— Прыняцце Парадку дня — 2030 і 17 зафіксаваных у ім Мэт устойлівага развіцця запатрабавала ад усіх дзяржаў перагляду і канкрэтызацыі нацыянальных праграмных дакументаў, а таксама стварэння механізмаў для арганізацыі працэсу па выкананні Мэт, накіраваных на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю, вырашэнне праблем, звязаных са змяненнем клімату, і іншых важных пытанняў. Гэта своеасаблівы план па захаванні міру і стабільнасці на планеце.

Беларусь выказала прыхільнасць да Парадку дня — 2030 і зрабіла шэраг важных захадаў для яго рэалізацыі на нацыянальным узроўні. Работа, якая праводзіцца ў краіне па дасягненні МУР, знаходзіцца на асабістым кантролі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, што падкрэслівае асаблівую значнасць гэтага пытання для краіны.

У маі 2017 года ў Беларусі былі сфарміраваны інстытуцыянальныя асновы для кіравання работай у галіне рэалізацыі МУР. Заснавана пасада нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Выбудавана нацыянальная архітэктура кіравання працэсам дасягнення МУР. Яна ўключае Савет па ўстойлівым развіцці, парламенцкую, рэгіянальныя і партнёрскую групы ўстойлівага развіцця, якія забяспечваюць эфектыўнае ўзаемадзеянне дзяржаўнага сектара з грамадскімі арганізацыямі, навуковымі коламі, бізнес-супольнасцю, міжнароднымі партнёрамі. У адпаведнасці з рашэннем Савета па ўстойлівым развіцці кожная з 17 МУР замацавана за дзяржаўнымі органамі, у кампетэнцыю якіх уваходзіць вырашэнне адпаведных пытанняў. Пры гэтым усе задзейнічаныя дзяржаўныя органы ўваходзяць у склад чатырох галіновых блокаў: эканоміка, экалогія, сацыяльная сфера, маніторынг. Гэта забяспечвае дакладны ўлік і каардынацыю работы па дасягненні МУР.

Па меры фарміравання архітэктуры кіравання працэсам дасягнення МУР у Беларусі арганізавана работа па забеспячэнні маніторынгу паказчыкаў дасягнення Мэт, якую ўзначальвае Нацыянальны статыстычны камітэт. Наладжана ўзаемадзеянне з міжнароднымі партнёрамі па пытаннях дасягнення глабальных Мэт.

З улікам афармлення сістэмы інстытутаў па рабоце ў галіне ўстойлівага развіцця, а таксама важнасці забеспячэння іх сумеснай дзейнасці, у тым ліку пры распрацоўцы стратэгічных дакументаў у сферы ўстойлівага развіцця, наспела неабходнасць правядзення агульнанацыянальнага мерапрыемства для ўсебаковага разгляду пытанняў дасягнення МУР з удзелам усіх уключаных у гэты працэс бакоў.

— Які парадак дня першага Нацыянальнага форуму па ўстойлівым развіцці? У чым яго асаблівасці?

— Форум пройдзе пад дэвізам «Ва ўстойлівую будучыню — разам!». Мерапрыемства дасць магчымасць прааналізаваць работу ў сферы дасягнення МУР, праведзеную ў краіне пасля прыняцця Парадку дня — 2030, разгледзець бягучую сітуацыю ў галіне ўстойлівага развіцця, намеціць стратэгічныя, інстытуцыянальныя і практычныя арыенціры далейшай дзейнасці на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую перспектывы.

Цяпер ідзе работа па імплементацыі паказчыкаў МУР у Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця да 2030 года, рэспубліканскія, галіновыя, рэгіянальныя праграмы рознага ўзроўню. Ключавым напрамкам далейшай работы па нацыяналізацыі Мэт павінна стаць іх імплементацыя ў Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года. Над гэтым дакументам праведзена ўжо вялікая работа, і праект яго канцэпцыі стане адной з тэм для абмеркавання на форуме. У ім прымуць удзел больш за 400 чалавек. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных органаў, парламента, навукі і адукацыі, бізнесу, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў і іншыя зацікаўленыя. Вельмі важны ўдзел у форуме рэгіянальных груп па дасягненні МУР. Мы разумеем, што планы развіцця тэрыторый павінны прапаноўваць перш за ўсё прадстаўнікі органаў мясцовага кіравання з улікам патрэбнасцяў і інтарэсаў грамадзян. Устойлівае развіццё раёнаў, гарадоў, сельскіх тэрыторый — гэта аснова ўстойлівага развіцця рэгіёнаў і, як вынік, — краіны ў цэлым. Удзельнікамі будучага мерапрыемства стануць прадстаўнікі агенцтваў ААН і міжнародныя эксперты. Спецыяльна да нас на форум з Нью-Ёрка прыляціць памочнік Генеральнага сакратара ААН, дырэктар рэгіянальнага бюро ПРААН па Еўропе і краінах СНД Мір'яна Сполярыч Эгер. Яе візіт у Беларусь стане першым краінавым візітам на гэтай пасадзе.

На форуме будзе прадстаўлены нацыянальны вопыт Беларусі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Панэльныя дыскусіі пройдуць па некалькіх тэматычных напрамках: устойлівы эканамічны рост як умова забеспячэння высокага ўзроўню жыцця беларускага народа; гарантаванне экалагічнай бяспекі, захаванне і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў; паляпшэнне якасці жыцця праз здароўе, запатрабаваную адукацыю, дастойную работу; сістэма маніторынгу і ацэнкі імплементацыі Мэт устойлівага развіцця.

Будуць абмеркаваны магчымасці больш эфектыўнага выкарыстання патэнцыялу ўзаемадзеяння грамадства, бізнесу і ўлады для ўстойлівага развіцця, роля прадпрымальніцтва ва ўстойлівым развіцці рэгіёнаў, перспектывы глабальнага партнёрства. Размова пойдзе аб мерах па барацьбе са змяненнем клімату, рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў, уключэнні ў гаспадарчы абарот другаснай сыравіны. У цэнтры ўвагі будуць таксама пытанні эфектыўнай занятасці, пашырэння правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, гендарнай роўнасці і інш. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням лічбавізацыі як драйвера эканамічнага росту. Асобна абмяркуем трансфармацыю энергетычнай сістэмы.

У час форуму будзе прэзентавана Нацыянальная платформа па прадстаўленні справаздачнасці па Мэтах устойлівага развіцця — як асноўны інструмент для маніторынгу і распаўсюджвання даных аб індыкатарах Мэт. Упершыню для маніторынгу дасягнення МУР плануецца выкарыстоўваць касмічныя тэхналогіі.

Для нас вельмі важны ўдзел моладзі ў працэсе дасягнення Мэт устойлівага развіцця. На форуме адбудзецца цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу «Маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця — будучыня планеты ў нашых руках!». Гэта актыўныя маладзёжныя лідары, дзейнасць якіх будзе садзейнічаць рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі ў галіне МУР. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 200 студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі.

Акрамя таго, будуць узнагароджаны пераможцы конкурсу «Супергероі для супермэт», накіраванага на павышэнне дасведчанасці моладзі аб Мэтах устойлівага развіцця і ўключэнне маладых людзей у работу па іх папулярызацыі. На конкурс было прадстаўлена больш за 500 работ — ілюстраваных гісторый па тэматыцы МУР. У іх маладыя людзі прадставілі сваіх супергерояў.

— Развіццё супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі — найважнейшы аспект для дасягнення МУР. Як Беларусь узаемадзейнічае ў гэтым плане з ААН і іншымі міжнароднымі арганізацыямі? Ці ёсць планы па рэалізацыі новых сумесных праектаў, ініцыятыў?

— Мы актыўна працуем з краінавай камандай ААН, пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі Іааннай Казана-Вішнявецкі. Наша краіна адкрыта для супрацоўніцтва. Зусім не выпадкова апошняй, 17-й Мэтай з'яўляецца партнёрства ў інтарэсах устойлівага развіцця. Узаемадзеянне з нашымі партнёрамі забяспечвае выніковасць сумеснай работы. Вельмі важна, што гэта тэматыка не палітызавана, яна накіравана на паляпшэнне жыцця людзей.

Добрым прыкладам у гэтым напрамку стала партнёрства з экспертна-кансультацыйнай місіяй MАРS («Інтэграцыя, паскарэнне і падтрымка палітыкі»). У склад місіі ўвайшлі эксперты ПРААН, ЮНІСЕФ, Дэпартамента ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях, ЮНФПА (Фонд ААН у галіне народанасельніцтва), МАП (Міжнародная арганізацыя працы), СААЗ (Сусветная арганізацыя аховы здароўя) і Сусветнага банка, якія ў лістападзе — снежні 2017 года правялі ў Беларусі сустрэчы з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, грамадскімі арганізацыямі, бізнесам для аналізу дасягненняў краіны ў галіне ўстойлівага развіцця ў гэтай сферы.

Сутнасць вывадаў місіі MАРS у тым, што Беларусь дасягнула значных поспехаў ва ўстойлівым развіцці з моманту станаўлення сваёй незалежнасці. У Дакладзе аб чалавечым развіцці 2016 года Беларусь заняла 52-е месца сярод 188 краін і ўвайшла ў групу краін з «даходамі, вышэйшымі за сярэдні ўзровень». Адной з ключавых асаблівасцяў беларускай палітыкі ў галіне развіцця з'яўляецца яе моцная сацыяльная арыентаванасць нароўні са значнай зацікаўленасцю ў тэхнічных інавацыях і ўзятым у краіне курсам на развіццё рыначнай эканомікі. Па выніках сумеснай работы Савета па ўстойлівым развіцці і місіі MАРS вызначаны платформы паскарэння рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця. Гэта пункты росту, укладанне чалавечых і фінансавых інвестыцый у якія будзе накіравана на дасягненне комплексу ўзаемазвязаных Мэт.

Высокую ацэнку дзейнасці па дасягненні МУР, якая праводзіцца ў Беларусі, далі і эксперты саміту Сусветнага эканамічнага форуму па ўстойлівым развіцці, што прайшоў у Нью-Ёрку ў кастрычніку 2018 года і быў прымеркаваны да адкрыцця 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Беларусь была запрошана на саміт упершыню.

У планах — далейшае пашырэнне супрацоўніцтва з міжнароднымі партнёрамі. Акрамя арганізацый мы хацелі б узаемадзейнічаць на гэтым напрамку з іншымі міжнароднымі гульцамі, уключаючы буйныя кампаніі, якія гатовы працаваць на карысць устойлівага развіцця.

У найбліжэйшы час ва ўзаемадзеянні з нашымі міжнароднымі партнёрамі плануем запусціць сумесны праект «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця». Работа будзе ісці па некалькіх напрамках: падтрымка функцыянавання нацыянальных механізмаў па імплементацыі і пашырэнні МУР; садзейнічанне ў распрацоўцы нацыянальных і рэгіянальных дакументаў прагназавання і планавання з улікам МУР; садзейнічанне ў стварэнні эфектыўнай сістэмы маніторынгу рэалізацыі Мэт на нацыянальным і мясцовым узроўнях; кіраванне ведамі, маніторынг і ацэнка.

Выбар рэдакцыі

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Грамадства

Хто пашкоджвае дрэвы ў вашым садзе?

Хто пашкоджвае дрэвы ў вашым садзе?

Хто, як не вучоныя Інстытута пладаводства, ведае, як атрымаць добры ўраджай і засцерагчы сад ад хвароб.

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў. 

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.