Вы тут

Музей ёсць — гаспадара няма


Былая стараста вёскі Гарадзішча Слуцкага раёна Яўгенія Сыцько вельмі любіла сваю малую радзіму. Яўгенія Васілеўна жыла яе мінулым, сучасным і думала пра будучыню, пра тое, каб нашчадкі ведалі свае карані, спазнавалі самабытную спадчыну продкаў, гісторыю роднага краю. Яна шмат зрабіла, каб родны кут стаў больш прыгожым, утульным, камфортным для жыцця. Менавіта дзякуючы Яўгеніі Васілеўне ўладкаваны парк, агароджаны могілкі, пабудавана капліца, заменены стары помнік зямлячцы Марыі Грак, якая дапамагала партызанам падчас Вялікай Айчыннай вайны і была расстраляная фашыстамі.


У этнаграфічным пакоі.

Яўгенія Васілеўна літаральна фантанавала ідэямі, марыла адкрыць у Гарадзішчы музей. Зямлячку падтрымаў мясцовы жыхар, кіраўнік будаўнічай фірмы Мікалай Гурыновіч. Разам яны вырашылі стварыць не проста музей, а культурна-асветны комплекс на базе былой пачатковай школы. Мікалай Іванавіч дапамог адрамантаваць будынак, які пуставаў, прыходзіў у заняпад. Але, як кажуць, садоўнік зразае самыя прыгожыя кветкі, а нябёсы забіраюць да сябе найлепшых людзей. Спачатку не стала Яўгеніі Васілеўны, а ў хуткім часе пайшоў у іншы свет і Мікалай Гурыновіч.

Пры жыцці Яўгенія Васілеўна не паспела давесці да канца сваю задуму, акрамя таго, што сабрала фотаздымкі жыхароў вёскі і аформіла іх у рамкі. Справу яе жыцця вырашылі прадоўжыць стараста вёскі Гарадзішча Галіна Грак і настаўніца Бокшыцкай сярэдняй школы Наталля Бартошык. Але для гэтага неабходна было знайсці сродкі. Наталля Пятроўна склала бізнес-план і падала на конкурс праектаў у Міжнародны фонд падтрымкі мясцовых супольнасцяў, які выдзеліў грошы. Ды іх неабходна было асвоіць за паўгода — такая ўмова. У адваротным выпадку сродкі належала вярнуць назад. І пачалася сапраўдная гонка, каб паспець усё зрабіць у азначаныя тэрміны. І гэта ўдалося цаной вялікіх высілкаў і намаганняў.

Акрамя трох музейных залаў з экспазіцыямі тут уладкавалі яшчэ і этнаграфічны пакой. У гэтым цалкам заслуга педагога-філолага Валянціны Дзяшчэні. Валянціна Станіславаўна можа працаваць з любым інструментам: і цвік прыбіць, і шрубу закруціць, і нешта адрамантаваць. Таму для афармлення этнаграфічнага пакоя не давялося звяртацца па дапамогу іншых. У экспазіцыі шмат цікавых прадметаў, якія адлюстроўваюць побыт менавіта жыхароў Гарадзішча. У прыватнасці, толькі ў гэтай мясцовасці выраблялі гумовыя чаравікі, так званыя гумы. Некалькі пар гэтага арыгінальнага абутку ўдалося сабраць з дапамогай неабыякавых людзей.

Дзевятнаццатага студзеня мінулага года, напярэдадні 65-гадовага юбілею Яўгеніі Сыцько, адбылася прэзентацыя музея для Фонду. «Мы паслалі Яўгеніі Васілеўне на неба падарунак, знак, што мару яе ажыццявілі», — кажа Наталля Бартошык.

А дзевятнаццатага мая прайшло ўрачыстае адкрыццё музея. Сабралася шмат гасцей: жыхары вёскі, землякі, якія жывуць у розных кутках Беларусі, прадстаўнікі грамадскасці, мясцовай і раённай улад. Адзвінелі ўрачыстасці і пачаліся будні...

Стварыць музей — адна справа. Яго трэба яшчэ і ўтрымліваць. Для гэтага неабходныя сродкі, пастаянная крыніца фінансавання. Па-першае, любы будынак зімой патрабуе ацяплення, хоць бы два разы на тыдзень. А гэта не проста вясковая хата, а музей, дзе сабраны гісторыка-культурныя каштоўнасці, для захавання якіх неабходны спрыяльны тэмпературны рэжым. Інакш праз колькі гадоў яны стануць непрыгоднымі. Першыя сляды разбурэнняў ужо праявіліся: з-за холаду, вільготнасці пачалі псавацца ламінаваныя дакументы. З палівам ніхто не дапамог, не адгукнуўся на шматлікія просьбы. Дровы для ацяплення новая стараста вёскі Галіна Вадзімаўна Грак шукае сама. Яна не толькі паліць у печцы, але і мые падлогу, прыбірае снег у двары, летам косіць траву, а за электрычнасць плаціць са сваёй кішэні. Перагарэла лямпачка, сапсавалася сігналізацыя — майстар не будзе працаваць за «дзякуй».

Выпуск Гарадзішчанскай школы 1953/1954 года.

Будынак музея знаходзіцца на балансе Бокшыцкага сельсавета. Але сапраўднага гаспадара, які б нёс персанальную адказнасць за стан памяшкання, гісторыка-культурныя каштоўнасці, няма.

Уладзімір Гарбенка, старшыня Бокшыцкага сельвыканкама тлумачыць: — Будынак былой пачатковай школы, дзе цяпер знаходзіцца музей, быў у непрыглядным стане, разбураўся і прызначаўся пад знос. Але былая стараста знайшла спонсараў, былых вучняў гэтай навучальнай установы, якія дапамаглі адрамантаваць будынак. Дом утрымліваецца на балансе сельсавета як жылы. Перавесці яго ў нежылы фонд праблематычна. Акрамя таго, музей не мае афіцыйнага статусу. Для яго атрымання неабходна, каб ён стаў філіялам іншага музея. У гэтым выпадку можна гаварыць аб стаўцы вартаўніка, загадчыка або дырэктара. Цяпер прыглядвае за музеем наша работніца — стараста вёскі.

Што датычыцца ацяплення, то ніхто не мае права забяспечваць дровамі бясплатна. Іх можна выпісаць у лясгасе за грошы.

Сельсавет паставіў агароджу вакол будынка, адрамантаваў калодзеж у двары. Чым зможам, будзем дапамагаць і ў далейшым.

Наталля Бартошык і Валянціна Дзяшчэня — проста валанцёры, якія добраахвотна ўзялі на сябе цяжкую ношу, якая на іх і трымаецца. У жанчын шмат ідэй і планаў па далейшым развіцці музея. Напрыклад, у падсобным памяшканні абсталяваць беларускую хатку з усімі ўласцівымі ёй атрыбутамі, абстаноўкай, побытавымі прадметамі. У Гарадзішчы пакуль яшчэ жывуць умельцы, якія валодаюць рознымі відамі рамесніцкай дзейнасці. Ёсць людзі, якія пякуць хлеб па старадаўніх рэцэптах, плятуць кошыкі, вышываюць крыжыкам і гладдзю, што на сённяшні дзень рэдкасць. Ёсць тыя, хто валодае сакрэтамі вырабу гумаў, валёнак. «Хацелася б стварыць пры музеі школу рамеснікаў», — кажуць мае суразмоўніцы.

Музей мог бы стаць цэнтрам патрыятычнага выхавання школьнікаў, падлеткаў на прыкладзе людзей, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё малой радзімы. Тут яны маглі б весці даследчую дзейнасць. Валянціна Дзяшчэня, напрыклад, удзельнічала ў конкурсе навукова-даследчых і творчых работ «Тут родныя трымаюць карані» ў намінацыі «Гісторыя дзяржавы ў гісторыі маёй сям'і» і атрымала першае месца ў раёне. А вучаніца Наталлі Пятроўны Алеся Бартошык пашыла касцюм дзяўчыны-дрыгавічанкі і стала трэцяй у конкурсе даследчых работ «Спадчына Беларусі» ў намінацыі «Матэрыяльная культура».

— Праект закончаны, і я магу ўсё кінуць і пайсці, хоць і прыкіпела да гэтага музея ўсім сэрцам і душой, — кажа Наталля Бартошык. — Хацелася б, каб ён жыў, радаваў людзей.

Калі, як не ў Год малой радзімы, спадзявацца, што гэтыя словы будуць пачутыя?

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.