Вы тут

Як выратаваць прадукты ад выкідвання на сметніцу


Па статыстыцы, беларусы выкідаюць 30 працэнтаў ежы, якую купляюць. Колькі харчовых адходаў утвараюць крамы і вытворцы, дакладна невядома. Часта на сметніцу яны адпраўляюць не толькі пратэрмінаванае, але і проста прадукты нетаварнага выгляду: памятыя кансервы ў бляшанках, падгарэлыя булачкі. Хоць іх, магчыма, пагадзіліся б забраць небагатыя сем'і. Для гэтага ў краіне ствараюць харчовы банк: арганізацыя будзе атрымліваць ад гандлёвых сетак «непрыгожыя», але якасныя прадукты (ці тыя, у якіх хутка скончыцца тэрмін прыдатнасці) і перадаваць іх людзям, што маюць патрэбу.


Падобныя банкі ўжо працуюць за мяжой. Напрыклад, летась у Літве ўдалося пераразмеркаваць восем тысяч тон прадуктаў на суму 20 мільёнаў еўра. А Берлінскі харчовы банк атрымлівае з крам каля тысячы тон ежы ў месяц, з якіх 660 раздае гараджанам. Алена ПІШЧУК, адна з ініцыятараў мінскага праекта, натхнілася гэтым вопытам і вырашыла прывезці яго ў нашу краіну.

— Сяброўка расказвала, як працавала ў дастаўцы прадуктаў. Там, каб пазбегнуць канфліктных сітуацый з пакупнікамі, перастрахоўваюцца і выкідаюць усё, што хоць мінімальна не адпавядае нормам, — звяртае дзяўчына ўвагу на праблемы. — А ў крамах, калі нешта адбракоўваецца, гэта не размяркоўваюць сярод сваіх па адной простай прычыне: каб не было карупцыі і крыўдаў, чаму аднаму супрацоўніку далі, а другому — не.

Мінскі харчовы банк планаваў супрацоўнічаць у асноўным з гандлёвымі сеткамі. Але аказалася, мэтавая аўдыторыя не толькі яны. Калі ў Еўропе крамы самі нясуць адказнасць за ўтылізацыю непрададзеных прадуктаў, то ў нас яны падпісваюць дагаворы з пастаўшчыкамі і вяртаюць ім усё, што заляжалася на прылаўках. Таму лепш рабіць стаўку менавіта на вытворцаў — так дзейнічае, напрыклад, расійскі харчовы банк.

Пакуль праект працуе толькі з адной гандлёвай сеткай. Плюс далучыўся харчовы холдынг: у хуткім часе ён павінен перадаць вялікую і разнастайную партыю прадуктаў. Яшчэ з трыма гандлёвымі сеткамі ёсць дамоўленасць аб перагаворах.

Варта таксама наладзіць кантакты са сховішчамі агародніны і фруктаў.

— З намі звязвалася адно, яно дастаткова буйное, знаходзіцца пад Полацкам. У іх утвараецца каля 40 тон адходаў у месяц. Яны самі званілі ў Цэнтр экалагічных рашэнняў з просьбай дапамагчы. Відавочна, што хоць бы 10 працэнтаў з тых фруктаў і агародніны, што выкідаюцца, можна выратаваць.

Алена заўважае: кожная крама сама для сябе вызначае паняцце нормы. Адны выкідаюць бананы з некалькімі чорнымі плямамі, а іншыя прадаюць напалову гнілыя на зніжках. Трэба знайсці тых, у каго завышаныя стандарты якасці, і пераразмяркоўваць ежу, якая ў іх застаецца.

Што аддаюць крамы? Напрыклад, прадукты, якія ім пастаўляюцца як узоры і потым не прадаюцца. Асартымент розны — ад вяленых таматаў да чырвонай рыбы.

Сем'і, які маюць патрэбу, знаходзяць праз дабрачынны праект KаlіLаskа. Сярод іх — пенсіянеры, людзі з інваліднасцю, шматдзетныя сем'і.

— Мы супрацоўнічалі таксама з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна. Атрымалася нядрэнна: цэнтр павесіў аб'яву ў сябе на паверсе, і ў дзень раздачы ежы прыйшло чалавек 17. За 15 хвілін мы размеркавалі паміж імі практычна ўвесь багажнік прадуктаў, — дзеліцца Алена.

І называе яшчэ адзін важны момант, чаму харчовы банк актуальны.

— У нас ёсць нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця да 2020 года. Там якраз ідзе размова і пра тое, што трэба пераразмяркоўваць рэсурсы, каб скарачаць колькасць адходаў. Таму наш праект адпавядае парадку дня. Можа, гэта падштурхне да змен у законе. Напрыклад, у Францыі крамам забаронена выкідаць прадукты: іх трэба або перапрацоўваць на біягазавых устаноўках, або аддаваць тым, хто мае патрэбу.

У асноўнай камандзе праекта ўсяго тры чалавекі. Харчовы банк яны ствараюць на добраахвотных пачатках. У кожнай з дзяўчат ёсць асноўная работа: Алена працуе менеджарам праекта ў Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы, Эліна Сапожнікава — галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса, Наталля Блышчык — спецыялістам па адходах і хімічнай бяспецы Цэнтра экалагічных рашэнняў.

— Нам ужо пісалі з Гродна, Магілёва, што хацелі б там такі ж праект запусціць. Мы дамовіліся, што, калі будзе наладжана сістэма, зможам правесці навучанне ў іншых рэгіёнах, — кажа Алена. — Спачатку ты будзеш рабіць гэта бясплатна. Але гэта вельмі цікава — будаваць новую сістэму. У Еўропе стварэнне харчовых банкаў у сярэднім займала па дзесяць гадоў. Там таксама ўсё пачыналася з пары чалавек, якія на сваёй машыне заязджалі ў булачную, забіралі хлеб, які там не распрадалі, і адвозілі ў сацыяльную сталовую. Думаю, мы будзем расці хутчэй: грамадства цяпер больш гатовае да такіх змен.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Ад вяленых таматаў да чырвонай рыбы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.