Вы тут

Дзе Купала шкліў вокны?


Цікавыя і пазнавальныя аповеды Уладзіміра Барысенкі ўжо колькі гадоў упрыгожваюць старонкі сучаснага друку і, хочацца верыць, спрыяюць абуджэнню ў чытачоў патрыятычных пачуццяў і нацыянальнай самасвядомасці.


Мяне цікавіла, як спадар Уладзімір, якога я ведаю даўно, пачаў пісаць па-беларуску (першыя яго кнігі выйшлі на рускай мове). Вось што пра гэта распавядае Уладзімір Уладзіміравіч:

— Ці не першым штуршком да роднай мовы была маці, знаёмая з Янкам Купалам?.. Сапраўды, для мяне родная мова — матчына. У прамым сэнсе гэтага слова. Маці — Настасся Ільінічна — вельмі добра ведала беларускую мову і расказвала мне розныя паданні. Я і сёння магу дакладна ўспомніць, напрыклад, вялікі расповед пра «сапраўднага» ведзьмака Грышку, якога ўсе ў наваколлі ведалі і да каго прыслухоўваліся. Упэўнены: сваю любоў да ўсяго нашага, беларускага, матуля прыдбала і захавала не без дапамогі Купалы… Справа у тым, што нарадзіўся я 5 студзеня 1949 года ў Фабрычным пасёлку, ад якога застаўся стары парк ды некалькі дамоў, блізу вёскі Якаўлевічы на Аршанчыне. Якаўлевічы не сказаць каб самая глыбінка Беларусі, да якой два дні пёхам, ды ўсё лясамі і балотамі. Не. Недалёка да шасейкі «Віцебск — Магілёў — Адэса». А галоўнае — недалёка да купалаўскіх Ляўкоў. Да іх ад майго Фабрычнага — не болей за дванаццаць кіламетраў. У той час, калі Купала прыязджаў адпачываць у Ляўкі, дзед мой працаваў майстрам-хлебапёкам на Копыскай хлебапякарні. Часам з матуляй, Настассяй Ільінічнай, а часцей адзін прывозіў на купалаўскую дачу духмяныя і яшчэ цёплыя боханы хлеба.

Як Ляўкі сталі купалаўскімі — факт даволі вядомы. Упершыню Іван Дамінікавіч аказаўся ў мястэчку ў красавіку 1935 года падчас сваёй чарговай творчай камандзіроўкі. Ён настолькі ўразіўся і вёскай, і наваколлем, што пражыў тут у сям’і тутэйшага ляснічага Мікалая Шыманскага цэлае лета. Мясцовасць так яму спадабалася, што пасля пастановы аб будаўніцтве ўрадам дачы ў гонар яго 30-гадовай творчай дзейнасці на пытанне «Дзе?», адказаў: «Толькі тут!».

— Мой дзед моцна сябраваў з Шыманскім, які і пазнаёміў яго з Купалам, — далей распавядае пісьменнік. — А нагода была не зусім звычайная. Паэт прыхварэў, і яму тэрмінова спатрэбіліся піўныя дрожджы. І Шыманскі прывёз Івана Дамінікавіча да свайго будучага «лекара» летам 1935 года. «Быў ён сярэдняга росту, з кіёчкам і ў каляровай цюбецеечцы, — расказваў дзед. — Гаварыў мала, пытаўся, хто, як у акрузе жыве, колькі зарабляюць, колькі ў школе дзяцей...».

Наступным разам, ужо восенню 1935 года, Купала прыехаў са сваімі падарункамі. Дзеду прывёз пляшку асабістай «зуброўкі», а маме, тады школьніцы, — цукеркі і кніжку на беларускай мове.

Калі Купала быў заняты, па «лекі» наведвалася яго жонка Уладзіслава Францаўна. І тады «загадваць лекамі» пачынала бабка Марыя Антонаўна. Так яны сталі сапраўднымі сяброўкамі. Толькі аднойчы пакрыўдзілася цётка Уладзя: Маруся не сказала ёй, што ў яе адсутнасць Іван Дамінікавіч гуляў ноччу на дачы не толькі з сябрамі-паэтамі, але і з дзяўчатамі. «Пасля давялося яму нанава шкліць вокны на сваім лецішчы!» — усміхаецца апавядальнік.

Як згадвае У. Барысенка, чарговы раз яго дзед сустракаўся з паэтам падчас наведвання ім Копыскай сярэдняй школы, дзе ягоная мама вучылася тады ў сёмым класе. Яна расказвала, што Купала быў у іх школе некалькі разоў. Асабліва запомніла, як ён прыязджаў у 1938-м разам, здаецца, з Петрусём Броўкам. «Настаўніца Ганна Якаўлеўна Барадзінцава, — згадвала мама, — запрасіла яго, як мы, малодшыя, даведаліся, на выпускны вечар. Прыйшоў Купала (нельга было не звярнуць увагу) у прыгожым шэрым касцюме з белай сарочкай і гальштукам і быў вельмі прыгожа, акуратна пастрыжаны. Сабраліся ўсе: і вучні, і выкладчыкі, і хто на той момант у школе аказаўся. Такі прыемны, сціплы, светлы, ён больш цікавіўся мясцовымі справамі, чым распавядаў пра сябе. Пытаўся, колькі выпускнікоў, куды збіраюцца ўладкоўвацца, хто застаецца вучыцца, дзе працуюць бацькі, што неадкладна патрэбна школе, ці піша хто вершы. Сам жа прачытаў пра тое, як бацька кліча сыноў і запытвае, чым яны будуць займацца». «Заўважу, гэта быў верш “Сыны” — першы, напісаны паэтам у Ляўках», — спыняе ўвагу пісьменнік.

Дарэчы, першай кніжкай, якую з захапленнем прачытаў будучы літаратар, калі яму было няпоўных шэсць гадоў, стала «Песьня будаўніцтву». Купала асабіста падарыў выданне школе, дзе вучылася маці апавядальніка. Яна ўзяла яе пачытаць ды, як кажуць, і «зачыталася»…

А вось яшчэ два купалаўскія эпізоды з жыцця Уладзіміра Барысенкі.

У канторы падсобнай гаспадаркі для мясцовай дзятвы штогод ладзілі навагоднія ранішнікі. Намеснік дырэктара Касцюкоў (як яго называлі, дзядзька Касцючок) распарадзіўся: хто перад упрыгожанай ялінкай прачытае верш менавіта па-беларуску, атрымае падарунак бясплатна, а хто не хоча ці не можа, — за грошы (зразумела, бацькоўскія). Але ж людзі жылі бедна… Дык вось, чытаў хлопчык вершы і за сябе, і за двух сваіх сябрукоў-аднакласнікаў, каб і яны не засталіся без падарункаў на свята. Пры гэтым чытаў менавіта Купалу, ягонага «Хлопчыка і лётчыка».

Летам 1972-га на Цэнтральнай плошчы ў Мінску ладзілі ў гонар выпускнікоў школ гарадское свята — «Выпускны баль». Абвясцілі конкурс на лепшае выкананне верша, з устаноўленай на плошчы сцэны. У той дзень малады журналіст быў на тым свяце (якраз скончыў два курсы журфака БДУ). Праціснуўся праз натоўп і прадэкламаваў купалаўскае:

Ой, не раз удваёчку

Пад шырокай вярбой,

У зялёным садочку,

Мы сядзелі з табой.

Друг на дружку глядзелі,

Па днях цэлых, даўгіх,

Салаўі песні пелі,

А мы слухалі іх...

У выніку, як лепшы выканаўца, атрымаў прыз — карычневы драўляны грыб-парасон.

Увогуле, Уладзімір Барысенка ў маладосці меў добрую памяць: ведаў шмат чаго з Коласа, Куляшова, Броўкі… Але найбольш — з Купалы, якога неаднойчы чытаў сваім універсітэцкім аднакашнікам. Штодня адчувае прысутнасць Купалы, бо мае правіла — пастаянна перачытваць і аднаўляць у памяці ягоныя неўміручыя творы.

У творчым набытку Уладзіміра Барысенкі — сотні публікацый у розных перыядычных выданнях і калектыўных зборніках, кнігі вершаў і эсэ «Рельсы судьбы» (1994), «Запаленне душы» (1996), «Вірус адзіноты» (2000), «Калінавы лес» (2003), а таксама выданні па гісторыі беларускай міліцыі — «Транспортная милиция. История и современность» (2004), «Cлужба охраны столицы» (2017), «На варце грамадскага спакою» (2018).

Натхнёны Купалам, Уладзімір Уладзіміравіч працягвае плённа працаваць у паэзіі і публіцыстыцы. На 2019 год ён запланаваў свой чарговы зборнік.

Юры КУР’ЯНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.