Вы тут

Новы запавет перакладзены на заходнепалескую гаворку


Існуе больш чым паўтары тысячы перакладаў Бібліі на розныя мовы свету, і да іх дадаўся яшчэ адзін. Упершыню евангелісты загаварылі на мове палешукоў.


«От як було́, як Ісу́с Хрысто́с роды'вся. По́сля зару́чын Ма́тыра Ёго́ Марі́йі з Ё'сыпом, пы'рыд тым, як воны' побралысь, ста́ло выдома, шо Вона́ ма́е в жывоті́ од Ду́ха Свято́го». Гэта радкі з перакладу Новага Запавету на заходнепалескую гаворку, які зрабіў выдатны беларускі мовазнаўца Фёдар Клімчук.

Падаваць Святое Пісанне на мове бацькоў і дзядоў Фёдар Данілавіч пачаў яшчэ ў 1980-х гадах. «Пераклад выконваўся невялікімі кавалачкамі. Звычайна для перакладу браўся адзін верш. Часам крыху больш. Тэкст прачытваўся. Затым я ў думках перамяшчаўся ў Палестыну першай паловы І стагоддзя н. э., нібыта станавіўся непасрэдным назіральнікам тых падзей, якія апісаныя ў Новым Запавеце. Зноў у думках перамяшчаўся ў Сіманавічы пачатку ХХ стагодддзя. І распавядаў сваім землякам, прадстаўнікам старэйшага пакалення тое, што пабачыў. Потым гэта паведамленне запісваў», — успамінаў дыялектолаг. Для перакладу ён выкарыстоўваў Новы Запавет на стараславянскай, рускай, польскай і ўкраінскай мовах.

Уявіце: разбураецца стары лад, адыходзіць старэйшае пакаленне, і ўсё менш застаецца носьбітаў традыцыйнай гаворкі, а вучоны прысвячае сваё жыццё перакладу кнігі на мову адной вёскі — Сіманавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці, у якой нарадзіўся. Ён быў упэўнены, што дзякуючы такой працы не дасць роднай гаворцы сысці ў нябыт. Але яму ўдалося зрабіць куды больш. Пераклады Фёдара Клімчука абудзілі цікавасць да народных гаворак.

Цяжка знайсці чалавека, які б больш ведаў пра дыялекты заходнепалескай зоны. Фёдар Данілавіч мог расказаць пра асаблівасці гаворак ці не кожнай вёскі гэтага рэгіёна, пра людзей, якія там жывуць і якія паходзяць з гэтых населеных пунктаў.
Ён ведаў і спяваў тысячу песень, запісаных на Палессі, кажуць, не абмінаў ніводнага канцэрта ці імпрэзы. Захапляўся народнай культурай і папулярызаваў яе. Фёдара Клімчука называюць адным з пачынальнікаў у беларускай этналінгвістыцы, і самыя першыя працы ён прысвяціў традыцыйнай народнай духоўнай культуры роднага сяла Сіманавічы. Вучоны пакінуў каля 250 навуковых артыкулаў, зборнікаў (між іншым, супрацоўнікі Акадэміі навук сёлета плануюць падрыхтаваць да выдання выбраныя творы свайго калегі).

Фёдар Клімчук звярнуўся да сваіх землякоў з прапановай выдаць на розных палескіх гаворках творы Льва Талстога. Дзякуючы намаганням вучонага з'явіліся таксама пераклады на дыялект Гамера, Гогаля, «Слова пра паход Ігараў».

Пры жыцці Фёдар Клімчук паспеў выдаць толькі частку перакладу Новага Запавету. На новае поўнае выданне «Палескай Бібліі» грошы збіраліся праз краўдфандынг. І аказалася, што палескія дыялекты цікавыя не толькі жыхарам Берасцейшчыны. На прэзентацыі «Новага Завіту» гасцям не хапала месцаў, але людзі гатовы былі дзве гадзіны адстаяць, толькі б больш даведацца пра падарунак, які Фёдар Клімчук зрабіў для сваёй малой радзімы.

Фёдара Данілавіча не стала тры месяцы таму... Але яго справа працягвае жыць. Падчас святочнай прэзентацыі «Палескай Бібліі», можна было пачуць носьбітаў народных гаворак. Гурты «Рада», «Кудмень» спявалі песні, запісаныя на Берасцейшчыне, а сямейны тэатр Ларысы і Аляксандра Быцко выкарыстаў пераклад Бібліі, зроблены Фёдарам Клімчуком для батлеечнай каляднай пастаноўкі. Сёння народныя гаворкі запатрабаваныя нават карыстальнікамі інтэрнэту, менавіта на Берасцейшчыне зарадзіўся праект «Дыялекты Беларусі» (інтэрактыўная карта), куды людзі актыўна дасылаюць гукавыя запісы, зробленыя ў розных беларускіх вёсачках.


Падчас святочнай прэзентацыі можна было не толькі азнаёміцца з “Палескай Бібліяй”, але і пачуць носьбітаў народных гаворак. Гурты “Рада”, “Кудмень” спявалі песні, запісаныя на Берасцейшчыне, а сямейны тэатр Ларысы і Аляксандра Быцко выкарыстаў пераклад Бібліі, зроблены Фёдарам Клімчуком, для батлеечнай каляднай пастаноўкі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Мова бацькоў застанецца на стагоддзі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.