Вы тут

Прэзідэнт: Падтрымліваючы Беларусь, Расія перш за ўсё падтрымлівае сябе


Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Расіі Андрэем Траўнікавым.


Вароты ў велізарную Расію

"Ваш рэгіён [для Беларусі - Зв.] - адзін з найбольш перспектыўных эканамічных партнёраў у Сібіры. Не аднойчы я бываў у Новасібірску, і нават на аб'ектах асобных, перш за ўсё - у аддзяленні навук. Для нас гэта вялікая перспектыва. І ваш прыезд якраз актуалізаваў гэтую праблему, і ў бліжэйшы час мы паглядзім, як усё ж такі наша Акадэмія навук супрацоўнічае з сібірскім аддзяленнем Акадэміі навук, - адзначыў кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы. - У аснове двухбаковага ўзаемадзеяння ляжаць даўнія сяброўскія і сваяцкія адносіны паміж людзьмі, а таксама высокі ўзровень плённага супрацоўніцтва".

Беларускі лідар звярнуў увагу, што ў Новасібірскай вобласці пражывае больш за пяць тысяч беларусаў. Многія з іх з'яўляюцца нашчадкамі тых, хто калісьці асвойваў Сібір.

Акрамя таго, у рэгіёне вядуць паспяховы бізнэс беларускія прадпрымальнікі. Рэгулярна праводзяцца кірмашы тавараў з Беларусі, вялікім попытам карыстаюцца нашы прадукты харчавання, абутак, тэкстыль, мэбля.

Паводле слоў Прэзідэнта, ва ўсім свеце Новасібірск вядомы як навуковая сталіца Расіі. У апошнія гады гэта адзін з ключавых пастаўшчыкоў абсталявання для Беларускай АЭС.

Кіраўнік дзяржавы прыгадаў словы губернатара Новасібірскай вобласці аб тым, што Новасібірск - гэта вароты на велізарную Расію з вялікімі магчымасцямі.

"Супрацоўніцтва па запуску нашай электрастанцыі з'яўляецца ўзаемавыгадным, - падкрэсліў ён. - Дзякуючы гэтаму праекту сфармаваны новыя тэхналагічныя ланцужкі паміж прадпрыемствамі нашай краіны і вашага рэгіёну".

Ён таксама дадаў, што ў Беларусі вельмі ўдзячныя расіянам перш за ўсё за тое, што яны навучылі нас будаваць падобныя аб'екты. Прэзідэнт адзначыў, што вопыт айчынных спецыялістаў, занятых у гэтай сферы, можа спатрэбіцца ў Новасібірскай вобласці. Дарэчы, расіяне добра ацэньваюць працу нашых спецыялістаў на атамнай электрастанцыі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: сёння Беларусь гатова пайсці на стварэнне сумесных вытворчасцей, падзяліцца ўжо апрабаванымі тэхналогіямі і выпускаць прадукцыю, запатрабаваную на рынках не толькі Беларусі і Расіі, але і трэціх краін.

Важна, што Беларусь валодае дастатковымі рэсурсамі, каб забяспечыць патрэбы Новасібірскай вобласці ў сучаснай грузавой, пасажырскай, сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхніцы, а таксама таварах лёгкай і харчовай прамысловасці.

Пра адносіны з Расіяй

"Апошнім часам - вы, напэўна, уважліва назіраеце за падзеямі ў нашых адносінах - прынята вельмі шмат казаць аб тым, што, маўляў, Расія падтрымлівае, хтосьці кажа, корміць Беларусь, і наогул, Беларусь прапала б без Расіі. Павінен вам сказаць: Беларусь нікуды не знікне і не прападзе, але пытанне не ў гэтым. Пытанне ў тым, што падтрымліваючы, калі такое ёсць, Беларусь, Расія падтрымлівае перш за ўсё сябе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што вызначаючы больш за 20 гадоў таму курс развіцця, напрамкі руху, было адназначна вырашана, што Расія - гэта не проста партнёр і не проста дружалюбная краіна. У сваю чаргу, Прэзідэнт дадаў, што Беларусь для Расіі - тая ж фінішная вытворчасць, так званы зборачны цэх, які быў у Савецкім саюзе.

Беларускі лідар звярнуў увагу, што рэсурсы наша краіна ў асноўным закупляе ў Расіі нават у розных сітуацыях, тое ж самае тычыцца і камплектуючых.

"Я часта прыводжу прыклад з МТЗ. Усе кажуць: вось Беларусь - перш за ўсё, трактарны завод. Ды не толькі - нафтахімічная, нафтаперапрацоўчая, машынабудаўнічая галіны. Гэта фінішная вытворчасць велізарнага комплексу расійскай эканомікі", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што калі Расія падтрымлівае Беларусь, гэта значыць фінішную вытворчасць, значыць, яна падтрымлівае свае прадпрыемствы - тыя, што вырабляюць сыравіну, матэрыялы, камплектуючыя. Ён звярнуў увагу на знакамітыя БЕЛАЗ-ы, вытворчасць якіх задумвалася для ўсяго Савецкага Саюза, у першую чаргу - Расіі. Сёння ў Беларусі гэтыя машыны не так запатрабаваныя, гэтыя аўтамабілі вельмі рэдка купляюцца для работ на тэрыторыі нашай краіны, паколькі мы не маем маштабных распрацовак. Асноўныя продажы гэтых машын у цяперашні час прыпадаюць на Расію.

"Паўстае пытанне: дык каго ж падтрымлівае, калі падтрымлівае - трэці раз кажу, Расія? - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.  -- Калі падлічыць, вы ўбачыце, хто каго падтрымлівае".

Ён дадаў, што спецыяльна гаворыць аб гэтым навасібірскай дэлегацыі, людзям не чужым для беларусаў, прадстаўніку краю, з якім Беларусь плануе развіваць самыя глыбокія адносіны. "Не толькі таму, што вы вароты ў вялізную Расію там, на ўсходзе, гэта таксама важна. А таму, што мы даўно маем з вамі вельмі цёплыя і сяброўскія адносіны. Вы для нас, напэўна, самыя-самыя рускія людзі, якія жывуць у няпростых умовах і дамагаюцца найвышэйшых вынікаў ", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што калі ў дэлегацыі паўстане жаданне паглядзець іншыя аб'екты, то такая магчымасць ёсць. "Вы не адчуеце ніякай розніцы паміж знаходжаннем у Новасібірскай вобласці і Беларусі. Дзесьці, можа быць, нават і цяплей, паколькі вы прыехалі з вельмі суровага краю. І цеплыня нашых сэрцаў, беларусаў, - гэта асаблівасць нашых людзей. - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Зараз кажуць, Расія стала больш прагматычнай, і вось гэтыя развагі пра братэрства, сяброўства і іншае... Партнёры. Партнёры дык партнёры, я ніколькі не пярэчу. Мы гатовы да супрацоўніцтва з нашай Расіяй, брацкай Расіяй настолькі, наколькі кіраўніцтваў Расіі да такога гатовае. Толькі мы супраць усялякіх фэйкаў, укідаў, раскручвання усялякіх тэм у СМІ".

На яго думку, прыезд губернатара Новасібірскай вобласці сведчыць аб тым, што здаровае заўсёды пераможа і рускіх з беларусамі сутыкнуць не атрымаецца. "Ніколі не атрымаецца. Прынамсі, пакуль я Прэзідэнт, - падкрэсліў ён. - Для нас рускі чалавек, для мяне асабіста, гэта тое самае, што і беларус".

Пра сельскую гаспадарку, будаўніцтва і ліфты

Далей ён зноў звярнуўся да магчымых кірункаў супрацоўніцтва ў Новасібірскай вобласцю. Так, на сумесным прадпрыемстве па мадэрнізацыі трамваяў "БКМ-Сібір", створаным пры ўдзеле "Белкамунмаш", магчымая арганізацыя зборкі тралейбусаў. Такая зацікаўленасць была выказана.

Ёсць перспектывы працы ў авіяцыйнай сферы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на беларускім авіярамонтным заводзе, які нядаўна перабазаваны на новую вытворчую пляцоўку, магчыма тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сучасных тыпаў самалётаў.

Яшчэ беларускі лідар звярнуў увагу на сельскую гаспадарку: па яго словах, мы гатовы цесна падлучыцца да праграмы развіцця сельскай гаспадаркі ў Новасібірскай вобласці.

У прыклад ён прывёў Сахалін, дзе быў створаны пілотны праект, які паказаў, што нават у гэтым складаным рэгіёне могуць квітнець яблыні, можна вырабляць малако і мяса па беларускіх тэхналогіях.

"Мы прапануем рэалізаваць па беларускіх праектах будаўніцтва аграгарадкоў і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці", - сказаў Прэзідэнт.

На думку кіраўніка дзяржавы, Расіі нікуды не дзецца ад такога варыянту развіцця сельскай гаспадаркі. Каб людзі не з'язджалі ў буйныя гарады, каб полі былі акультураны, Расіі трэба не ўпусціць гэты аспект і ствараць неабходныя ўмовы. Без вёскі нашых краін няма, яе трэба ратаваць і падтрымліваць, канстатаваў ён. Беларусь гатова падзяліцца гэтым вопытам.

Беларускі лідар нагадаў, што ў Новасібірскай вобласці вядзецца будаўніцтва Усходняга абходу Новасібірска і Паўднёва-Заходняга транзіту. Беларусь таксама гатова падключыцца да гэтага будаўніцтва, падзяліцца напрацоўкамі, гэта датычыцца і ўзвядзення лядовага палаца да маладзёжнага чэмпіянату свету па хакеі 2023 года.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы прапанаваў выкарыстоўваць ліфтавае абсталяванне "Магілёўліфтмаш" пры капітальным рамонце новасібірскіх шматпавярховых жылых дамоў, а таксама ў новым будаўніцтве.

"Адным словам, мы адкрытыя не толькі для дыялогу, а сумеснай працы. Гатовы выйсці на канкрэтныя дамоўленасці, калі гэта будзе патрэбна сібіракам, - адзначыў ён. - Яшчэ раз хачу ўсіх вас папярэдзіць пра тое, што Беларусь як была вашым родным домам, так яна і застанецца. Мы поўныя рашучасці з нашымі старэйшымі братамі супрацоўнічаць, але я заўсёды папярэджваю - па-чалавечы".

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што Беларусі і Расіі прадвызначана быць разам. Калі мы парвем нашы адносіны, гэта будзе доўгі шлях, але мы ўсё роўна будзем разам, проста зробім круг. "Тая ж Украіна - яна заўсёды будзе з намі, але пайшла некалькі крывым шляхам. Але ўсё роўна яны вернуцца да нас. Мы славяне, і мы павінны жыць разам, і будзем жыць", - канстатаваў Александр Лукашэнка.

Пра візіт

Дарэчы, сёння апошні дзень візіту дэлегацыі Новасібірскай вобласці на чале з губернатарам ў Беларусь. У аўторак у Магілёве з удзелам губернатара прайшлі перамовы ў Магілёўскім аблвыканкаме. Дэлегацыя наведала і правяла перамовы з кіраўніцтвам ААТ "Магілёўліфтмаш", ААТ "Бабушкина крынка" і Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы.

На наступны дзень дэлегацыя наведала Нацыянальную акадэмію навук, ААТ "МАЗ", а таксама "Чыжоўку-Арэну".

З удзелам губернатара прайшло чацвёртае пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Новасібірскай вобласцю, па выніках падпісаны пратакол паседжання. У той жа дзень адбыліся перамовы дэлегацыі з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам.

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам плануецца, што дэлегацыя наведае і правядзе перамовы ў агракамбінаце "Ждановічы". Пасля абеду запланавана наведванне губернатарам ААТ "БелАЗ" - УКХ "БЕЛАЗ-Холдынг".

У тэму

У студзені-лістападзе 2018 года тавараабарот Беларусі з Новасібірскай вобласцю склаў 264,3 млн долараў і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года павялічыўся на 51 %, экспарт - 123,3 млн долараў і скараціўся на 3,3 %, імпарт - 141 млн долараў і павялічыўся ў тры разы. Сальда адмоўнае - 17,7 млн ​​ долараў.

Аснову экспарту склалі пастаўкі трактароў і седлавых цягачоў, грузавых аўтамабіляў, цукру, металаканструкцый з чорных металаў, пруткоў і профіляў алюмініевых, электрычных трансфарматараў, гародніны, панчошна-шкарпэткавых вырабаў.

Аснову імпарту склалі пастаўкі нафтапрадуктаў, ядзерных рэактараў і іх частак, рухавікоў і электрычных генератараў, пуцявога і сігнальнага абсталявання, электронных лямпаў і трубак, насення рапсу.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.