Вы тут

Чаму інфраструктура павінна развівацца разам з будаўніцтвам жылля?


Адзін з нядаўніх прыёмаў грамадзян, што днямі праводзіў дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Іван ПРАТАСЕВІЧ, пацвердзіў справядлівасць гэтага тэзіса.


Да народнага абранніка звярнулася шматдзетная мама Аліна, якая расказала пра загружанасць адзінай дзіцячай амбулаторыі ў маладым мікрараёне Альшанка, што ў абласным цэнтры. Сапраўды, высоткі ўзнімаюцца ўгору адна за адной, забудоўваюцца кварталы, навасёлы радуюцца магчымасці жыць на сваіх «квадратах», але недасканаласць інфраструктуры засмучае іх: месцаў у садках усім мясцовым малым не хапае, значна перагружана і адзіная школа. Са з'яўленнем у 2014-м дзіцячай амбулаторыі стала крыху прасцей трапіць на прыём да педыятра — ужо не трэба некуды далёка ехаць. Але гэтую напружанасць адкрыццём новага аб'екта знялі ненадоўга: мікрараён працягвае расці, колькасць дзяцей павялічваецца разам з ім, а магчымасці адзінай амбулаторыі абмежаваныя...

Адзначым, што дзеючая ўстанова разлічана на 40 наведванняў у змену, а фактычна працуе на 99. Тут няма лабараторыі, каб правесці неабходныя даследаванні, і няма поўнага набору памяшканняў для аказання медыцынскай дапамогі дзіцячаму насельніцтву...

— Так, гаворка ідзе аб адкрыцці яшчэ адной амбулаторыі, але калі тое будзе? — пацікавілася жанчына.

На гэтае пытанне адказала галоўны ўрач Гродзенскай гарадской дзіцячай паліклінікі № 2 Жанна ЦЮЛЬКІНА, з якой давялося звязацца па тэлефоне. Амбулаторыя ў Альшанцы ўваходзіць у склад менавіта гэтай установы аховы здароўя.

Напружанасць адкрыццём новага аб'екта знялі ненадоўга: мікрараён працягвае расці, колькасць дзяцей павялічваецца разам з ім, а магчымасці адзінай амбулаторыі абмежаваныя...

Як расказала суразмоўніца, сёння амбулаторыя існуе ў шматкватэрным доме па вуліцы Агінскага і займае плошчу ў 313 «квадратаў». Працуе яна са значнай перагрузкай — амаль на 250 %. Колькасць дзяцей з моманту яе адкрыцця — з кастрычніка 2014-га — павялічылася ў 3,3 раза: з 3223 да 10 773. Абслугоўванне вядзецца на дзевяці ўчастках, плануецца адкрыццё яшчэ аднаго. Але, як паказвае тэндэнцыя росту насельніцтва з паступовым уводам жылля, малых пасля завяршэння будоўлі ў Альшанцы будзе каля 25 тысяч. Зняць напружанне дапаможа з'яўленне яшчэ адной дзіцячай амбулаторыі, праектаваннем якой зараз займаецца «Гроднажылбуд». Гэта тыпавы праект убудаванага аб'екта, што месціцца на першым паверсе шматкватэрнай высоткі. Тут будуць сем кабінетаў педыятраў, фізіякабінет, працэдурна-прышчэпкавы, і галоўнае — з'явіцца свая лабараторыя. Агульная плошча памяшкання — 600 квадратных метраў.

— Будаўніцтва другой амбулаторыі забяспечыць даступнасць і значна палепшыць якасць медыцынскай дапамогі дзецям мікрараёна Альшанка да будаўніцтва паліклінікі, — упэўнена галоўны ўрач.

Але ж калі новы аб'ект пачне прымаць маленькіх пацыентаў? Па словах Жанны Цюлькінай, ён можа быць уведзены ў эксплуатацыю да канца гэтага года.

Як заўважыў Іван Пратасевіч, да яго як да дырэктара Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» часта звяртаюцца жыхары гэтага мікрараёна з пытаннем аб адкрыцці яшчэ аднаго стацыянарнага аддзялення паштовай сувязі. Першае, дарэчы, адкрылася ў сакавіку 2017 года ў жылым доме па вуліцы Напалеона Орды. Практыка пацвердзіла яго запатрабаванасць: тут можна аплаціць «камуналку», скарыстацца ўсімі паслугамі, што прапануе сёння пошта. Па словах дэпутата, зараз разглядаецца пытанне аб адкрыцці другога аддзялення паштовай сувязі ў Альшанцы, якое можа з'явіцца ўжо сёлета ў першым паўгоддзі: дзеля гэтага ўжо набылі памяшканне са свабоднай планіроўкай агульнай плошчай 109 «квадратаў».

Між іншым, наяўнасць новых і такіх важных інфраструктурных аб'ектаў, як амбулаторыя, дзіцячы садок, школа, аддзяленні паштовай сувязі і банкаўскага абслугоўвання, гандлёвы цэнтр — вельмі хвалюе навасёлаў любога мікрараёна-новабудоўлі. Практыка сучаснага будаўніцтва склалася такім чынам, што першапачаткова растуць жылыя дамы, а ўжо потым — іншыя неабходныя аб'екты, што стварае незадаволенасць сярод жыхароў і параджае абгрунтаваныя пытанні на адрас мясцовай улады. Нялішнім будзе прыгадаць вопыт Паднябеснай, дзе жыллё будуецца цэлымі кварталамі «пад ключ», адразу з усёй неабходнай інфраструктурай. Можа, карысна было б і нам улічыць такі падыход?

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Віталя ДЗЯРНЕЙКІ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна.