Вы тут

Заканадаўцы вывучаюць сітуацыю ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці


Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні правяла выязное пасяджэнне. Сенатары прааналізавалі сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, правялі асабістыя прыёмы грамадзян, а таксама пазнаёміліся са славутасцямі гэтага краю. Раён стаў першым у шэрагу адрасоў падобнага маніторынгу і пошуку пунктаў эканамічнага росту.


Су­стрэ­ча ў ра­ту­шы.

Чачэршчына была абрана па прапанове аднаго з членаў пастаяннай камісіі — дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Звязда» Галіны ТРЫБУНАХ. «Звязда» — адно з самых моцных прадпрыемстваў Чачэрскага раёна. Арганізацыя займаецца вырошчваннем збожжавых, зернебабовых, кармавых і тэхнічных культур, а таксама вытворчасцю малака і мяса. У раёне няма буйной прамысловасці, тым не менш за студзень — лістапад 2018 года арганізацыямі атрымана прыбытку больш чым на 64 мільёны рублёў. Тэмп росту склаў прыкладна 110 працэнтаў да такога ж перыяду ў 2017-м.

Высокіх гасцей сустракаў нядаўна прызначаны новы старшыня райвыканкама Юрый Дзеркачоў. Спачатку сенатары наведалі Чачэрскую ратушу, дзе азнаёміліся з экспазіцыяй гісторыка-этнаграфічнага музея. Потым раз'ехаліся па месцах правядзення прыёму грамадзян — у сямі аграгарадках і ў самім райцэнтры. Прадстаўнікі мясцовай улады, юрыдычныя асобы і простыя грамадзяне мелі магчымасць звярнуцца з асабістымі пытаннямі і прапановамі да парламентарыяў.

Пасля гэтага сенатары падвялі вынікі ў будынку райвыканкама.

— Патэнцыял раёна даволі высокі, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандар ПАПКОЎ. — Сёння практычна ўсе прадпрыемствы, вытворчыя і сацыяльнай сферы забяспечаны кадрамі, цякучкі амаль няма, людзі добра замацаваны на месцах. Ва ўсіх сельскіх амбулаторыях і раённай бальніцы дастаткова спецыялістаў высокай кваліфікацыі. Гэта добра, таму што Чачэрскі раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і тут вельмі важна дамагчыся замацавання спецыялістаў.

Парламентарый лічыць, што асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць праблемам жыццезабеспячэння людзей.

Сенатары таксама абмеркавалі пытанні сацыяльнай абароны, аховы здароўя, адукацыі, замацавання маладых кадраў і эканамічнага патэнцыялу тэрыторыі.

Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына ЗЯНКЕВІЧ, якая прысутнічала на прыёме ў Чачэрску, звярнула ўвагу на тое, што раён асаблівы — тут адсутнічае буйная прамысловасць, таму важна развіваць дзелавую ініцыятыву.

— Развіццё малога бізнесу дапаможа павялічыць паступленні ў бюджэт ад прыватнікаў, тым больш што для ахвотных арганізаваць сваю справу ў вёсцы прадугледжаны шэраг ільгот, — нагадала яна. — У тым ліку бясплатная перадача пустых будынкаў для стварэння вытворчасцяў і новых працоўных месцаў.

Выязная форма работы пастаяннай камісіі, на думку сенатараў, дазволіла вызначыць стратэгію далейшага развіцця рэгіёна з улікам пастаўленай кіраўніком дзяржавы задачы аб удваенні валавога ўнутранага прадукту.

— Пачынаючы з гэтага года, мы плануем прааналізаваць работу кожнага рэгіёна. Увага будзе ўдзелена сацыяльна-эканамічнаму развіццю тэрыторый, пунктам росту. Будзем вывучаць пытанне інвестыцыйнай палітыкі, інавацыйныя праекты, а таксама праводзіць маніторынг існуючай заканадаўчай базы на прадмет адпаведнасці тым кірункам, якія вызначаны кіраўніком дзяржавы. Задача Савета Рэспублікі — уплываць на перспектывы і працэсы, уласцівыя для рэгіёна, — падкрэсліў Аляксандр Папкоў.

Не так часта бывае, што цэлая камісія выязджае ў рэгіён для вывучэння сітуацыі, пракаментаваў вынікі візіту намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Генадзь ДАВЫДЗЬКА. Дарэчы, яму дастаўся аграгарадок Меркулавічы.

— Такія пасяджэнні дапамагаюць унікнуць у сутнасць перамен, праблем і магчымасцяў, схаваных на месцах. Нам вельмі важна заўважыць усе працэсы, што зараз адбываюцца ў раёне, — лічыць ён.

Сенатар адзначыў, што практычна ўвесь Чачэрскі раён атрымаў магчымасць трапіць на прыём да членаў Савета Рэспублікі. Кіраўнікі сельскіх Саветаў дзяліліся
праблемамі, прасілі парады і дапамогі ў заканадаўцаў, якія, дарэчы, самі — з вялікім кіраўніцкім досведам. У сваю чаргу, новае кіраўніцтва рэгіёна атрымала інфармацыю, якая дапаможа пазбегнуць памылак у рабоце.

— Лічу, што добры кіраўнік той, які не толькі наладжвае работу, але і стымулюе патэнцыял тэрыторыі, яе развіццё, робіць яе прывабнай для інвестараў, і якому не будзе сорамна пакласці план развіцця раёна на стол кіраўніку дзяржавы, — упэўнены Генадзь Давыдзька.

— На Чачэршчыне жывуць адкрытыя і гасцінныя людзі, — падзялілася ўражаннямі член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Інеса БЕЛУШ. — Мы пахадзілі па вуліцах аграгарадка Нісімкавічы, пазнаёміліся з мясцовымі жыхарамі. Заходзілі ў краму, школу і паліклініку, і ўсюды нас сустракалі спакойна і добразычліва. Прадавец у краме расказала, што людзі тут жывуць нармальна, маюць грошы, і таму не бяруць прадукты ў доўг, як у некаторых іншых мясцінах.

— Наша задача як сенатараў даведацца, у чым мае патрэбу чалавек, — сказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святлана ГЕРАСІМОВІЧ. — Заробак, пенсіі, сацыяльная абарона дзяцей, пажылых, шматдзетных і маладых сем'яў, работа ўстаноў аховы здароўя, адукацыі і культуры, транспарту, пытанні моладзі — усё гэта мы маніторылі ўжо на месцы, у аграгарадку Залессе.

Парламентарыі наведалі Ча­чэр­скую дзі­ця­ча-юнац­кую спар­тыў­ную шко­лу.

Пасля завяршэння пасяджэння сенатары наведалі Чачэрскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу. Нягледзячы на афіцыйнае завяршэнне дабрачыннага марафону «Нашы дзеці», яны скарысталіся магчымасцю і прывезлі віншаванні і падарункі дзецям. Трэнажорная зала школы папоўнілася сучасным спартыўным абсталяваннем. Маладыя футбалісты атрымалі новыя мячы, а каманда барцоў — кімано для заняткаў. Дзеці ў сваю чаргу парадавалі гасцей спартыўным выступленнем.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

У тэму

На прыём да старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова звярнуўся галоўны ўрач Чачэрскай цэнтральнай раённай бальніцы Андрэй Табанькоў. Праблема, якую падняў кіраўнік мясцовай установы аховы здароўя, актуальная для большасці раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Зараз бальніца ў Чачэрску ахоплівае высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогай не толькі жыхароў свайго рэгіёна. На базе лячэбнай установы створана міжраённае аддзяленне гемадыялізу, якое прымае хворых з трох суседніх раёнаў Гомельскай вобласці. Недахопу ў медыцынскіх кадрах тут няма. Але асобныя супрацоўнікі — напрыклад, галоўны бухгалтар, галоўны эканаміст — пазбаўленыя выплат, што атрымліваюць іншыя спецыялісты, якія таксама працуюць на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.

Пры­ём вя­дзе стар­шы­ня Па­ста­ян­най ка­мі­сіі Са­ве­та Рэс­пуб­лі­кі па рэ­гі­я­наль­най па­лі­ты­цы і мяс­цо­вым са­ма­кі­ра­ван­ні Аляк­сандр ПА­ПКОЎ.

Актуальнасць праблемы льгот і дадатковых выплат асобным катэгорыям спецыялістаў таксама адзначыў і старшыня Чачэрскага райвыканкама Юрый Дзеркачоў. Такая сітуацыя закранае не толькі медыцынскіх работнікаў, але і прадстаўнікоў іншых прафесій. Паводле існуючага заканадаўства, у выпадку, калі малады чалавек прыбывае на работу ў забруджаную зону і прызначаецца на пасаду галоўнага спецыяліста, ён страчвае магчымасць атрымання ўсіх дадатковых выплат, якія яму належаць.

Па выніках абмеркавання ўсе пытанні, узнятыя галоўным урачом Чачэрскай цэнтральнай раённай бальніцы, унесены ў рашэнне Пастаяннай камісіі з мэтай іх далейшай прапрацоўкі сумесна з урадам і іншымі зацікаўленымі ведамствамі.

Чачэрскі раён размешчаны на паўночным усходзе Гомельскай вобласці на беразе ракі Сож. Тут пражывае амаль 14,3 тысячы чалавек. На пачатак года ў раёне зарэгістраваны 271 суб'ект гаспадарання: 132 юрыдычныя асобы (15 фермерскіх гаспадарак, 57 прадстаўнікоў малога бізнесу, 9 кааператываў, 8 адкрытых акцыянерных таварыстваў, 7 камунальных прадпрыемстваў, 36 дзяржаўных устаноў) і 139 індывідуальных прадпрымальнікаў.

На ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў стаяць 904 сям'і, з іх 236 — маладыя і 104 — шматдзетныя. У раёне працуюць 25 устаноў адукацыі. Усе яны маюць доступ у інтэрнэт.

Таксама ў раёне працуюць 37 устаноў культуры, праводзяцца рознапланавыя культурна-масавыя мерапрыемствы.

Наталля БІТЭЛЬ

Чачэрскі раён

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Маніторынг з выездам на месца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне

У 1943—1944 гадах легендарнай Хаваншчыны (Івацэвіцкі раён) немец баяўся як агню.

Культура

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым  дакументальнае кіно — несумленнае

Андрэй Куціла: У параўнанні з ігравым дакументальнае кіно — несумленнае

Заўтра ў харвацкай сталіцы пачынаецца міжнародны фестываль дакументальнага кіно ZаgrеbDох, у асноўны конкурс якога адабраны і фільм беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы Summа.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.