Вы тут

Прамыя лініі — адзін з самых папулярных спосабаў размовы з уладай


Тут усё вельмі проста і без цяганіны. Не трэба кудысьці ісці, купляць канверт, нешта пісаць, несці на пошту, чакаць, калі нарэшце адгукнуцца. Дастаткова патэлефанаваць, і зварот ужо зарэгістраваны. На «гарачых» тэлефонах дзяжураць кіраўнікі мясцовай улады, побач з імі шмат адказных асоб. Не дзіўна, што «прыёмы» на адлегласці не страчваюць сваёй актуальнасці.


На прыёме ў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага.

Чым вышэй, тым надзейней?

Анонсы суботніх тэлефонных ліній рэгулярна даюцца ў сродках масавай інфармацыі, нумары для званкоў можна знайсці на сайтах рай-, гар-, аблвыканкамаў. Кожную суботу з 9 да 12 гадзін уважліва выслухаюць любога, хто патэлефануе. Было б жаданне. Канешне, лагічна, калі званок паступае, як той казаў, па месцы «прапіскі», але людзей цікавіць больш высокі ўзровень.

— У аблвыканкам часта тэлефануюць жыхары, якія ў свае мясцовыя органы ўлады нават не звярталіся, — канстатуе галоўны спецыяліст упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магілёўскага аблвыканкама Наталля Дашкова. — У іншых абласцях такая ж тэндэнцыя. Як высвятляецца, гэтыя людзі або не ведаюць, што такое магчыма, або не давяраюць мясцовым чыноўнікам.

У рабочым кабінеце спецыяліста шафы да столі, як у бібліятэцы. Усе палічкі застаўлены вялікімі папкамі, збоку кожнай пазначаны год. Размаўляем, а суразмоўніца раз-пораз паглядвае ў камп'ютар, нешта адсочвае.

— У кожнай папцы лёсы людзей, — паказвае ў бок «фаліянтаў» суразмоўніца. — Колькасць зваротаў кожную суботу вар'іруецца. На апошнюю прамую лінію ў аблвыканкам, напрыклад, патэлефанавала 18 чалавек. А максімальная колькасць была — 35. Існуе спецыяльная праграма для ўліку зваротаў — «Электронная справа». Мы заносім у камп'ютар даныя з рэгістрацыйнай карткі, якая заводзіцца на заяўніка, і накіроўваем на выкананне. Адказныя асобы павінны даць справаздачу ў агавораны тэрмін. Калі пытанне тлумачальнага характару — гэта 15 дзён, калі трэба запытаць нейкую дадатковую інфармацыю — да месяца. Бачыце — зялёным абазначаны адказы, якія ўжо адпрацаваны. Я іх раздрукоўваю і інфармую кіраўніка, які праводзіў лінію.

На што скардзімся?

Летась на суботнюю тэлефонную лінію аблвыканкама паступіла 1070 зваротаў. Больш за ўсё пытанняў (575) датычылася камунальнай гаспадаркі. На першым месцы ў насельніцтва заўвагі наконт добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, рамонту і захавання жыллёвага фонду, стану дарог. Найбольш вострым для жыхароў сельскай мясцовасці і дачнікаў з'яўляецца пытанне вывазу смецця. Згодна з дзеючым заканадаўствам, паслуга гэта абавязковая і падлягае аплаце. Але не ўсе жыхары згодны плаціць. Напрыклад, чалавек, які жыве ў гарадской кватэры і мае прыватны дом, лічыць, што дастаткова аплачваць паслугі толькі па асноўным месцы жыхарства. Маўляў, на дачы ў яго смецця не бывае. Некаторыя заяўляюць, што яны самі ўтылізуюць бытавыя адходы і нічога нікому не павінны плаціць. І тады прыходзіцца нагадваць пра нарматыўныя дакументы. А ёсць сігналы і больш сур'ёзныя.

— Нярэдка пацвярджаліся факты фармалізму і валакіты ў рабоце камунальнікаў, — сведчыць спецыяліст. — Летась у 25 выпадках вінаватыя былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці, а кіраўнік ЖЭУ № 7 у Магілёве наогул вызвалены ад займаемай пасады.

На другім месцы па колькасці пытанні працы і заробку. Людзі просяць дапамагчы ім знайсці работу, скардзяцца на несвоечасовае налічэнне і выдачу зарплаты, асабліва ў сельскагаспадарчых арганізацыях. «У сямі выпадках вінаватыя былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці», — удакладняе Наталля Дашкова.

У аблвыканкам часта тэлефануюць жыхары, якія ў свае мясцовыя органы ўлады нават не звярталіся.

Стала больш прэтэнзій па архітэктуры і будаўніцтве. Заяўнікі часцей сігналізуюць пра парушэнні меж участкаў, самавольныя пабудовы або пра тое, што будаўніцтва вядзецца вельмі блізка да іх уладанняў. Некаторыя грамадзяне сведчаць, што купілі на аўкцыёне дом, а навокал — ніякай інфраструктуры. Уздымаецца праблема якасці вады. «Такія звароты застаюцца на кантролі, бо адразу вырашыць іх не заўсёды атрымліваецца, — тлумачыць спецыяліст. — Пэўны час жыхары пасёлка Новае Пашкава скардзіліся на нездавальняючы стан пітной вады. Было прынятае рашэнне закальцаваць водаправодныя сеткі населенага пункта з магілёўскімі — абстаноўка адразу ж палепшылася. Аналагічная праблема зараз у пасёлку Чаромушкі. Яе будуць вырашаць па такой жа схеме».

Актуальнай застаецца тэма сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння. Значна павялічылася колькасць зваротаў па ахове здароўя. Заяўнікі незадаволены арганізацыяй медыцынскага абслугоўвання, немагчымасцю трапіць на прыём да вузкага спецыяліста, асабліва на раёне. З-за недахопу медыцынскага абсталявання няма магчымасці хутка прайсці пэўныя працэдуры накшталт МРТ, УГД.

Турбуюць насельніцтва вобласці таксама пытанні работы транспарту (крыўдна, калі аўтобус праязджае міма твайго населенага пункта без спынення), аграпрамысловага комплексу (здатчыкі малака лічаць, што ім заніжаюць тлустасць іх прадукту), гандлю, органаў унутраных спраў, адукацыі і навукі, культуры і спорту, інфармацыі і сувязі. Па кожным са зваротаў атрыманы адказы, прычым па 378 прыняты станоўчыя рашэнні.

Аматары ставіць пытанні

Галоўны спецыяліст Наталля Дашкова.

Ёсць ва ўпраўленні асобная папка са спісам грамадзян, якія неаднаразова звярталіся на «суботнія» лініі. Дасье зроблена выключна дзеля таго, каб не выконваць бессэнсоўную работу. Гэтыя людзі часцей за ўсё задаюць адно і тое ж пытанне. Ім ужо быў дадзены адказ, але яны спадзяюцца, што такім чынам дамогуцца рашэння, якое іх больш задаволіць.

— Заканадаўствам прадугледжана: калі заяўнік звяртаўся і атрымаў аргументаваны адказ, перапіска з ім можа быць прыпынена, — тлумачыць Наталля Дашкова. — На сёння ў спісе 23 прозвішчы. І мы яго пастаянна актуалізуем. Ёсць там таксама людзі, якія рэгулярна тэлефануюць, але кожны раз ставяць новыя пытанні. Карыстаюцца тым, што такая форма работы вельмі зручная.

Нярэдка аблвыканкам выконвае пасрэдніцкія функцыі паміж чалавекам і арганізацыяй, да якой адрасуецца пытанне. Хоць у Магілёве працуе адзіная дыспетчарская служба 115. Не трэба запамінаць тэлефоны ЖЭУ, ЖРЭУ — любое пытанне па камунальнай гаспадарцы вырашаецца па гэтым тэлефоне. Але людзі ўсё роўна чакаюць суботы, тэлефануюць і скардзяцца. Між тым вырашыць пытанне можна было значна раней.

Найбольш актыўныя скаржнікі — магіляўчане (46 % ад агульнай лічбы), на другім месцы — жыхары Магілёўскага раёна і Бабруйска. Летась у параўнанні з папярэднім годам паменшылася колькасць зваротаў з Асіповіцкага, Кіраўскага, Шклоўскага і Чэрыкаўскага раёнаў. Сельскія выканаўчыя камітэты таксама праводзяць прамыя лініі, але званкі да іх паступаюць на мабільны тэлефон. Гэта зроблена для таго, каб не прывязваць прадстаўніка сельскай улады да кабінета. У яго, у адрозненне ад вышэйстаячых калег, акрамя кіраўніка справамі, ніякіх памочнікаў няма.

Лятучы атрад

Акрамя вусных, існуюць яшчэ пісьмовыя і электронныя звароты, а таксама тыя, што разглядаюцца падчас асабістых прыёмаў. Летась іх паступіла ў аблвыканкам больш чым 2900. Бывае, што заяўнік патэлефанаваў, а потым яшчэ прыйшоў або напісаў. Усе гэтыя сігналы рэгіструюцца, і па іх пачынаюць працаваць спецыялісты — супрацоўнікі ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. У Магілёўскім аблвыканкаме такіх усяго пяць.

— І ўсе любяць сваю работу. За кожным лістом, званком — праблема чалавека. Ён жа не проста дзеля забавы вырашыў да нас звярнуцца, нешта сапраўды яго турбуе. І мы павінны яму дапамагчы, — кажа Наталля Дашкова.

Выпадкі бываюць розныя: здараецца, звоніць нехта раззлаваны, пачынаеш з ім па-добраму размаўляць, і чалавек супакойваецца... Супрацоўнікі нашага ўпраўлення — стрэсаўстойлівыя людзі, мы жартам называем сябе «лятучы атрад». І тое, што 36 % зваротаў з тых пытанняў, якія паступалі летась на суботнюю тэлефонную лінію, вырашыліся станоўча, лічы, і наша заслуга.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Зручная сувязь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».