Вы тут

Орша: перазагрузка эканомікі


У Аршанскім раёне дзякуючы адпаведнаму прэзідэнцкаму Указу № 506 створаны прывабныя ўмовы для дзейнасці бізнесу. Зроблена і робіцца многае, каб дзяржаўныя прадпрыемствы атрымалі другое дыханне. У інтэрнэце людзі дзеляцца думкамі і прагнозамі. У прыватнасці, кажуць пра Аршаншчыну як пра гэткі аналаг афшора. Некаторыя прагназуюць, што на асобна ўзятай тэрыторыі пры правільнай рэалізацыі задуманага можна атрымаць эканамічны цуд, — маючы на ўвазе падатковыя і іншыя паслабленні. А што на самай справе?


Каб жылося лепш

Указ № 506 кіраўніка дзяржавы, які датычыцца развіцця Аршанскага раёна, сёння на слыху. Нагадаю, што ён падпісаны 31 снежня 2018 года і стаў чаканным і, безумоўна, добрым навагоднім падарункам для мясцовага насельніцтва і дзелавых людзей.

Тым, хто нешта дадумвае, пераказвае, чытае каментарыі не заўсёды адэкватных «экспертаў», раю знайсці ў сеціве арыгінал дакумента і праграму развіцця раёна (напрыклад, на httр://рrаvо.bу/). На шасцідзесяці старонках вельмі даступна напісана, для чаго і для каго ўказ з'явіўся на свет.

Як нагадаў першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, указ падпісаны, каб стварыць умовы для комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, павышэння якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва. А таксама для стымулявання прадпрымальніцтва, для ўкладання сродкаў у рэгіён, для росту даходаў мясцовага бюджэту.

Старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачанка ў размове з журналістамі канстатаваў, што рэалізацыя праграмы развіцця накіравана на вырашэнне ключавых праблем, фарміраванне доўгатэрміновай асновы ўстойлівага росту эканомікі і яе канкурэнтаздольнасці. Паралельна адбудзецца і павышэнне ўзроўню дабрабыту грамадзян. Запланавана, што прадукцыйнасць працы павялічыцца ў 1,9 раза, адпаведна, можна істотна павялічыць і заробкі.

Праграма развіцця раёна ўключае 18 падпраграм. Напрыклад, на павышэнне якасці жыцця і стварэнне камфортнага і бяспечнага асяроддзя накіравана 13 з іх: «Будаўнічы комплекс і будаўніцтва жылля», «Жыллёва-камунальныя паслугі», «Ахова здароўя», «Якасная адукацыя», «Гандаль, грамадскае харчаванне і бытавыя паслугі» і іншыя.

У выніку да канца 2023 года тэрыторыя Аршанскага раёна павінна стаць адной з найбольш прывабных у краіне для бізнесу і інвестараў. Перазагрузка, як называюць тут выкананне ўказа многія, у тым ліку і афіцыйныя асобы, дазволіць раскрыць рэгіянальныя магчымасці.

Важныя дробязі

Але не ўсім у рамках рэалізацыі названага ўказа гарантаваныя льготы і прэферэнцыі.

Начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці Валерый Лабацэвіч падкрэсліў, што трэба, каб індывідуальны прадпрымальнік, юрыдычная асоба былі не проста зарэгістраваныя ў раёне, але і ажыццяўлялі тут сваю дзейнасць. Пры гэтым ёсць нюансы, пра якія трэба ведаць, каб атрымліваць «бонусы».

Калі, напрыклад, аршанская аўдытарская фірма будзе праводзіць праверкі па-за межамі раёна з выездам супрацоўнікаў у камандзіроўкі, ільгот не чакай. Як і для прадпрыемства, адзін цэх якога ў іншым горадзе, а другі — у Оршы. У такім выпадку прэферэнцыі — толькі таму, што на Аршаншчыне.

Іншая рэч, калі, напрыклад, аршанцы закупілі дзяржанні ў абласным цэнтры або яшчэ дзе — для вырабу рыдлёвак. Але металічныя часткі робяць у Оршы, і там жа ажыццяўляецца канчатковая зборка. У такім выпадку льгота будзе мець месца.

Для тых, хто «ўпішацца» ў патрабаванні ўказа, умовы самыя прывабныя. Так, на тэрыторыі раёна ўсталёўваецца асаблівы рэжым падаткаабкладання як для новых, так і для дзеючых суб'ектаў гаспадарання. У прыватнасці, прадпрыемствы будуць вызваленыя ад выплаты падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання.

І мінімум праверак

І гэта яшчэ не ўсё. Напрыклад, памяншаюцца адлічэнні на пенсійнае страхаванне, а адтэрміноўка (растэрміноўка) па выплаце падаткаў будзе адбывацца без налічэння працэнтаў за яе выкарыстанне.

Дазваляецца прымяненне будаўнічых і тэхнічных нормаў, устаноўленых у ЕС, ЕАЭС і КНР, — з правядзеннем дзяржаўных экспертыз праектнай дакументацыі без яе адаптацыі да нарматываў.

Пры стварэнні або пашырэнні вытворчасцяў прадпрыемствы раёна вызваляюцца ад пакрыцця страт сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай вытворчасцяў. Як і ад кампенсацыйных выплат кошту выдаленых аб'ектаў расліннага свету.

Ёсць і іншыя прывілеі і прывабныя нюансы. Скажам, гарантуецца, можна сказаць, вельмі лаяльнае стаўленне да суб'ектаў гаспадарання з боку наглядных і праваахоўных органаў. Канешне, калі не ідзе размова пра грубае парушэнне заканадаўства. У Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці нават ёсць адпаведная гарачая лінія. Можна патэлефанаваць і паведаміць, калі ёсць сумненне ў правільнасці візіту «рэвізораў» з розных ведамстваў.

«МС» і надалей будзе адсочваць, як рэалізуецца ўказ, расказваць пра новыя вытворчасці, мадэрнізацыю існуючых прадпрыемстваў, стварэнне новых рабочых месцаў. Як вядома, потым напрацаваны вопыт будзе выкарыстоўвацца ў іншых раёнах краіны. Таму тэма цікавіць усіх.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».