Вы тут

Нізкі старт у Тэль-Авіў


На гэтым тыдні Белтэлерадыёкампанія абвясціла аб пачатку прыёму заявак ад ахвотных прадставіць нашу краіну на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2019». Сёлета нацыянальны адбор пачынаецца, бадай, як ніколі позна, але ў медыяхолдынгу справядліва заўважаюць: артысты, якія сапраўды зацікаўленыя ўзяць удзел у конкурсе, разумеюць, што канкурэнтаздольны хіт не напішаш за некалькі дзён, а таму рыхтавацца пачынаюць загадзя і далей толькі чакаюць афіцыйнай «адмашкі».


Сёлета тэрміны адбору больш чым сціслыя: заяўкі прымаюць выключна ў электронным выглядзе на сайце www.tvr.by да 31 студзеня — а значыць, ніякіх там чаканняў да апошняга і спрэчак наконт даты адпраўкі заказных бандэроляў. У тэрмін да 4 лютага спецыяльна сабраная фокус-група разгледзіць заяўкі і правядзе праслухоўванне кандыдатаў — па добрай традыцыі, убачыць яго можна будзе ў анлайн-рэжыме на сайце Белтэлерадыёкампаніі. А да 8 сакавіка максімум дзесяць фіналістаў адбору мусяць прадставіць беларускім гледачам і экспертам са сферы музыкі, тэлебачання і шоу-бізнесу свае конкурсныя нумары ў гала-канцэрце. Хто акажацца найбольш пераканаўчым, цікавым, меладычным, дый проста ўдачлівым, той па суме балаў і атрымае тытул пераможцы — плюс музычную пуцёўку ў Тэль-Авіў (Ізраіль), дзе з 14 да 18 мая гэтага года 43 краіны-ўдзельніцы выступяць у чарговым «Еўрабачанні».

Цікавая акалічнасць: упершыню ў якасці суарганізатара праекта выступае Міністэрства культуры. Яшчэ адна вартая ўвагі дэталь: пераможцу на нацыянальным этапе вызначае толькі прафесійнае журы, без уліку ацэнак гледачоў, — прычым галасаванне суддзяў будзе праходзіць публічна (што выключае, з аднаго боку, магчымасць «накруткі» галасоў праз пакупку SІM-картак, а з другога, мусіць прадэманстраваць неангажаванасць журы). Акрамя таго, два фіналісты, якія зоймуць другое і трэцяе месцы, будуць занесеныя ў рэзерв — на той выпадак, калі пераможца адбору не зможа ўзяць удзел у конкурсе альбо з тых ці іншых прычын будзе дыскваліфікаваны арганізатарамі. Здаецца, гэта вецер перамен падзьмуў у вялікай тэлевізійнай студыі?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.