Вы тут

Усё, што вы хацелі спытаць аб жыллёвым заканадаўстве


Якія падводныя камяні могуць чакаць пры куплі кватэры ў растэрміноўку? Ці падлягае падаткаабкладанню падораная кватэра? Ці можна аспрэчыць дагавор дарэння? Як падзяліць асабовы рахунак? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна было пачуць падчас прамой тэлефоннай лініі, якая адбылася 23 студзеня з гасцямі нашай рэдакцыі — адвакатамі спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі № 3 па прававым забеспячэнні здзелак з нерухомасцю Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Святланай Касцевіч і Сняжанай Бахорынай.


Прапаноўваем вам адказы на найбольш тыповыя пытанні, якія паступалі на прамую лінію.

Ганна Алямпеева, Барысаўскі раён:

— Добры дзень! У мяне такое пытанне: мая сястра хоча падарыць мне дом. Калі я атрымаю гэты дом у падарунак, гэта будзе абкладацца нейкім падаткам?

— Вы маеце на ўвазе стрыечную сястру?

— Так.

— Калі гэта стрыечная сястра, вы заплаціце падаходны падатак — 13 % ад кошту дома.

— Я ёй сказала: ты спытай спачатку ў сваіх сыноў, раптам яны будуць супраць? Каб мне потым па судах не хадзіць...

— Ваша сястра можа напісаць завяшчанне, і калі ў яе не будзе блізкіх сваякоў — дзяцей, мужа, якія з'яўляюцца непрацаздольнымі, напрыклад інвалідамі, — то вы па завяшчанні атрымаеце і так. І не трэба будзе плаціць ніякага падатку. Ці яна можа прадаць вам гэты дом. Калі яна не адчужала нерухомасць за апошнія пяць гадоў, то падатак таксама выплачваць не трэба будзе.

Таццяна Лобач, Вілейка:

— Мая дачка жыве з маладым чалавекам, яны будуць афармляць шлюб. Збіраюцца купляць кватэру. Я хацела б нейкую частку грошай ёй падарыць, каб пасля куплі кватэры яна лічылася толькі маёмасцю дачкі. Якім чынам гэта можна зрабіць?

— Калі ваша дачка атрымае дакументы на кватэру, не будучы ў шлюбе, то гэтая кватэра будзе лічыцца яе асабістай уласнасцю, набытай да шлюбу. Калі ж яна выйдзе замуж і толькі потым набудзе кватэру, то гэтая кватэра стане лічыцца ўжо яе сумеснай уласнасцю з мужам. Вы можаце скласці дагавор дарэння грашовых сродкаў і заверыць яго ў натарыуса. Але, нягледзячы на тое, што ваша дачка ўкладзе гэтыя грошы ў куплю кватэры, апошняя ўсё роўна будзе лічыцца сумеснай уласнасцю, бо была набыта ў перыяд шлюбу. Толькі ў выпадку заключэння шлюбнага дагавора паміж вашай дачкой і яе мужам дачка зможа прэтэндаваць на павелічэнне сваёй долі ў гэтай кватэры ў выпадку скасавання шлюбу. У цяперашні час іншай практыкі няма і пакуль не прадбачыцца. Як варыянт: калі вы даяце грошы на гэтую кватэру, афармляйце яе на сябе, а потым падарыце яе дачцэ.

(Працяг «Прамой лініі» чытайце ў найбліжэйшых нумарах «Звязды».)

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».