Вы тут

Што сёлета зменіцца ў капрамонце?


Лоджыя замест балкона, электрыка ўзамен печы і газавай калонкі.

Планавацца, праводзіцца і фінансавацца капрамонт сёлета будзе па-новаму. Дзяржпраграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» запланавана капітальна адрамантаваць 3,2 млн м2 жылля. Гэта прыкладна 2,9 % ад усяго жылфонду краіны. У дамах можна будзе, напрыклад, наладжваць сістэмы дыстанцыйнага здымання паказчыкаў з прыбораў індывідуальнага ўліку расходу вады, газу, цяпла, а балконы — пераўтвараць у лоджыі, калі папярэднюю канструкцыю тэхнічна немагчыма або нязручна адрамантаваць.


Работ больш, тарыфы — ранейшыя

Пастановай Саўміна пашыраны пералік работ, якія будуць выконвацца за кошт мясцовага бюджэту і адлічэнняў на капрамонт грамадзян. Акрамя ўжо існуючых, сюды далучаць, напрыклад, магчымасць уладкавання рэцыркуляцыі ўнутрыдамавой сістэмы гарачага водазабеспячэння, што зробіць гэтую паслугу больш якаснай. Не прыйдзецца доўгі час зліваць ваду, пакуль яна стане гарачай.

Прадугледжаны таксама перавод пячнога ці газавага індывідуальнага ацяплення або гарачага водазабеспячэння на электрычнае, а таксама ўладкаванне і рамонт сістэм дымавыдалення.

— Гэта звязана з тым, што існуюць пытанні пры ацяпленні і гарачым водазабеспячэнні ад індывідуальных газавых калонак і печаў, — растлумачыў Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ. — Неабходнасць пераводу сістэмы ацяплення з аднаго віду ў другі павінны планаваць мясцовыя органы. У межах правядзення капрамонту ім даручана ўключыць жылыя дамы, дзе патрабуецца замена, у графікі і тытульныя спісы.

На ацяпляльных прыборах у кватэрах мажліва ўстанаўліваць тэрмарэгулятары. Дыстанцыйнае здыманне паказчыкаў з іх скіравана на паляпшэнне якасці аказання жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) і забеспячэнне максімальнай зручнасці пры арганізацыі разлікаў за ўжытыя паслугі. Не трэба будзе падаваць у разлікова-даведачныя цэнтры лічбы з прыбораў уліку. А пакватэрны ўлік цеплаэнергіі праз сістэмы рэгулявання дазволіць людзям самастойна кантраляваць колькасць спажытага цяпла і разлічвацца выключна за яе, дадаў прадстаўнік ЖКГ:

— Мы павінны даць спажыўцу магчымасць займацца пытаннямі рэгулявання. Разлічвацца па прыборах ці не — яго асабістае рашэнне. Аднак, як паказвае практыка, дамы, дзе займаюцца хаця б агульным рэгуляваннем цепласпажывання, скарачаюць яго аб'ёмы прыкладна на 12 %. Рэгуляванне дазволіць таксама пазбегнуць перагрэву ў памяшканнях. Гэта мерапрыемства на перспектыву.

Таварыствы ўласнікаў і цеплавая мадэрнізацыя

Уводзіцца ў эксплуатацыю адрамантаваныя будынкі будуць пасля выканання ўсяго комплексу работ, а не асобных яго частак, што дазволіць пазбавіцца нараканняў на недаробкі. Уласнікі жылля змогуць фактычна самастойна прымаць рашэнні адносна работ планаванага капрамонту дома, бо агульны сход мае адбывацца яшчэ на стадыі праектавання, а не напярэдадні пачатку работ.

— Здараецца, што ў доме нешта недаабследавалі, да кагосьці не дайшлі. Адпаведна, пэўныя работы выпадаюць з праекта, які ўжо гатовы. Трэба, каб у праектна-каштарысную дакументацыю ўвайшлі работы, якія непасрэдна звязаны з унутранай часткай жылых памяшканняў. Каб дайшлі да кожнага, прычым з удзелам спажыўцоў, — заўважыў Андрэй Рамашка.

У пастанове № 39 улічана таксама планаваная ў краіне цеплавая мадэрнізацыя, якая ў далейшым дазволіць падчас капрамонту (з улікам пажаданняў уласнікаў) правесці мадэрнізацыю на пэўных умовах: з удзелам дзяржавы, растэрміноўкай і г. д.

Пры вызначэнні аб'ёмаў цеплавой мадэрнізацыі будзе прапанавана некалькі варыянтаў адпаведна эфекту і кошту, які выберуць самі ўласнікі.

Таварыствы ўласнікаў цяпер таксама могуць далучыцца да капрамонту ў межах дзяржпраграмы, дадаў спецыяліст:

— Устаноўлены дакладны механізм разліку сродкаў, неабходных пры правядзенні капрамонту, якія таварыствы ўласнікаў (ТУ) ці арганізацыі-забудоўшчыкі павінны былі акумуляваць на сваім рахунку або пераводзіць на рахунак мясцовага бюджэту. Да гэтага, калі падчас усяго перыяду эксплуатацыі будынку ці толькі пэўны тэрмін грошы на рахунак бюджэту не ўносіліся, ТУ фактычна не мелі права ўдзельнічаць у агульнадзяржаўнай праграме капрамонту. Цяпер пасля ўнясення адпаведнай сумы адлічэнняў яны могуць далучыцца да дзяржпраграмы.

Пры ўсіх новаўвядзеннях тарыфы адлічэнняў на капрамонт для людзей будуць узрастаць толькі ў межах павелічэння ўсяго комплексу жыллёва-камунальных паслуг штогод, што абумоўлена Указам № 550. Цяпер насельніцтва аплачвае прыкладна трэць кошту капрамонту.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».