Вы тут

Пра неіснуючую нявесту, няверную жонку і пра тых, каго не бачым


Мой аўторак на гэтым тыдні зрабілі наіўныя палешукі. Не хачу пакрыўдзіць астатніх жыхароў Палесся, яны хутчэй кемлівыя і хітрыя ў добрым сэнсе, але ж два выпадкі з гэтымі — ну проста песня. Кожны раз, прачытаўшы падобныя навіны, дзівішся: як такое можа быць? Але тут сумненняў няма ніякіх, бо крыніцы інфармацыі самыя што ні ёсць сур'ёзныя: у першым выпадку Следчы камітэт, у другім — Камітэт судовых экспертыз. Зрэшты, аб усім па парадку.


Жыў сабе ў Столінскім раёне стараваты ўжо халасцяк — узрост блізіўся да сарака. Ці думаў ён жаніцца — гісторыя замоўчвае, а вось кватаранта ўзяць, напэўна, хацеў. Інакш навошта яму было званіць па аб'яве, якую нібыта дала дзяўчына, што шукала кватэру для арэнды. Трубку зняла «маці» патэнцыйнай арандатаркі, і тут пачалася сапраўдная «Санта Барбара». Бо, кажучы сухой мовай следчага пратакола, «падчас рэгулярных тэлефонных размоў 47-гадовая жанчына пераканала мужчыну, што яе дачка хоча ўзяць з ім шлюб». «Дачкі», як вы разумееце, не было ўвогуле, але спрытная махлярка вадзіла дзецюка за нос тры гады. Пры гэтым выцыганіла ў яго за гэты час — набярыце пабольш паветра — больш за чатыры тысячы рублёў і без малога дваццаць дзевяць тысяч долараў! Прычым зрабіла гэта віртуозна, скарыстаўшыся жаданнем халасцяка ажаніцца што б там ні было і менавіта з яе «дачкой». А паколькі прад'явіць «дачку» ніякіх магчымасцяў не было з прычыны яе элементарнай адсутнасці, махлярка выдумляла розныя прычыны. Спачатку «нявесце» патрэбна была аперацыя на сэрцы, наступная рэабілітацыя і адпаведныя сродкі на гэта (якія расчулены «жаніх» тут жа выдаваў). А калі «хворая» паправілася і суджаны захацеў яе хоць бы ўбачыць, будучая «цешча» яму напляла, што гэтага ніяк нельга, бо бачыцца да вяселля ім настойліва не раіць... экстрасэнс.

Пэўна, махлярка сама валодае нейкімі звышздольнасцямі пераканання, інакш як растлумачыць, што на падобную ахінею мужчына вёўся тры гады і спраўна плаціў. Прычым пацярпелы яўна не дурань — у дурня такія вялікія сумы ў свабодным доступе наўрад ці знойдуцца.

Другая справа — з Драгічына, таксама пра «развод» на грошы. Тут, праўда, больш празаічна, але не менш цікава. Мужчына развёўся са сваёй палавінай больш за дзесяць гадоў назад і спраўна плаціў аліменты на іхніх траіх дзяцей. А некалькі месяцаў таму перастаў: засумняваўся, што дзеці ягоныя (думаю, тут не абышлося без якой «добразычлівай» сяброўкі ці суседкі). Былая жонка, перастаўшы атрымліваць грошы, звярнулася з заявай у міліцыю. Але аліментшчык не спалохаўся і заявіў: плаціць больш не буду, дзеці — не мае. Давялося прыцягнуць да справы генетычную экспертызу.

І што вы думаеце: дзеці сапраўды аказаліся не яго — усе трое! Мала таго, што на галаве ад рагоў жывога месца няма, — а колькі грошай за дзесяць гадоў аддаў чужым дзецям і нявернай жанчыне. Наўрад ці хто яму тыя грошы верне: сужэнцкая нявернасць і яе наступствы ў нашым заканадаўстве як выпадак махлярства не разглядаецца...

Ніякім чынам не апраўдваю фігурантак гэтых спраў, але і тым, хто збіраецца сказаць: «Усе бабы — сцервы!», спяшацца з высновамі таксама не раю. Задам чыста жаночае, напэўна, пытанне: а куды глядзелі, і чым, выбачайце, думалі самі пацярпелыя? Калі ў другім выпадку яшчэ можна западозрыць усёпаглынальнае каханне, якое на нейкі час засланіла мужыку вочы, то «завочнае сватанне» ў наш час увогуле павінна выглядаць як сцэна з тэатра абсурду. Зрэшты, падобных пастановак хапае: паглядзіце, колькі нашых жанчын становяцца ахвярамі шлюбных аферыстаў. І добра, калі за страчаныя грошы няшчасная атрымлівае хоць трохі такой жаданай пяшчоты ад альфонса. Але ж нярэдка, як і ў выпадку з неіснуючай нявестай, значныя сумы пасылаюцца на рахунак гэткага ж самага прывіднага жаніха, у якога то праблемы са здароўем, то з выплатай пазыкі, то няма грошай на білет...

Чаму ў пошуках сваёй палавінкі, свайго асабістага шчасця людзі ў наш час становяцца такімі даверлівымі і наіўнымі? Даверлівымі і наіўнымі на мяжы з глупствам і ад гэтага — безабароннымі. Можа, таму, што перасталі заўважаць тых, хто побач, перасталі глядзець адно аднаму ў вочы? Людзі цяпер не знаёмяцца на вуліцах, у грамадскім транспарце, яны адно аднаго проста не заўважаюць, бо ўсе — і маладзейшыя і сталыя — едуць, уткнуўшы нос у смартфон, планшэт, электронную кнігу. Увесь дзень — работа, а ў перапынках — сацыяльныя сеткі, і тых, хто вакол, таксама не заўважаеш (мне нядаўна расказалі пра аднакурснікаў, якія давучыліся на адным патоку чатыры гады, а пазнаёміліся, выпадкова трапіўшы ўлетку на адзін курорт, прычым напачатку нават не зразумелі, што дагэтуль бачыліся амаль кожны дзень). Гэтым пашанцавала — яны дзякуючы выпадку адно аднаго знайшлі і справа ідзе да вяселля. А колькі «палавінак», апынуўшыся зусім блізка, так і не сустрэліся, бо адно аднаго не заўважылі. І колькі з іх пасля, ачмурэўшы ад нуды і адзіноты, кідаюцца ў абдымкі таго, хто іх не варты, хто будзе ім здраджваць і падманваць, ці трапляюць ва ўчэпістыя рукі віртуальных цынічных махляроў, якіх нічога не цікавіць, акрамя нажывы.

Спадзяюся, тыя падманутыя хлопцы ўсё ж знойдуць сваё шчасце. Крыху, канешне, панаракаюць на ўвесь жаночы род, а пасля, дасць бог, і вакол азірнуцца. І ўбачаць нарэшце, колькі побач добрых, прыгожых, сумленных, сапраўдных. Да таго ж у краіне, дзе на дзевяць мужчын ажно дзесяць з паловай жанчын.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.