Вы тут

“Казачок” у Калодзішчах


Прыгожае свята пад назвай “Украінскія вячоркі” правялі ў мінскім прыгарадзе сябры суполкі “Обрій”


Выступаюць артысты музычнага тэатра “Надія”

Пасёлак Калодзішчы — побач з Мінскам, там жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Якраз у гэтым прыгарадзе ў 1992 годзе ўкраінцы стварылі Культурна-асветнае таварыства “Обрій” (“Далягляд”). Пазней, дарэчы, па ініцыятыве “Обрія” і ў шэрагу іншых месцаў Беларусі ўтварыліся суполкі ўкраінцаў. А ў Калодзішчах часта ладзяць вечарыны, творчыя імпрэзы нашы сябры-ўкраінцы, якія стала жывуць у Беларусі. Я быў там на вечарыне, прысвечанай Кабзару — Тарасу Шаўчэнку, і ў 2016-м годзе пісаў у “Голасе Радзімы” пра тую падзею.

А нядаўна, у снежні, у пасялковым Доме культуры, дзе кіраўніком ініцыятыўная Вольга Жылко, зладзілі светлае, прыгожае свята “Украінскія вячоркі”. Ва ўтульнай зале, упрыгожанай украінскімі ручнікамі, фотаздымкамі мастацкіх калектываў, сабралася шмат гледачоў: як з Калодзішчаў, так і з іншых гарадоў краіны. І пакуль доўжыўся, больш чым дзве гадзіны, канцэрт, у зале панавала атмасфера сардэчнай радасці, амаль сямейнага свята. Праграму ж вяла кіраўніца “Обрія” Таццяна Бей. Перад кожным нумарам распавядала пра святы й прысвяткі снежня месяца ды як іх святкуюць на Украіне. У канцэрце ж паўдзельнічалі народны калектыў Музычнага тэатра “Надія” (кіраўнік І. Несцярчук), гурты “Вольніца”, “Пісочніца” ды іншыя. З вялікім майстэрствам украінскія народныя песні выконвалі салісты Раман Рафеенка, Ліза Рэут, Ліля Грышчанка. Весяліў гледачоў сваімі байкамі Аляксандр Глушкоў. З вялікім замілаваннем сустрэлі гледачы выступленне дзіцячага харэаграфічнага гурта “Пісочніца”, які выканаў іскрамётны танец “Букавінскія каламыйкі”. А калі Марыя Рудык і Ала Шэко спявалі “Рэквіем”, прысвечаны загінулым героям Украіны, то ўсе ў зале слухалі песню стоячы.

Напрыканцы канцэрта быў майстар-клас: артысты ансамбля “Вольніца” дапамагалі гледачам асвоіць асноўныя элементы знакамітага ўкраінскага танца “Казачок”. Да тых, хто навучаўся майстэрству, далучыліся Першы сакратар Амбасады Украіны ў Беларусі Іван Башняк з унучкай. Дыпламат пазней уручыў граматы-падзякі ад Амбасады Украіны кіраўніцы “Обрія” Таццяне Бей, народнаму калектыву Музычнага тэатра “Надія”, гурту “Пісочніца”, а таксама Ліліі Грышчанцы й Лізе Рэут.

На “Украінскіх вячорках” яшчэ казалі: беларускіх украінцаў ведаюць і ў замежжы не толькі дзякуючы песням ды танцам, з якімі выступалі яны ў многіх гарадах Беларусі, у Чэхіі, Балгарыі, Славакіі ды іншых краінах Еўропы. Таццяна Бей нагадала, што сябры суполкі “Обрій” на тэрыторыі Беларусі высадзілі больш за 4 тысячы саджанцаў дуба, якія ўтвараюць сёння так званыя “Шаўчэнкаўскія гаі”. Вось так, у прыгожых і карысных справах мацнее дружба паміж украінскім і беларускім народамі. Прычым і рэсурс “народнай дыпламатыі” ў гэтым сяброўстве — найкаштоўны. Акрамя “Обрія”, вызначаюцца ў Беларусі грамадскай актыўнасцю суполкі ўкраінцаў “Трэмбіта”, “Берегіня”, “Барвінок” ды іншыя.

Лявон Целеш

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.